«Гары яны гарам». На беларускіх палях з'явіліся танкі пад чырвонымі сцягамі: «гістарычная памяць» з саломы


Беларусь у жніўні і верасні працягвае бавіцца ў вайсковыя вучэнні ды кубікі – у цюкі на калгасных палях. Краіна нагадвае часам адну вялікую саламяную інсталяцыю. Трошкі трэшу, трошкі настальгіі – і бясконцыя дажынкі з усходу на захад. З году ў год адное і тое ж. Але сёлета на беларускіх палях зʼявіліся танкі…

Саламяны танк на Гарадзеншчыне.
Фота: Багдан Каравец

Мастацтва мусіць адлюстроўваць рэальнасць. Ну дык чаму не танкі? Не, акупоўваць калгасныя палі Сінявокай Лукашэнка не збіраецца, бо даўно акупаваў. Але саламянымі рулямі цэліцца ў «гістарычную памяць».

Карацей, вывесці танкі на палі, клапатліва жатыя, дажатыя і пазграбаныя працавітымі рукамі беларускіх хлебаробаў, не атрымалася. Калі хтосьці і чакаў, што мірныя беларусы адкінуць у бок вілы і складуць усёй грамадой з саламяных цюкоў атамную зброю на страх «загніваючаму» захаду, то спецыяльная аперацыя правалілася.

Танк у Старадарожскім раёне Менскай вобласці (ААТ «Арэса-Агра»). Крыніца фота: mlyn.by

Наскрэблі на некалькі танкаў адчэпнага. Ды і тыя – з кавуновымі коламі ды чырвоным сцягам без зялёнай паласы. Не ўражвае. Але гарэць, напэўна, пасля ўсіх дажынкаўскіх марафонаў будуць за мілую душу.

Як толькі ні называлі злыя журналісцкія языкі саламяныя інсталяцыі беларускіх хлебаробаў – і агратрэшам, і «калгасным кічам», і «дажынкаўскім сіндромам». Але штосьці ёсць у гэтых кампазіцыях незаганнае, безабароннае, нават цнатлівае, штось ад «хрустальнага сасуда».

Саламяная кампазіцыя на Глыбоччыне. Крыніца фота: malanka.media

У прынцыпе, кожную такую фігуру можна было б прыправіць цытатай з выказванняў галоўнага «землепашца» краіны. Напрыклад, чаму б тут, пад саламянай хаткай з надпісам «Не прадаецца хатка бацькоў», не напісаць проста і ясна: «Любімую не аддаюць»…

Кампазіцыя «Хата бацькоў» у Клецкім раёне.
Фота: kleck.by

«Коштам высілкаў усяго беларускага народу, коштам працы беларускага народу мы стваралі вось гэтыя праекты. Так, было няпроста, але нашыя беларусы вытрымалі… У іншым выпадку нам не было б чым не толькі карміць сябе, але і прадаваць на экспарт – 7 мільярдаў долараў валюты атрымліваем», – хваліў Лукашэнка працаўнікоў сельскай гаспадаркі ў жніўні ў Пружанскім раёне.

Дарэчы, што да грошай, пераможцам у абласным конкурсе (прынамсі ў Менскай вобласці) на найлепшую кампазіцыю абяцаюць выдаць прыз на 30 базавых велічынь.

Інсталяцыя ў Менскім раёне.
Фота: pristalica.by

Між тым, тэма грошай зусім не раскрываецца ў саламянай беларускай «скульптуры». Беларускі селянін хітра хавае сваю сытасць і заможнасць да лепшых часоў, канцэнтруючы ўвагу на мінуўшчыне. Прычым выключна на той, якую патрабуюць дырэктывы з райцэнтраў. Нічога не паробіш – «Год гістарычнай памяці!»

Фота: kopyl.by

Акурат таму беларускія краявіды апанавалі сёлета алімпійскія мішкі і кольцы з 1980-га. Хочаш нашай памяці? Бяры.

Фота: kopyl.by
Фота: kopyl.by

Сваю лепту ўнёс і БРСМ, які заўсёды славіўся далікатнай крэатыўнасцю («Захаваем традыцыі будаўнікоў будучыні») і тонкім пачуццём «гістарычнай памяці».

Фота: zelwa.by

Заўважым таксама, што ўсе мужчыны на інсталяцыях вусатыя і троху незадаволеныя (жыццём, жонкай, надворʼем, якасцю саломы?). Амаль усе.

Фота: kopyl.by

Многія вобразы па-сапраўднаму расчульваюць. Каты, сабакі, міньёны (верх крэатыву і сучаснасці!).

Міньёны на беларускай глебе. ААТ “Ціміразеўскі” у Копыльскім раёне.
Фота: kopyl.by

Аж так, што зʼяўляецца спакуса націснуць на тармазы (хоць ляціш па трасе за сотню), выбегчы з аўтамабіля, удыхнуць на поўныя грудзі паветра, прасякнутага водарам беларускага жыта, і абняцца з саламяным камбайнерам, які яшчэ да дажынак згубіў недзе і вусы, і ўсякую цікавасць да навакольнай рэчаіснасці.

Фота: janow.by

Проста так. Абняцца, каб не балела. Каб хоць неяк сагрэць гэтую «гістарычную памяць».

Фота: mlyn.by

Але не спыняешся. Ляціш далей. З усходу на захад. І гары яно гарам…

Аналітыка
Мільярд долараў за падатковы суверэнітэт. Лукашэнка загадаў прадаць Расеі чарговы кавалак незалежнасці
2022.09.21 08:40

Зміцер Міраш belsat.eu  

Стужка навінаў