Палітычны крызіс у Беларусі працягваецца з 9 жніўня мінулага году. Ужо 408 дзён адбываецца супрацьстаянне грамадзянаў з уладамі краіны. «Белсат» падводзіць вынікі 22 верасня.
На дзяржаўным прадпрыемстве «Горадня Азот» працягваецца ціск на незалежныя прафсаюзы. За апошнія дні затрымалі як мінімум сем супрацоўнікаў.
«Учора затрымалі майго намесніка Валянціна Цераневіча, а сёння ягоную жонку вырвалі з працы дзеля нейкіх следчых дзеянняў», – паведаміў «Салідарнасці» старшыня першаснай арганізацыі незалежнага прафсаюзу «Горадня Азот» Андрэй Ханевіч.
Таксама тэлеграм-канал стачкаму паведамляе, што сёння былі затрыманыя майстар рамонту абсталявання цэху «Аміяк-3» Рыгор Рубан, майстар змены таго ж цэху Дзмітрый Ілюшчанка і машыніст помпавых установак цэху «Карбамід-2» Аляксей Сідар, які сышоў у забастоўку.
Напярэдадні затрымалі яшчэ двух чальцоў страйкаму Андрэя Пагерылу і Уладзіміра Жураўку.
Рэдакцыя Hrodna.Life атрымала пастанову за подпісам в.а. абласнога пракурора Эдуарда Бурака, якую ведамства накіравала 16 верасня ў Міністэрства сувязі і інфарматызацыі ў дзяржінспекцыю па электрасувязі. У пастанове пазначана, што пракуратура патрабуе абмежаваць доступ да сайту.
З пачатку верасня ў Будславе працаўнікі здолелі змантаваць металаканструкцыі касцёльнага даху, завяршылі падстрахоўку купала і накрылі 45 % даху.
Паводле апошніх звестак на пачатак верасня, на аднаўленне касцёлу ахвяравалі каля 1,21 млн рублёў, аднак гэтай сумы ўсё адно не хапае для правядзення ўсіх работаў.
Ахвяраваць грошы на аднаўленне святыні можна на сайце budslau.by.
З 22 верасня Літва стварыла для ўцекачоў магчымасць прасіць прытулку ў амбасадзе краіны ў Беларусі. Адпаведны ўказ падпісаў міністр абароны суседняй краіны Арвідас Анушаўскас, паведамляе літоўскі партал Delfi.lt.
«Прашэнні замежных грамадзянаў аб прадастаўленні прытулку могуць падавацца ў пасольстве Літоўскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь», – гаворыцца ў дакуменце.
Слуханні аб змаганні за справядлівасць і свабоду ў Беларусі 21 верасня прайшлі ў Камісіі бяспекі і супрацы ў Еўропе (Хельсінкскай камісіі) Кангрэсу Злучаных Штатаў. Гэтую камісію стварылі ў 1975 годзе, каб кантраляваць выкананне Хельсінкскіх пагадненняў у галіне правоў чалавека.
Упраўленне вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў (УВКБ) і Міжнародная арганізацыя па міграцыі (МАМ) запатрабавалі расследаваць гібель бежанцаў з краін Блізкага Усходу на мяжы Польшчы і Беларусі. Адпаведная заява з’явілася на сайце УВКБ.
У арганізацыях адзначаюць, што колькасць выпадкаў смерці і цяжкіх раненняў сярод нелегальных мігрантаў пастаянна павялічваецца, што выклікае сурʼёзную заклапочанасць у міжнароднай грамадскасці. І хоць дзяржавы маюць суверэннае права кіраваць сваімі межамі, у дадзеным выпадку трэба дзейнічаць згодна міжнародным прававым нормам, аддаючы прыярытэт захаванню правоў чалавека, уключаючы права шукаць прытулак.
СК belsat.eu