Украінцы зноў нанеслі ўдары па Антонаўскім мосце ў Херсоне


У дзень расейскага сцяга 22 жніўня ўкраінскія войскі ў чарговы раз атакавалі Антонаўскі мост у Херсонскай вобласці. У ЗСУ афіцыйна пацвердзілі новыя ўдары па мосце.

Вынік удару па Антонаўскім мосце 22 жніўня.
Фота: unian.net

«Антонаўскі мост – адзін з транспартных кірункаў, які расейцы спрабуюць рэанімаваць, але разумеючы, што такую ​​канструкцыю нельга залатаць вядзерцам бетону, яна патрабуе досыць істотнага рамонту і тэхналагічных працэсаў… Менавіта таму мы трымаем пад кантролем і нагадваем аб сваёй прысутнасці дыстанцыйна», – заявіла на брыфінгу спікер ОК «Південь» Наталля Гумэнюк.

Таксама яна адзначыла, што ворагу не ўдасца аднавіць Антонаўскі мост.

Дарадца кіраўніка Херсонскай ОВА Сяргей Хлань таксама пацвердзіў удары па Антонаўскім мосце:

«ЗСУ зноў удараюць па Антонаўскім мосце! Не прыйшлося доўга чакаць: расейцы адрамантавалі – нашы Узброеныя сілы падкарэктавалі. Вычэрпваем ворага на Херсоншчыне», – сказаў ён.

Таксама Хлань заявіў, што ЗСУ не проста ўдарылі па мосце, а зрабілі гэта менавіта ў той момант, калі па ім рухалася калона расейскіх машын з боепрыпасамі, а аднавіць яго – немагчыма.

Відавочцы паведамляюць, што пасля новых удараў адзін з пралётаў моста абваліўся, а абломкі даляталі да пасёлка Антонаўка, размешчанага непадалёк.

Па папярэдніх дадзеных, па мосце было 8-10 «прылётаў». Паведамляецца, што перад выбухам па мосце рухаліся 9 КАМАЗаў з боепрыпасамі. Верагодна, дэтанацыя і гарэнне, якія відаць на фота з падпаленым мастом вынік траплення па аўтамабілях.

У расейскіх медыя першапачаткова заявілі, што гэта «спрацавала сістэма СПА». Аднак пазней акупацыйныя ўлады Херсоншчыны пацвердзілі ўдары па Антонаўскім мосце. Яны сцвярджаюць, што мост быў абстраляны з сістэмаў «HIMARS». Па іх дадзеным пацярпелі 15 чалавек, якія праводзілі рамонт масту пасля папярэдніх удараў.

Апошні раз украінскія вайскоўцы абстралялі Антонаўскі мост уначы 27 ліпеня. Тады расейскія ўлады запэўнівалі, што мост усё яшчэ стаіць, аднак рух па ім цалкам закрылі пасля абстрэлаў з установак «HIMARS».

Аналітыка
Эфект HIMARS. Як заходняя зброя змяняе вайну паміж Украінай і Расеяй
2022.08.05 12:28

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў