У Літве затрымалі кантрабандных цыгарэт на 32 млн еўраў. У асноўным – з Беларусі


Кантрабандныя цыгарэты.
Фота: lrmuitine.lt

За паўгода Літва затрымала кантрабанды цыгарэт на амаль € 32 млн. Пра гэта паведамілі ў літоўскай мытні.

За першае паўгоддзе 2021 года супрацоўнікі мытні канфіскавалі 8,8 млн пачкаў кантрабандных цыгарэт на суму € 31,8 млн. Гэта больш, чым за ўвесь 2019 год і прыкладна столькі ж колькі за аналагічны перыяд 2020-га.

З затрыманай кантрабанды 75% – беларускія цыгарэты. Часцей за ўсё мытнікі затрымліваюць кантрабандныя цыгарэты марак «Мінск», «Фэст», «NZ» або «Queen», вырабленыя на Гарадзенскай тытунёвай фабрыцы «Нёман».

У 72% выпадкаў кантрабанду ловяць на беларускай мяжы, 22% – унутры краіны і 6% на мяжы з Расеяй.

У мытні таксама паведамілі пра падаражэнне беларускіх кантрабандных цыгарэт. Калі ў 2019 годзе яны каштавалі € 1,4, у 2020-м – каля € 1,7, то цяпер – € 1,9 – € 2. Пры тым, што ў Беларусі іх прадаюць прыкладна па € 0,5, а з аплатай мытаў у Літве яны б каштавалі € 3,76.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў