Цяпер афіцыйна. Расея выдала спартоўца Кудзіна беларускім сілавікам


Генеральная пракуратура Беларусі заявіла, што Кудзіна ўжо даставілі ў Беларусь.

Баксёр Аляксей Кудзін.
Фота: fightnews.info

Як піша Генеральная пракуратура Беларусі, расейскія калегі перадалі Аляксея Кудзіна згодна Канвенцыі дзяржаваў – чальцоў СНД аб прававой дапамозе.

У Беларусі Кудзіна падазраюць у «Супраціве супрацоўніку органаў унутраных справаў» (ч. 2 арт. 363 КК РБ) – за гэта могуць асудзіць на пазбаўленне волі тэрмінам да сямі гадоў.

Еўрапейскі суд правоў чалавека 21 ліпеня забараніў экстрадыцыю байца Аляксея Кудзіна ў Беларусь – пагадзіўся з довадамі пра пераслед і магчымасці катавання. Аднак у той жа дзень маскоўскі апеляцыйны суд не адмяніў пастановы аб выдачы байца ММА Аляксея Кудзіна ў Беларусь, нягледзячы на забарону Еўрапейскага суда правоў чалавека.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, Кудзіна ў той жа дзень маглі даставіць у Менск. Да такой высновы прыйшлі ў камітэце «Грамадзянскае садзейнічанне», які займаўся юрыдычнай дапамогай спартоўцу.

Hавiны
У Маскве затрымалі байца MMA Аляксея Кудзіна, які адправіў у накаўт сілавіка ў Маладзечне
2021.01.21 14:13

Чэмпіён свету па кікбоксінгу і тайскім боксе Аляксей Кудзін браў удзел у жнівеньскіх пратэстах у Маладзечне, дзе жыве. Пасля затрымання Аляксей некалькі тыдняў правёў у следчым ізалятары ў Жодзіне, а 21 жніўня яго перавялі пад хатні арышт. 19 верасня ў Маладзечне павінен быў распачацца суд, але ён не прыйшоў на паседжанне – з’ехаў з краіны. Кудзіна затрымалі ў Расеі 21 студзеня.

Абноўлена: На сустрэчы з амерыканскімі кангрэсменамі Святлана Ціханоўская згадала пра справу Кудзіна: казала, што яго мусілі ўчора вызваліць, бо скончыўся 6-месячны тэрмін утрымання пад вартай, але выдалі Беларусі таемна і насуперак рашэнню Еўрапейскага суду правоў чалавека. Яна дадала, што Расея магла б заняць канструктыўную пазіцыю адносна беларускага крызісу, а гэта значыць у тым ліку і адмову выдаваць людзей у краіну, дзе ў турмах б’юць і катуюць.

Hавiны
«Даў так, што запусціў у космас». Чэмпіён свету па кікбоксінгу і тайскім боксе Аляксей Кудзін пра тое, як яго затрымлівалі
2020.12.10 19:54

АА belsat.eu

 

Стужка навінаў