Прадстаўнік Дзярждэпартаменту ЗША Нэд Прайс заявіў, што Злучаныя Штаты цвёрда падтрымліваюць Літву ў спрэчцы з Расеяй з прычыны абмежавання транзіту расейскіх тавараў у Калінінград і нагадаў пра абавязкі NATO яе абараняць.
«Мы падтрымліваем нашых саюзнікаў з NATO і мы падтрымліваем Літву. У прыватнасці, наша прыхільнасць 5-му артыкулу NATO – гэта пра тое, што напад на аднаго будзе азначаць напад на ўсіх. Гэты абавязак з боку Злучаных Штатаў ёсць непарушным», – заявіў журналістам прадстаўнік Дзярждэпартаменту Нэд Прайс.
Літва з 18 чэрвеня абмежавала транзіт у Калінінград расейскіх тавараў, якія трапілі пад санкцыі Еўразвязу. Масква пагражае літоўцам «сур’ёзнымі ды адчувальным» захадамі ў адказ. У Савеце Федэрацыі заявілі, што Расея мусіць быць гатовая развязаць пытанне транзіту «любымі спосабамі».
Ваенныя аперацыі дзеля ўрэгулявання крызісу чыняцца NATO на падставе цэнтральнага артыкулу Вашынгтонскага трактату – № 5 («Аб калектыўнай абароне»). Паводле яго, атака, скіраваная супраць аднаго або некалькіх хаўруснікаў, успрымаецца як атака на ўвесь Альянс. Артыкул № 5 трактату Альянс выкарыстаў толькі адзін раз – у адказ на тэрарыстычныя атакі, учыненыя ў ЗША 11 верасня 2001 года.
ЗК belsat.eu