Лукашэнка другі раз за месяц ляціць да Пуціна ў Маскву


Падчас сустрэчы з расейскім паслом Дзмітрыем Крутым у Менску 22 траўня Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што паслязаўтра сустрэнецца ў Маскве з Уладзімірам Пуціным для абмеркавання праблемаў, «якіх увогуле не павінна быць у нашых стасунках».

Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы з расейскім паслом Дзмітрыем Крутым у Менску 22 траўня 2023 года.
Фота: president.gov.by

«Як мне дакладвае ўрад, амаль няма ніякіх праблемаў [у стасунках паміж краінамі. – Заўвага рэд.]. Я ў гэта мала веру. Я бачу з сітуацыі, што ўсё ж праблемы ёсць, нестыкоўкі нейкія. Часам бюракратызм. Хто ў гэтым вінаваты… Каб вось, сустракаючыся паслязаўтра ў Маскве, мы з прэзідэнтам Расеі Пуціным маглі абмеркаваць і зняць тыя праблемы, якіх наагул не павінна быць у нашых стасунках», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка дадаў, што ён і прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін часта сустракаюцца. «Але гэта не для таго, каб паглядзець адзін на аднаго. Хаця і гэта важна – настроі прэзідэнтаў заўсёды важныя. Але, тым не менш, мы стараліся дапамагчы ўрадам развязаць нейкія вузлы, у тым ліку і вам», – сказаў ён Дзмітрыю Крутому.

У Маскве 24 і 25 траўня пройдзе II Еўразійскі эканамічны форум.

Мінулы раз Лукашэнка бачыўся з Пуціным 9 траўня на парадзе Перамогі ў Маскве. Пасля гэтай сустрэчы пачалі з’яўляцца чуткі пра хваробу Лукашэнкі, бо тады ўсіх уразіў ягоны хваравіты стан: ён не змог прайсці самастойна 300 метраў, а на руцэ быў заўважаны бінт. Пасля гэтага Лукашэнка амаль на тыдзень знік з публічнай прасторы.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў