Вальфовіч: «На тэрыторыю Беларусі заходзяць украінскія дыверсанты»


Дзяржаўны сакратар Савету Бяспекі Беларусі Аляксандр Вальфовіч чарговы раз выказаўся пра існаванне замежнай пагрозы для краіны, гэтым разам чыноўнік распавёў агенцтву БелТА пра ўкраінскіх дыверсантаў, якія нібыта прарываюцца на тэрыторыю Беларусі ў той самы момант, калі краіну «атачылі ворагі».

Лукашэнка абраў пераемнікаў Вакульчыка і Церцеля
Аляксандр Вальфовіч, дзяржаўны сакратар Савету Бяспекі Рэспублікі Беларусь.
Фота: БелТА

«Глядзіце, што дзеецца на паўднёвых межах Беларусі, на тэрыторыі некалі сяброўскай нам брацкай Украіны. Сёння групоўка ўзброеных сілаў на ровенскім кірунку складае каля 10,5 тысячы асобаў, на чарнігаўскім – 4,5 тысячы, на кіеўскім – больш за 5 тысяч», – заявіў пра сітуацыю на беларуска-ўкраінскай мяжы Вальфовіч.

Таксама чыноўнік паскардзіўся, што цяпер ідзе інжынернае абсталяванне ўчасткаў украінскай мяжы ўздоўж паўднёвых межаў Беларусі. Вальфовіч заявіў, што адбываецца мінаванне, стварэнне завалаў, дзеянні дыверсійна-выведных групаў, у тым ліку з заходам на беларускую тэрыторыю.

З ягоных словаў, групоўка войскаў на тэрыторыі Польшчы, Літвы і Латвіі павялічылася за апошнія два гады і налічвае сёння 37,5 тысячы асобаў.

«Групоўка авіяцыі павялічылася ў разы і складае больш за 135 баявых самалётаў на тэрыторыі сумежных краінаў. Палёты выведнай авіяцыі пачасціліся – 6-7 вылетаў уздоўж нашай мяжы кожныя содні», – кажа Вальфовіч.

Старшыня Дзяржаўнага памежнага камітэту Анатоль Лапо адзначыў, што апошні год памежнікі фактычна нясуць службу ва ўзмоцненым варыянце.

«Нам дапамагаюць Узброеныя сілы, бо сілы і сродкі ў нас абмежаваныя пад такія абставіны», – кажа сакратар Савету Бяспекі Беларусі.

Раман Лугоўскі belsat.eu

Стужка навінаў