Дорага, няякасна і праблематычна. Эксперты пра перспектывы стварэння беларускага «Windows»


Улады Беларусі вырашылі стварыць уласную аперацыйную сістэму, вэб-браўзэр і комплекс офісных праграмаў. Такія планы агучыў міністр сувязі і інфарматызацыі. Аднак незалежныя эксперты глядзяць на перспектыву іх планаў са скепсісам. На іх думку, у краіне для гэтага няма ані грошай, ані рынку, ані здольнасцяў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Freepik

На семінары, прысвечаным развіццю «разумных гарадоў», міністр сувязі і інфарматызацыі Канстанцін Шульган распавёў пра зацверджаныя напрамкі для рэалізацыі пілотных праектаў у сферы лічбавага развіцця. Паводле яго, плануецца стварэнне айчынных аперацыйнай сістэмы, сістэмы забеспячэння асяроддзя віртуалізацыі, комплексу офісных праграм і вэб-браўзэра. Чыноўнік заявіў, што гэта нібыта забяспечыць стабільнай працай усе ўцягнутыя ў эканоміку арганізацыі і якаснае жыццё для грамадзянаў.

«Безумоўна, гэта няпростая задача. У нас распрацаваны план дзеянняў па стварэнні «лічбавага суверэнітэту», якім мы ідзём. Пілотныя праекты – гэта форма супрацы з айчыннымі ІТ-распрацоўнікамі, якія з’яўляюцца як пастаўшчыкамі, так і карыстальнікамі заяўленых у якасці ключавых лічбавых рашэнняў. Наяўнасць уласнага сістэмнага праграмнага забеспячэння дае магчымасць быць незалежнымі ад імпартных рашэнняў і ўпэўненымі ў магчымасці яго самастойнага развіцця (мадыфікацыі) пад патрэбы нашай эканомікі», – сказаў Шульган.

Аднак апытаныя «Белсатам» незалежныя эксперты сумняваюцца як у заяўленых уладамі мэтах, так і ў рэалізацыі пастаўленых імі задачаў.

Фобіі Лукашэнкі, санкцыі і кантроль

Яраслаў Кот, заснавальнік асацыяцыі распрацоўнікаў гульняў «BelGameDev», бачыць у імкненні да «лічбавага суверэнітэту» перадусім спробы атрымаць грошы, кантроль і падкрэсліць незалежнасць беларускага рэжыму ад іншых краінаў.

«Магчыма, нейкая фобія ў Лукашэнкі [самаабвешчанага кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. – рэд. belsat.eu] і ягоных памочнікаў ад таго, што «Microsoft» мае доступ да ягоных вельмі сакрэтных дакументаў», – мяркуе эксперт.

Апроч таго, «лічбавы суверэнітэт» дазволіць беларускім спецслужбам і сілавікам атрымліваць як найбольш звестак пра карыстальнікаў, заявіў Кот. Таксама ён не выключае спробы абысці розныя тэхналагічныя санкцыі, якія могуць быць накладзеныя на Беларусь.

Як патлумачыў у сваю чаргу Мікалай Кванталіяні, эксперт у лічбавай бяспецы, у Беларусі большасць дзяржпаслуг завязаныя на аперацыйную сістэму «Windows» і канкрэтны софт. І ў выпадку тэхналагічных санкцыяў дзяржаўныя ўстановы краіны не змогуць карыстацца абнаўленнямі, што зробіць іх больш уразлівымі для ўзлому.

Замяніць нечым іншым?

Кванталіяні адзначыў, што пакуль агулам не зразумела, што хочуць зрабіць улады Беларусі:

«Яны возьмуць бясплатны софт і прададуць сабе ж за вялікія грошы як аперацыйную сістэму? Яны скрадуць аперацыйную сістэму «Windows», бо шмат якія карыстальнікі з ёй знаёмыя, і паспрабуюць зрабіць сваю?»

На думку Кванталіяні, улады змогуць пачаць карыстацца бясплатным ліцэнзійным софтам, напрыклад, створаным на аперацыйнай сістэме «Linux», якая шмат у чым падобная да «Windows». Але іх усё адно давядзецца адаптаваць пад патрэбы карыстальнікаў, бо «карыстальнікі – не айцішнікі».

«Калі нешта складанейшае, чым зайшоў і запампаваў, яны наўрад ці гэтым змогуць карыстацца. Напрыклад, ты хочаш уключыць камп’ютар, каб ён працаваў, ты хочаш націснуць кнопку і стэлефанавацца з кімсьці. І, адпаведна, калі ён патрабуе дадатковых высілкаў, вывучэння «Python», распакавання ў камандным радку нейкага прадукту запампавання, то для звычайнага карыстальніка гэта зʼяўляецца досыць складаным», – сказаў Кванталіяні.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Freepik

Ён адзначыў, што адна з земляў у Нямеччыне ўжо спрабавала перайсці на бясплатную аперацыйную сістэму Linux. Але праз некалькі гадоў усё ж была вымушаная вярнуцца на аперацыйную сістэму «Windows» «проста таму, што базава карыстальнікі не гатовыя інвеставаць больш часу, чым трэба для таго, каб рэалізоўваць свае дзеянні».

Ні рынку, ні грошай, ні кадраў

Яшчэ больш цяжкасцяў узнікне ў выпадку стварэння сапраўды ўласнай аперацыйнай сістэмы. Архітэктар у галіне лічбавай эканомікі і кіравання Майк Ананьін адзначыў, што гэта «патрабуе вялікай колькасці арганізаваных кадраў, якія ўжо даўно выехалі з краіны».

«Пры нармальных умовах стварэнне такога праекту ўключае не адзін якісьці прадукт – гэта некалькі прадуктаў, якія павінны адзін з адным «камунікаваць» ў вельмі зручны спосаб. Гэта складаная праца. Яна патрабуе некалькі камандаў і можа каштаваць сотні мільёнаў долараў», – сказаў Ананьін.

Апроч таго, паводле яго, на вытворчасць такіх прадуктаў спатрэбіцца вельмі шмат часу і каардынацыя, якую беларуская ІТ-галіна яшчэ ніколі не паказвала.

Кот прызнаў, што свайго «лічбавага суверэнітэту» ўжо дасягнуў Кітай, прыклад якога можа натхняць улады ў Менску. Аднак у КНР ёсць вялікі ўнутраны рынак, на якім гэта можна арганізоўваць і тэставаць розныя праграмныя рашэнні. А ў Беларусі «менш бізнесу і людзей, чым у любым рэгіёне Кітаю», адзначыў эксперт.

На думку Ката, падобныя рашэнні ўладаў могуць прынесці страты беларускім ІТ-кампаніям і знізіць іх канкурэнтаздольнасць, бо ім давядзецца шмат чаго рабіць на адной аперацыйнай сістэме, а пасля гатовы прадукт дастасоўваць да іншых фарматаў.

«Гэта мае сэнс, калі ёсць унутраны рынак. Як у Кітаі. Яны могуць працаваць толькі на ўнутраны рынак і атрымліваць за гэта грошы. Але ўсё ІТ у Беларусі працуе або на Расею, або на Захад», – заявіў ён.

Калі ж уласная аперацыйная сістэма будзе стварацца разам з Расеяй, то Беларусь будзе яшчэ больш уваходзіць пад кантроль РФ, мяркуе Кот.

«Немагчыма, у Беларусі зрабіць якасны прадукт такі. Няма прафесіяналаў, няма рынку, няма ўмоваў. І калі нешта зробіцца, яно будзе неканкурэнтаздольным. Гэта толькі словы і планы, як і заўсёды ў Беларусі», – заключыў ён.

Дорага і нікому не патрэбна

На думку Кванталіяні, у выніку дзеянняў уладаў можа з’явіцца «чарговы непатрэбны прадукт, які ніхто ніколі не будзе выкарыстоўваць».

«Або будуць выкарыстоўваць на адной прыладзе, на ўсіх дзяржаўных прыладах як чароўную аперацыйную сістэму. А ў жыцці ўсё што заўгодна, акрамя гэтага», – падкрэсліў ён.

Сэнс стварэння сваіх «суверэнных» прадуктаў Ананьін бачыць у адмыванні грошай:

«Такія планы ўжо рэалізоўваліся ў Расеі, і відаць, што з гэтых планаў выйшла – нічога. Папросту вялікія кампаніі засвоілі бюджэт – і ўсё. Потым зрабілі нешта з палак і… самі разумееце чаго».

Такі праект у Беларусі, на яго думку, дазволіць чыноўнікам і кіраўніцтву ПВТ адмыць больш грошай з бюджэту. А ў выніку могуць быць проста закупленыя расейскія і кітайскія рашэнні, якія пасля будуць выпушчаныя пад беларускім брэндам на расейскіх серверах.

Плавалі – ведаем

Улады Беларусі не ўпершыню заяўляюць пра планы стварыць уласную аперацыйную сістэму. Напрыклад, яшчэ ў 2005 годзе праект мусіла рабіць Нацыянальная Акадэмія навук. Заяўлялася нават пра гатовасць падтрымаць праект з боку Еўразвязу і NATO, супрацу ў ім Арменіі і Расеі. Аднак пазней дырэктар Нацыянальнага цэнтру інфармацыйных рэсурсаў НАН Міхаіл Маханёк, які анансаваў праект, замест стварэння ўласнай аперацыйнай сістэмы, проста сам перайшоў у «Microsoft», альтэрнатыву якой хацеў будаваць, адзначае «Еўрарадыё».

Таксама ў Беларусі выпускалі і «свой» камп’ютар. Яго ў 2022 годзе паказаў Лукашэнка: ноўтбук нібыта ад заводу «Гарызонт»вельмі нагадваў «Lenovo IdeaPad 3». Лукашэнка абяцаў, што ён будзе мець 30 % беларускіх дэталяў, але на той момант іх было толькі 12 %. Спроба ж наклейваць налепкі беларускага «Інтэгралу» на замежную ІТ-прадукцыю ўжо даўно стала мэмам не толькі ў Беларусі, але і за мяжой.

Разбор
«Беларускія» ноўтбукі маюць працэсары «Intel», нягледзячы на санкцыі. Што на гэта адказвае «Intel»
2023.01.10 06:06

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў