Спектакль «Былы сын» паводле раману Сашы Філіпенкі не пакажуць у Беларусі


Беларускі пісьменнік і журналіст Саша Філіпенка напісаў у сваім Facebook, што ягоны раман «Былы сын» пакуль не пакажуць на беларускай сцэне.

«Прэм’ера «Былога сына» ў Беларусі не здарылася. Спадзяюся, пакуль», – напісаў Філіпенка.

Саша Філіпенка.
Фота: Саша Филипенко / Facebook

Таксама пісьменнік у сваім пасце прыводзіць кавалак інтэрв’ю «Народнай волі» з мастацкім кіраўніком Сучаснага мастацкага тэатру Уладзімірам Ушаковым, у якім ён тлумачыць, чаму спектакль не адбудзецца:

НВ: – Дык калі і дзе спектакль «Былы сын» убачаць гледачы?

УУ: – Мы падавалі ва ўпраўленне культуры Менгарвыканкаму заяўку (са снежня), але дазвол – «гастролькі» – да гэтага часу не атрымалі.

НВ: – А як канкрэтна фармулюецца адмова?

УУ: – Ва ўлады знаходзіцца вельмі шмат прычынаў, пералічваць іх бессэнсоўна.

НВ: – Але асноўная, падазраю, – вашая вераснёвая дзесяцідзённая забастоўка праз затрыманне актора Дзяніса Дудзінскага?

УУ: – Афіцыйна гэта ні разу не прамаўлялася. Афіцыйна нам паказваюць, што мы ўвесь час няправільна афармляем дакументы. І гэта цягнецца са снежня. Менавіта з тых часоў наш тэатр у прастоі, не мае магчымасці працаваць на сцэне.

НВ: – Хто з артыстаў заняты ў спектаклі?

УУ: – У мэтах бяспекі не буду цяпер пералічваць іхных прозвішчаў. П’еса вострая, грамадска-палітычная, а сёння з любой фразы лёгка ствараюцца абвінаваўчыя прысуды. Бо самы вялікі страх ва ўлады цяпер – гэта сумленныя словы, сказаныя ўслых. Скажу толькі, што рэжысёрам спектаклю «Былы сын» выступіў я. Працавалі азартна, хоць рэпетавалі дзе прыйдзецца: генеральны прагон быў наагул проста ў мяне ў кватэры.

Прэм’ера спектаклю «Былы сын» адбудзецца ў Кіеве 19 траўня.

АД, belsat.eu

Стужка навінаў