Беларуская выцінанка стане гістарычна-культурнаю каштоўнасцю


Выцінанка.
Фота: Мінкульт

Надаць выцінанцы статус гістарычна-культурнай каштоўнасці пагадзілася Беларуская рэспубліканская навукова-метадычная рада ў пытаннях гістарычна-культурнай спадчыны, паведамляе Міністэрства культуры.

Выцінанка – гэта мастацтва выразання карункавых узораў з паперы, якое набыло шырокі распаўсюд на тэрыторыі Беларусі ў канцы ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя як спосаб аздаблення інтэр’еру традыцыйнага жытла і было адноўленае як від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў канцы ХХ стагоддзя.

Прапановы надаць такі статус выцінанцы рыхтавала Міністэрства культуры, на просьбу якога быў вывучаны і зафіксаваны сучасны стан бытавання выцінанкі на тэрыторыі Беларусі.

Сёння ў нашай краіне каля 100 майстроў – носьбітаў мастацтва выцінанкі, сярод якіх 11 маюць ганаровае званне «Народны майстар Беларусі».

Дзеля папулярызацыі беларускай спадчыны на міжнародным узроўні і павелічэння прысутнасці беларускіх элементаў у спісах ЮНЭСКО Міністэрства культуры запланавана рыхтаванне ў 2021 годзе намінацыі ў элеменце «Беларускае мастацтва выцінанкі» для яе накіравання ў сакратарыят Канвенцыі ў справе аховы нематэрыяльнай культурніцкай спадчыны ЮНЭСКО.

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў