У судзе Ленінскага раёна Горадні падчас разгляду крымінальнай справы супраць 38-гадовага кіроўцы аўтадома «Страна для жизни» Аляксандра Арановіча вывучалі відэа рэгістратараў службовых бусаў АМАПу. На відэа прадэманстравана арышт Ціханоўскага і перавозку затрыманых у міліцэйскіх бусах, піша праваабарончы цэнтр «Вясна».
Аляксандра Арановіча абвінавачваюць у арганізацыі дзеянняў, што груба парушылі грамадскі парадак паводле ч. 1 арт. 342 КК, ч. 2 арт. 13 арт. 293 КК («Падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадкаў») за захоўванне на гарышчы дома ў сваіх бацькоў у Старых Дарогах старой дымавой шашкі.
У якасці доказаў ягонай віны ў судзе глядзелі запісы з відэарэгістратараў міліцыянтаў, у якіх зафіксавалі затрыманні Сяргея Ціханоўскага і ягонай каманды, перавозку затрыманых на пікеце 29 траўня ў міліцэйскіх бусах.
У матэрыялах справы больш за 80 кароткіх відэафайлаў, нарэзак. Пасля прагляду Арановіч пракаментаваў іх:
«Дык пакажыце ж нарэшце, што я здзейсніў, не па справе ўсё паказваеце!»
Сярод кадраў таксама відаць момант затрымання Ціханоўскага. Гэтыя запісы дэманструюцца з гукам.
– Хлопцы, што здарылася?
– Пройдзем з намі.
– Я іду, іду.
На іншым відэа ў бус упіхваюць Сяргея Ціханоўскага. Ён на момант аказваецца на падлозе, а потым садзіцца на сядзенне.
«Мужыкі, што здарылася, была сустрэча з людзьмі мірная акцыя, збор подпісаў, за што затрымалі? Вы мне нічога не патлумачылі – парушаеце Закон «Аб міліцыі», – кажа Ціханоўскі.
Ціханоўскі ўсю дарогу ў РАУС спакойна сядзіць на сядзенні, часам спрабуе пагаварыць з сілавікамі пра закон, пра правамернасць іх дзеянняў.
На відэа з відэарэгістратара амапаўцаў знутры буса чутныя каманды затрыманым:«Галаву апусці!»
Арановіч зноў каментуе: «Удакладніце, а на гэтых відэа парушэнняў з боку АМАПу ніякіх няма?»
Адметна, што на відэа нідзе не было Аляксандра Арановіча.
СК belsat.eu