«Пра Волю казалі, што яна Дон Кіхот». Што вядома пра маці пяцярых дзяцей, якую кінулі ў СІЗА за «пратэставую дзейнасць»


У нядзелю, 21 сакавіка, стала вядома, што супраць 38-гадовай маці пяцярых дзяцей Вольгі Залатар распачалі крымінальную справу за «актыўную пратэставую дзейнасць». Жанчыну трымаюць у СІЗА № 1 у Менску. Belsat.eu распавядае, што вядома пра Вольгу і крымінальную справу супраць яе.

Рэпрэсіі супраць шматдзетнай сям’і

Вольгу Залатар затрымалі 18 сакавіка.

Вольга Залатар. Фота са старонкі ў Фэйсбуку

«У той дзень яна везла дачку ў музычную школу на заняткі па цымбалах. Яе машыну спынілі сілавікі, яе затрымалі і павезлі дадому, каб зладзіць ператрус. Ператрус праводзілі каля 10 байцоў ГУБАЗіКу, усю хату перавярнулі ўверх дном», – распавядае знаёмая жанчыны, валанцёрка Кацярына.

Пасля ператрусу Вольгу спачатку завезлі ў мясцовае аддзяленне міліцыі, потым змясцілі ў ІЧУ, а на наступны дзень перавялі ў СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Менску.

Рэчы, вынятыя ў жанчыны падчас ператрусу. Скрыншот відэа УУС

Падчас ператрусу мужа Вольгі, Сяргея Ганкевіча, удома не было, ён прыехаў дадому толькі а 14:30. Але ў адміністратыўным пратаколе было пазначана, што ён «у 13:50 у акне прыватнага дому на агульны агляд вывесіў незарэгістраваны БЧБ-сцяг, тым самым правёў пікетаванне». На наступны дзень Ганкевіча затрымалі, і суддзя Кацярына Новікава пакарала яго 10-дзённым арыштам. Сяргей на судзе сцвярджаў, што ў іх дома наагул не было бел-чырвона-белага сцяга, а тым больш яны ніколі не вывешвалі яго на акне. Ён упэўнены, што сілавікі падчас ператрусу самі вывесілі сцяг, каб мець фармальныя падставы для затрымання.

Вольга Залатар і Сяргей Ганкевіч. Скрыншот відэа УУС

На судзе таксама высветлілася, што з вуліцы пабачыць сцяг проста немагчыма, бо вышыня плоту 2,2 метра. А фатаграфія сцяга на акне, якая ёсць у матэрыялах справы, была зробленая са двара, а не з вуліцы. Да таго ж у пратаколе было пазначана, што пікетаванне праводзілася ў доме 58, хаця Сяргей Ганкевіч жыве ў доме 56. Суддзя ўсе гэтыя факты праігнаравала.

Палітычны артыкул

Вольга Залатар. Фота прапанаванае сяброўкамі жанчыны

Анастасія, блізкая сяброўка сям’і, кажа, што ў Вольгі з мужам былі квіткі ў Турэччыну на 19 сакавіка, яны збіраліся ў адпачынак. «Мы якраз абмяркоўвалі гэта з ёй у дзень затрымання. І тут яе арыштоўваюць, распачынаюць крымінальную справу… Ну, што гэта такое?» – абураецца яна.

У афіцыйным паведамленні УУС Менаблвыканкаму адзначаецца, што справа супраць Вольгі Залатар была распачатая «за актыўную пратэставую дзейнасць». Артыкул абвінавачання пры гэтым не называецца, што робіць абсурдным увесь прэс-рэліз, бо ў Крымінальным кодэксе Беларусі не існуе артыкулу, які б караў за «пратэставую дзейнасць».

Праваабарончы цэнтр «Вясна» паведамляе, што Вольга Залатар – падазраваная паводле арт. 361 Крымінальнага кодэксу («Заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь»), які прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам да трох (пункты 1, 2) або да пяці гадоў (пункт 3).

Апошнім часам артыкул 361 спецслужбы актыўна выкарыстоўваюць для пераследу апанентаў Аляксандра Лукашэнкі. Менавіта паводле гэтага артыкулу выставілі абвінавачанне Марыі Калеснікавай, Максіму Знаку, Іллю Салею і Паўлу Латушку (завочна). Якія канкрэтна словы Вольгі Залатар спецслужбы лічаць незаконнымі, невядома.

Hавiны
5 галоўных пытанняў пра палітычных вязняў
2021.03.21 16:23

Хто такая Вольга Залатар

Вользе Залатар 38 гадоў. Яна вучылася ў гістарычным класе Ліцэю БДУ, скончыла факультэт філасофіі і сацыяльных навук БДУ, мае ступень магістра сацыялогіі. У жанчыны пяцёра дзяцей: старэйшай дачцэ 17 гадоў, самому малодшаму дзіцяці, хлопчыку, – 4 гады.

«Пра Волю часам казалі, што яна Дон Кіхот, – распавядае Анастасія, – Воля з Ліцэю размаўляе на беларускай мове, нягледзячы на тое, што вельмі часта сутыкалася з негатыўным або проста падазроным стаўленнем да гэтага. Увесь час яе запытвалі: ты што, нацыяналістка, патрыётка? Каб не адмовіцца ад свайго выбару, трэба быць сапраўды моцным чалавекам».

Паводле сяброўкі, актыўная грамадзянская пазіцыя Вольгі вынікала з усяго ладу яе жыцця.

«Вольга вельмі любіла падарожнічаць па Беларусі. Яна добра ведае гісторыю, шмат чаго ведае, і з ёй было заўсёды вельмі цікава. Мы часта адпачывалі разам: хадзілі з дзецьмі на канцэрты, у тэатры і музеі, чыталі газеты. Калі ты жывеш нармальным чалавечым жыццём, то ты, натуральна, цікавішся тым, што адбываецца навокал. Таму Вольга заўсёды была неабыякавая да грамадскіх працэсаў у Беларусі».

Паводле Анастасіі, важная частка жыцця Вольгі – Касцёл, яна вырасла ў каталіцкай сям’і.

Даведка

Муж Вольгі Сяргей Ганкевіч – эканаміст з адукацыі, у яго бізнес у сферы продажу фарбаў. Паводле сябровак Вольгі, Сяргей грамадскай дзейнасцю не займаецца, яго характарызуюць як вельмі разумнага і асцярожнага чалавека. Але да выбару жонкі ён заўсёды ставіўся з разуменнем.

«Сяргей вельмі кахае Волю. Калі ты жывеш з Дон Кіхотам, ты не можаш яго не падтрымліваць», – разважае Анастасія.

«Вольга вельмі эфектная, прыгожая жанчына, – кажа валанцёрка Кацярына. – Мы з ёй пазнаёміліся на трэнінгу, які праводзілі праваабаронцы з удзелам псіхолагаў. Там яна распавядала пра ўсёабдымную падтрымку ў сваёй сям’і».

Людзі, якія ведаюць Вольгу і Сяргея, не вераць у заявы міліцыі, што за пратэставае чаяванне ў сваім двары на жанчыну рэгулярна скардзіліся мясцовыя жыхары. Суразмоўцы belsat.eu лічаць гэта хлуснёй.

«У сям’і Волі былі цудоўныя адносіны з суседзямі. Суседзі хадзілі да Волі ў госці, іх запрашалі на святы, калі адзначалі дні народзінаў дзяцей або Новы год», – кажа Анастасія.

«Хто, калі не мы?»

Даведка

Вольга актыўна ўключылася ў грамадскую дзейнасць з лета 2020 года. Яна запісалася ў назіральнікі, але на выбарчы ўчастак у Ждановічах яе не дапусцілі – назіраць за падлікам галасоў дазволілі толькі прадстаўнікам праўладных арганізацыяў. Потым, пасля жорсткага разгону пратэстаў у першыя дні пасля выбараў, Вольга стала валанцёркай, працавала ля ізалятару на Акрэсціна.

«Воля – адзін з самых выдатных і светлых людзей, якіх я сустракала ў жыцці, – кажа валанцёрка Марыя. – Гэта чалавек, для якога магчымасць камусьці дапамагчы – гэта вельмі важна. Мы пазнаёміліся з ёй, калі лагер пад сценамі Акрэсціна толькі ствараўся – спачатку было проста тры крэслы і пяць чалавек. Сітуацыя максімальна стрэсавая: першая хваля затрыманняў, людзі выходзілі з ізалятару ў жахлівым стане. А яна заўсёды знаходзіла ў сабе сілы з кімсьці пагутарыць, пажартаваць, накарміць».

На Акрэсціна людзі спрабуюць даведацца, дзе іх затрыманыя сваякі і сябры. Менск, Беларусь. 12 жніўня 2020 г.
Фота: ТК / Belsat.eu

«Неяк у жніўні мы сядзелі позна ўвечары на лаўцы побач з Акрэсціна і спрабавалі разважаць пра тое, як мы наогул апынуліся тут. Бо ні ў яе, ні ў мяне нікога з блізкіх на Акрэсціна не было. Але мы прыходзілі да простай думкі ў выніку: хто, калі не мы?»

Марыя была вымушана з’ехаць з краіны на фоне палітычных рэпрэсіяў, хоць вельмі гэтага не хацела. «Калі я з’ехала, Воля тэлефанавала мне ноччу, пасля таго, як клала спаць дзяцей, падтрымлівала, распавядала, што будзе гатаваць, калі я вярнуся. Здавалася б, у такой сітуацыі, калі я ў бяспецы, мне можна меней увагі надаваць. Але яна ўсё роўна перажывала і падтрымлівала».

ЦІП на Акрэсціна. Менск, Беларусь. 13 жніўня 2020 г.
Фота: Аляксандр Васюковіч / Vot-tak.tv / Belsat.eu

Пасля працы ў лагеры валанцёраў на Акрэсціна Вольга далучылася да працы назіральнікаў на судах. Актыўна пісала скаргі на парушэнні, калі на судовыя паседжанні нікога не пускалі. Усе валанцёры, з якімі belsat.eu гутарыў пра Вольгу Залатар, кажуць пра яе з вялікай павагай: яна цудоўная маці і грамадзянка.

«Воля – чалавек вялікай душы, ёй усе захапляюцца, – прызнаецца валанцёрка Кацярына. – Калі прыходзілі новыя валанцёры, бачылі, якая Воля бясстрашная, як яна адстойвае праўду, то нават прасілі ў яе аўтограф».

Hавiны
«Нават у хуткай каталіся амапаўцы». Гісторыя № 5 праекту «Мне яшчэ пашанцавала»
2021.02.18 09:00

«Ці было ёй страшна? Цяпер усім страшна»

Пачынаючы з лета 2020 года Вольгу Залатар тройчы прыцягвалі да адміністратыўнай адказнасці і штрафавалі (паводле заканадаўства, караць адміністратыўным арыштам маці няпоўнагадовых дзяцей нельга).

Даведка

Першы раз Вольгу судзілі за фота з дваравога чаявання. Другі раз жанчыну затрымалі, калі яна адмывала фарбу з замаляванай выявы Паўла Латушкі на будынку электрашчытавой, тады яе абвінавацілі ў «дробным хуліганстве». Паводле пратаколу, Вольга «ажыццяўляла верхні змыў фарбы ў месцы зафарбоўвання партрэту, чым груба парушыла грамадскі парадак, выяўляючы відавочную непавагу да грамадства».

Трэці раз Вольгу затрымалі 31 студзеня ў Менску за прагулку, якую палічылі пікетам. Жанчыну 48 гадзінаў пратрымалі ў ІЧУ на Акрэсціна, а потым пакаралі максімальным штрафам – 50 базавых велічыняў (1450 рублёў).

«Ведаеце, як цяжка было дзецям? Гэта такое выпрабаванне для блізкіх. Усё робіцца дзеля таго, каб людзі зламаліся», – кажа Анастасія. Яна распавядае, што Вольга была вельмі абураная тымі нялюдскімі ўмовамі, у якіх трымалі людзей на Акрэсціна.

Сяброўкі кажуць: Вольга разумела, што аднойчы яна можа трапіць і пад палітычна матываваны крымінальны пераслед.

«Мы ўсе гэта разумелі. Але яна нікуды не збіралася з’язджаць або адмаўляцца ад сваёй грамадзянскай пазіцыі. Гэта яе краіна, яна вельмі любіць Беларусь», – апавядае валанцёрка Кацярына.

«Ці было ёй страшна? Цяпер усім страшна», – кажа Анастасія.

Даведка

Аднак сяброўкі не чакалі, што адначасова спецслужбы затрымаюць мужа Вольгі Сяргея Ганкевіча і пачнуць адкрыта шантажаваць сям’ю пагрозамі адабраць у іх дзяцей. «Дзеці ў цяперашні час знаходзяцца пад наглядам бабулі. Таксама кампетэнтнымі органамі будзе дадзеная ацэнка выканання мужам і жонкай абавязкаў па выхаванні дзяцей», – адзначаецца ў афіцыйным прэс-рэлізе УУС Менаблвыканкаму.

Між тым сяброўкі вераць, што Вольга вытрымае ўсе выпрабаванні.

«Я ўпэўнена, што яе гэта не зламае. У яе яшчэ знойдуцца сілы, каб падтрымаць тых, хто побач», – кажа Марыя.

Кацярына звяртае ўвагу, што звычайна ГУБАЗіК стараецца выкласці ў сеціва відэа з «прызнаннямі» і «выбачэннямі» затрыманых на фоне чырвона-зялёнага сцяга. На думку валанцёркі, вельмі паказальна, што ў выпадку Вольгі такога відэа не з’явілася.

«У яе баявы характар. Таму яна і не здымалася на фоне гэтага «цудоўнага» сцяга», – кажа яна.

Гісторыі
Людміла Самусенка, маці палітвязняў: «Сям’ю парвалі на кавалкі і раскідалі»
2021.03.14 08:00

Ігар Ільяш belsat.eu

Стужка навінаў