Каардынатар спецслужбаў Польшчы назваў «поўнай лухтой» заявы Лукашэнкі


Міністр-каардынатар спецслужбаў Польшчы Томаш Семоняк у эфіры «Radio ZET» раскрытыкаваў заявы ўладаў Беларусі адносна таго, што польская і амерыканская выведкі нібыта рыхтуюць маштабную правакацыю супраць цывільнага насельніцтва Польшчы, каб пасля абвінаваціць у ёй Расею і Беларусь.

Польшча адпраўляе вайскоўцаў і тэхніку на мяжу з Беларуссю. Крыніца: mblaszczak / Telegram

Томаш Семоняк назваў гэтыя сцвярджэнні Лукашэнкі «поўнай лухтой». Паводле яго, «Лукашэнка часта нападае на Польшчу і выдае небыліцы, каб стварыць напружанасць, прыцягнуць да сябе ўвагу, мабілізаваць грамадскую думку ў сваёй краіне, паказаць Расеі, што ён антызаходні і антыпольскі».

Міністр адзначыў, што такую правакацыю могуць здзейсніць падкантрольныя Пуціну і Лукашэнку спецслужбы, каб абвінаваціць у іх польскія ўлады.

«Мы павінныя вельмі ўважліва сачыць за тым, што адбываецца ў Беларусі, што кажа Лукашэнка і чым займаюцца мясцовыя спецслужбы і войска. Гэта дзяржава, якая непасрэдна суседнічае з Польшчай, дзяржава, якая адыгрывае ролю ў расійска-ўкраінскай вайне», – сказаў Семоняк.

На ягоную думку, такія заявы могуць быць таксама элементам інфармацыйнай вайны.

Палова палякаў верыць у верагоднасць нападу Расеі

Тым часам вынікі апытання «United Surveys», праведзенага ў лютым для RMF FM і «Dziennik Gazeta Prawna», паказалі, што амаль палова палякаў у той ці іншай ступені дапускаюць, што Расея можа напасці на Польшчу. Так заявілі 47 % апытаных, што на 16 працэнтных пунктаў больш, чым у аналагічным апытанні ў траўні 2023 года.

Крыху больш за 38 % рэспандэнтаў не згодныя з тэзай аб магчымай расейскай агрэсіі супраць Польшчы.

Аляксандр Лукашэнка 20 лютага правёў «пашыраную нараду ў пытаннях бяспекі», на якой заявіў, што польская і амерыканская выведкі рыхтуюць буйнамаштабную правакацыю супраць грамадзянскага насельніцтва Польшчы, у якой абвінавацяць Расею і Беларусь. Яшчэ палітык накручваў грамадства пагрозаю Трэцяй сусветнай вайны і абвінаваціў апазіцыю ў супрацы з Захадам.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў