Святлана Ціханоўская: «Адраджэнне ўсяго нацыянальнага – наш прыярытэт»


Святлана Ціханоўская трывала і назаўсёды ўвайшла ў беларускую гісторыю і стала сімвалам змагання беларусаў за свабоду. Вядоўца «Белсату» Віктар Шукеловіч пагаварыў з лідаркаю дэмакратычных сілаў пра беларускую мову. Размова адбылася ў межах праграмы «Мова нанова».

Ці часта вам даводзіцца размаўляць па-беларуску?

У сённяшніх умовах я размаўляю нашмат часцей, чым рабіла гэта ўсё сваё жыццё.

Я разумею, як важна гаварыць на беларускай мове цяпер, калі нам трэба ўзмацняць ідэнтычнасць, калі нам пагражае гэты «русский мир».

«Я веру, што калі мы будзем моцныя ў сваёй роднай мове, у сваёй роднай культуры, то ніякі «русский мир» нам не страшны».

Як вы вучыце беларускую мову? Можа, у вас ёсць свае метады?

Насамрэч нейкіх асабістых метадаў у мяне няма. Я бачу шмат прыкладаў вакол сябе, калі расейскамоўныя беларусы пачынаюць размаўляць па-беларуску. Той жа Мікіта Мелказёраў. Ці Ліза Ветрава, якая робіць такія спрэчкі сама з сабой у Instagram.

Больш за ўсё дэматывуе, калі я размаўляю па-беларуску, а потым атрымліваю нейкі фідбэк: «яна націск не там паставіла» ці «слова забылася»… Вось думаю: людзі, мы цяпер усе разам. Вы наадварот – павінныя натхняць астатніх, вы павінныя казаць, што ўсе робяць памылкі, гэта нармальна ў працэсе навучання.

Я саромелася гэтага спачатку. Але калі ты размаўляеш і забываеш нейкае слова, ты звяртаешся да залы ці тых, хто ў тваім асяроддзі: папраўце мяне. І людзі накідваюць словы, дапамагаюць мне. Ты адчуваеш гэтае падтрыманне.

Святлана Ціханоўская і Віктар Шукеловіч. 9 лютага 2023 года.
Фота: Белсат

Ці размаўляеце вы па-беларуску з дзецьмі? Ці вывучаюць і яны беларускую мову?

Так, у дзетак прачнулася пытанне: чаму мы не гаворым на беларускай мове – мы ж беларусы? Учора я прыйшла дадому і бачу, што малодшая дачка глядзіць мульцік, але з украінскім перакладам, бо няма ў «Netflix» беларускай мовы. Я кажу: «А чаму ты глядзіш не па-расейску?» – «А вось мова, вельмі падобная на беларускую». Я бачу, як у іх прачынаецца інтарэс. І, вядома, я яго падтрымліваю.

Гэты інтарэс кропелька за кропелькай, я спадзяюся, будзе ўзмацняцца. Але я павінная даваць прыклад найперш сваім дзецям. Я заўжды кажу: цяпер такі час, што ты заняты, заняты вельмі – але ж ты губляеш гэты момант, калі ты павінен дзецям даваць больш беларушчыны.

Нам нядаўна падаравалі кнігу Андрэя Скурка – творы з-за кратаў. Мы пачалі чытаць. Так, не ўсё зразумела, словы патрэбна тлумачыць – але мы павіныя праз гэта праходзіць разам са сваімі дзеткамі.

А які быў узровень выкладання беларускай мовы ў вашай школе?

У нас была агульная расейскамоўная школа. Але я добра памятаю сваю настаўніцу – Шэіч Алена Васільеўна. Вельмі добрая настаўніца, і нават сярод астатніх настаўнікаў яна заўжды размаўляла на беларускай мове.

Але што датычыць гісторыі Беларусі – я памятаю, у нас было два падручнікі: гісторыя агульная і гісторыя Беларусі. Падручнік агульнай гісторыі быў яркі, з малюнкамі. А падручнік гісторыі Беларусі – адно тэкст. Прычытаў нейкі параграф, пераказаў – і забыў. І хоць у нас і добры настаўнік быў, але не была прышчэпленая любоў да беларускай гісторыі.

Насамрэч, я цяпер вывучаю гісторыю Беларусі нанова.

Святлана Ціханоўская. 9 лютага 2023 года.
Фота: Белсат

Мне здавалася раней, што грэблівае стаўленне да беларускамоўных людзей вынікала з грэблівага стаўлення гораду да вёскі. Але цяпер, у час вайны, я задумваюся: ці не былі гэта праявы каланіялізму, імперскага стаўлення да людзей, якія проста не належалі да расейскага культурнага поля.

Я думаю, што так і было. Але ніхто пра гэта тады не думаў.

Каб вярнуць беларускую мову ў Беларусь, павіна хаця б адно пакаленне прайсці цалкам праз беларускамоўнае навучанне – і толькі тады мы можам казаць пра адраджэнне беларускай мовы. Але гэта адказнасць кожнага чалавека. Я бачу, што цяпер гэтае стаўленне да беларускай мовы змяняецца, гэта мяне вельмі цешыць.

«Людзей не прымусіш вывучаць мову на загад. Людзі павінны ўсвядоміць, што гэта я – я беларус, і гэта важна найперш для мяне. І калі вакол ты бачыш астатніх такіх жа, то разумееш, што ты частка нечага вельмі моцнага».

Гонар абуджаецца, калі я бачу, як шмат песень беларускамоўных з’яўляецца. І нават калі тая ж Маргарыта Ляўчук спецыяльна выкручвае гэтую мову, але ж усё роўна яна беларуская. Людзі праз Маргарыту таксама далучаюцца да беларускай мовы. Ці «Naviband». Людзі пачалі слухаць беларускамоўныя песні, бо гэта далучанасць да беларускага грамадзянства, і гэтым цяпер людзі ганарацца.

Я спадзяюся, мы робім маштабнымі гэтыя працэсы беларусізацыі. Мы, напрыклад, цяпер спрабуем размаўляць з «Netflix», каб хаця б з’явіліся беларускія субцітры. Потым можна гаварыць пра беларускі пераклад фільму. Бо цяпер адкрываеш «Netflix» – там з’явілася ўкраінская мова. Нам таксама гэта трэба рабіць.

Святлана Ціханоўская. 9 лютага 2023 года.
Фота: Белсат

Гэты год прысвечаны беларускай мове. Чаму на фоне вайны і ўсіх іншых падзеяў і праблемаў, якія існуюць у беларусаў, – чаму выбраная была беларуская мова?

Я думаю, што адраджэнне ўсяго нацыянальнага, нацыянальнай ідэнтычнасці, культуры, мовы – наш прыярытэт. Бо астатняе будуецца на гэтым, на прыналежнасці да нацыі.

«Мы павінныя вылучыць сябе як нацыя, адарвацца да Расеі ўжо раз і назаўжды. Мы не нейкая прылада ці апендыкс Расеі – мы асобная нацыя, мы павінныя гэтым ганарыцца».

Гэта тое, што аб’ядноўвае, бо вельмі шмат пытанняў могуць выклікаць нейкія дыскусіі і пагадненні. Але адносна беларускага нацыянальнага адраджэння ўсе згодныя. А цяпер мы павінныя шукаць тое, што нас не раз’ядноўвае, а аб’ядноўвае.

Больш разгорнутыя адказы на гэтыя і іншыя пытанні – у праграме «Мова нанова» (відэа на пачатку артыкулу).

Стужка навінаў