«Паралельны ўрад». Венецыянская камісія раскрытыкавала змены ў Канстытуцыю Беларусі


Венецыянская камісія ў сваім прамежкавым заключэнні адносна канстытуцыйнай рэформы ў Беларусі заявіла, што праект паправак, які будзе вынесены на «рэферэндум» 27 лютага, «не выпраўляе моцнага дысбалансу паўнамоцтваў, які ўжо існуе паводле дзейнай Канстытуцыі, і можа нават пагоршыць яго».

Референдум, Конституция Республики Беларусь, голосование, изменение Конституции
Агітацыя перад «рэферэндумам», які адбудзецца 27 лютага 2022 года. Менск, Беларусь. 19 лютага 2022 года.
Фота: Белсат

Гэтае прамежкавае заключэнне было падрыхтаванае паводле тэрміновай працэдуры, у кароткія тэрміны і пры адсутнасці сустрэч з уладамі, у якіх было адмоўлена, нягледзячы на спробы Венецыянскай камісіі.

Камісія раскрытыкавала адсутнасць удзелу парламенту ў распрацоўцы паправак, дэфіцыт празрыстасці працэсу распрацоўкі і яўную адсутнасць істотнай супрацы паміж урадам і апазіцыяй у выгнанні, а таксама з іншымі зацікаўленымі бакамі і грамадзянскай супольнасцю.

У дакуменце адзначаецца, што праект паправак дазваляе дзейнаму прэзідэнту заставацца ў цэнтры дзяржаўнай улады, а яго асабістая пазіцыя яшчэ больш узмацняецца, улічваючы, што «папраўкі ўключаюць індывідуальна падабраныя правілы і гарантыі, накіраваныя на захаванне бягучага стану рэчаў». Больш за тое, новая кваліфікацыя кандыдатаў у прэзідэнты фактычна выключыць апанентаў за мяжой ад выбарчага працэсу. Абмежаванне паўнамоцтваў прэзідэнта двума перыядамі будзе дзейнічаць толькі пасля наступных выбараў, а шырока сфармуляваны імунітэт, якім карыстаецца прэзідэнт, будзе дзейнічаць і пасля заканчэння паўнамоцтваў.

Што з УНС?

Што датычыць Усебеларускага народнага сходу, які плануецца прапісаць у Канстытуцыі ў якасці найвышэйшага прадстаўнічага органа, то вялікая колькасць чальцоў УНС (спосаб абрання якіх не ўдакладняецца) выклікае пытанне аб здольнасці такога органа выконваць ускладзеныя на яго шырокія выканаўчыя функцыі. У Венецыянскай камісіі адзначаюць, што паўнамоцтвы прэзідыума УНС не былі ні ўдакладненыя, ні абмежаваныя; яго склад невызначаны, а некаторыя функцыі няясныя, у прыватнасці, права разглядаць «пытанне легітымнасці выбараў».

Пры гэтым яму даецца права адмяняць усе прававыя акты і іншыя рашэнні, акрамя актаў судоў, замахваюцца на кампетэнцыю іншых дзяржаўных органаў. Адзначаецца, што прэзідыум УНС уяўляе сабой свайго кшталту «паралельны ўрад», які будзе функцыянаваць паралельна з Саўмінам і парламентам і, у выпадку неабходнасці, замяняць іх.

«Увогуле, цяжка ўбачыць логіку такога інстытуту, акрамя як інструмента ўтрымання ўлады», – гаворыцца ў дакуменце.

27 лютага ў Беларусі мусіць адбыцца так званы рэферэндум аб змене Канстытуцыі. Датэрміновае галасаванне пачалося ўжо 22 лютага.

Аналітыка
Рэпрэсіі, мабільныя групы і пазбаўленне права голасу. Што трэба ведаць пра так званы рэферэндум
2022.02.22 07:30

АС/ПС belsat.eu

Стужка навінаў