«Вошы? Вас у камеры шмат, самі душыце іх». Ян Салановіч – пра 86 дзён на Акрэсціна


Рэчы, з якімі палітвязень Ян Салановіч паікнуў Беларусь. Фота зробленыя праз Zoom: ТК / Белсат

21-гадовага студэнта БДУІРу затрымалі 1 лістапада і асудзілі на 114 содняў за ўдзел у мірных маршах. Маладзёна нечакана адпусцілі амаль за месяц да канца тэрміну пакарання. Увечары 25 студзеня Ян вярнуўся дамоў, а раніцай 26-га ў паштовай скрыні ўжо ляжала позва ў ваенкамат. У той жа дзень юнак з’ехаў за мяжу. «Белсат» пагутарыў з Янам пра тры месяцы на Акрэсціна, вымушаную эміграцыю і чаканні ад будучыні.

З рэчамі на выхад

Вызвалення раней за 23 лютага, калі скончацца 114 прысуджаных содняў, Ян Салановіч не чакаў.

– Быў звычайны вечар на Акрэсціна, мы ўтраіх сядзелі ў нашай двухмясцовай камеры, – згадвае хлопец. – Раптам адчыняюцца дзверы, заходзіць памочнік начальніка змены і кажа: «З рэчамі на выхад». Пытаю: «У іншую камеру?» Адказу няма. Я выйшаў. Наступны загад – ісці на першы паверх. Туды ніколі не вадзілі, таму я пачаў перажываць: мо ў Жодзіна пераводзяць?

Яна агледзелі, выдалі чэк на аплату харчавання і павялі на выхад. Перад тым як выставіць за вароты, працаўнік, які іх адчыняў, сказаў: калі Ян будзе крычаць ці зробіць яшчэ нешта, што яму, працаўніку ЦІПу, не спадабаецца, то «хутка заедзе назад».

Маладзён выйшаў на волю каля 22:00.

Палітвязень Ян Салановіч. Фота зробленыя праз Zoom: ТК / Белсат

– Ішоў дождж. Я секундаў 30 стаяў і думаў, што рабіць, – прыгадвае Ян. – Побач некага чакалі хлопцы. Я папрасіў у іх тэлефон, пазваніў маме. Яны ж выклікалі мне таксоўку. Я паабяцаў потым разлічыцца, але яны сказалі, што грошай не возьмуць, за што я вельмі ім удзячны.

Да раніцы вызначыліся, што трэба з’язджаць

Каля падʼезду Яна сустрэў бацька. Маці чакала ў кватэры.

– Мама кінулася мяне абдымаць: «Сынок, гэта ты, ты ўдома?» – распавядае ўжо былы палітычны вязень.

Гісторыі
«Гэта катаванні, каб знішчыць як асобу». Размова з маці студэнта, пакаранага 114-дзённым арыштам
2021.01.13 07:28

Першае, што зрабіў Ян, як зайшоў дамоў, – адразу каля дзвярэй распрануўся і пайшоў у душ, бо падазраваў, што мог прынесці вошай, якіх у камеры было шмат. Сям’я пачала думаць, што рабіць далей. Да раніцы канчаткова вызначыліся, што Яну трэба зʼязджаць.

– Хоць насамрэч я гэтак пастанавіў яшчэ на Акрэсціна, – кажа хлопец. – Раніцаю бацькі знайшлі ў паштовай скрыні позву ў ваенкамат на маё імя. Мы набылі квіток на самалёт, і ўжо ўдзень я паляцеў.

Ян дасюль не ведае, чаму яго так раптоўна адпусцілі: прычыну не патлумачылі ні яму, ні адвакату. Дапускае, што менавіта каб забраць у армію.

Мыліся вільготнымі сурвэткамі і з бутэлек над унітазам

Ян згадвае, у якіх умовах давялося жыць цягам 86 дзён.

– За амаль тры месяцы я ні разу не быў у душы, – кажа юнак. – Як мы мыліся? Абціраліся вільготнымі сурвэткамі. Набіралі ваду ў бутэлькі, станавіліся над адтулінай-унітазам і абліваліся. Добра вымыцца было немагчыма, пачаліся праблемы са скураю.

За першыя два месяцы зняволення Ян толькі тройчы быў на шпацыры. У лістападзе вывелі на 30 хвілінаў. У снежні – двойчы: аднойчы на пяць хвілінаў, а іншым разам начальнік змены прапанаваў прыбраць снег, і маладзён з радасцю пагадзіўся, бо гэта быў не толькі шпацыр, але і фізічная нагрузка, якой вельмі не ставала. Ян адціскаўся ў камеры, рабіў практыкаванні, каб быць у добрай форме, але гэтага было недастаткова.

З 7 студзеня, паводле юнака, пачалі выводзіць на шпацыры праз дзень.

Распарадак дня на Акрэсціна, зацверджаны начальнікам ЦІП, маёрам Яўгенам Шапецькам. Фота прадстаўлена рэдакцыі

Часта пераводзілі з камеры ў камеру, маглі і тройчы за дзень. Ян «пераехаў» разоў 20–25.

– Не ведаю, навошта гэта рабілі: магчыма, сапраўды не было месцаў, – разважае хлопец. – Але неяк, калі вялі на шпацыр, я пабачыў, што ёсць і цалкам пустыя камеры. У той час як у нас у двухмясцовай маглі быць і шэсць чалавек адначасова. А была яшчэ камера на восем месцаў, дзе ўтрымлівалі дваццаць дзяўчат. Мне гэта няясна: перадачы адмянялі, спаслаўшыся на ковід, а пхаць у малую камеру столькі чалавек вірус не перашкаджае?

Чатыры лыжкі аўсянкі, недасмажаныя катлеты

Кармілі на Акрэсціна дрэнна і мала, кажа Ян.

– На сняданак прыносілі чатыры лыжкі аўсянкі, – згадвае маладзён меню. – Штодня была рыбная катлета. Прычым зробленая, відавочна, прыкладна так: цэлую рыбіну закінулі ў блэндар, перамалолі – так і атрымалі катлету. З косткамі, вантробамі. Есці гэта было немагчыма, адразу выкідалі. Яшчэ давалі пячоначныя катлеты, найчасцей недасмажаныя, сырыя ўнутры, «папяровыя» сасіскі.

Ян перапісаў меню вязняў Акрэсціна. Фота прадстаўлена рэдакцыі

Ян зазначае, што на такой дыеце пасля забароны перадачаў заўважна страціў вагу.

Навіны з волі можна было пачуць толькі ад новых сукамернікаў. За ўсе тры месяцы Ян не атрымаў ніводнага ліста: не прапускалі. Ягоныя лісты таксама не даходзілі.

– Маме перадаваў «малявы» праз тых, хто выходзіў на волю, – зазначае Ян. – Хачу падзякаваць усім, хто мяне падтрымліваў, пісаў лісты, а я так і не змог іх атрымаць. Мне расказвалі, што людзі высылалі прыгожыя паштоўкі, ручной працы. Мне вельмі шкада, што я так і не пабачыў іх.

Спаць часта даводзілася на падлозе. Каб усім хапіла месца, з першых ярусаў ложкаў здымалі матрацы, клалі іх на падлогу, а на краты ложка – куртку. У адказ на просьбу даць дадатковыя матрацы, загадчык гаспадаркі сказаў, што «ў камеры іх столькі, колькі трэба».

– Самым непрыемным былі вошы і тараканы, – распавядае Ян. – Мы скардзіліся і патрабавалі, каб іх вытруцілі, але адказ быў адзін: «Вас у камеры шмат, бярыце і самі іх душыце».

«Пʼяніцы, пачуўшы за што мы сядзім, заракаліся піць»

Самым цяжкім для маладзёна быў першы тыдзень за кратамі.

– Цябе вырвалі са звычайнага актыўнага жыцця, закінулі ў інфармацыйны вакуум, няма ніякай сувязі ні з кім, усё, што ты бачыш цягам дня, – сцяна. Час цягнуўся вельмі доўга, – згадвае Ян.

Фота зробленыя праз Zoom: ТК / Белсат

Крыху ачуняўшы, хлопец пастанавіў заняцца навучаннем. Ян хоча працаваць у фронт-энд-распрацоўванні, таму прасіў, каб яму перадавалі кнігі аб праграмаванні. Прачытаў «1984» Оруэла на беларускай мове.

– У пэўны момант у камеры сабралася выдатная кампанія: настаўнік і рэпетытар англійскай мовы, ўэб-распрацоўнік, фітнес-трэнер, – кажа маладзён. – Мы размаўлялі па-англійску, гралі ў шахматы, займаліся фітнесам і праграмаваннем.

Паводле Яна, каля 95 % людзей, з якімі давялося сядзець, – «палітычныя», асобы, якія не паляць, не пʼюць, з вышэйшай адукацыяй: інжынеры, праектавальнікі, праграмісты, выкладчыкі… Астатнія 5 % – пʼяніцы і бяздомнікі.

– Іх прыводзілі да нас ужо пасля выцвярэзніка, але не мылі, не пераапраналі. Калі яны схадзілі пад сябе, што было часта, так у гэтым і сядзелі ды смярдзелі, – прыгадвае былы вязень. – Яны здзіўляліся, калі чулі, за што мы сядзім. Нібыта і не ведалі, што ў краіне адбываецца. А паслухаўшы нас, жахаліся і заракаліся піць.

Маладзён заўважыў, што за пʼянку, дробнае хуліганства давалі арышт 3–5, найбольш 10 содняў. Усе, хто сядзеў з Янам за ўдзел у акцыях, атрымлівалі па 15 дзён.

Стаўленне з боку персаналу Ян называе нармальным. Толькі аднойчы яго вывелі на мароз проста ў шортах за тое, што прылёг на ложак удзень.

– Запыталі: «Спіна баліць? Дык зараз мы яе табе выраўняем». Схапіліся за дубінку, – кажа Ян. – Не даўшы апрануцца, вывелі на вуліцу. Мяне тады хутка вярнулі ў камеру, а аднаго хлопца на восем гадзінаў пакінулі на марозе.

«Сказаў, што іду дамоў, –атрымаў чатыры ўдары па галаве»

Ян не чакаў, што трапіць за краты. З 9 жніўня ён прапусціў толькі адзін марш, 25 кастрычніка. Хадзіў на ўсе і быў упэўнены, што можа атрымаць максімум штраф.

Фота зробленыя праз Zoom: ТК / Белсат

– Калі мяне затрымалі, я быў за метраў дзесяць ад калоны, – згадвае маладзён. – Праходзіў уздоўж АМАПу. Я так разумею, якраз у тую хвіліну ім паступіў загад браць людзей. Адзін з іх спыніў мяне, паклаў руку на плячо, запытаў, куды іду. Я сказаў, што дамоў.

Гэта была праўда: марш ішоў тым шляхам, якім мянчук ходзіць дамоў. Была чутная страляніна ў раёне станцыі метро «Маскоўская», і хлопец разумеў, што трэба ісці дахаты.

–Я атрымаў чатыры ўдары па галаве. Мяне закінулі ў бус, – распавядае Ян. – Там на падлозе ляжалі два чалавекі. Я сеў на крэсла – і атрымаў каленам у грудзі. Мне загадалі легчы на падлогу, амапавец сеў мне на нагу. Рукі зацягнулі сцяжкамі, крывавыя сляды ад іх праходзілі яшчэ тыдні два. Мне не было страшна, я злаваўся.

У КДБ абяцалі звышвысокі заробак і палёгкі ў арміі

Да зняволення Ян вучыўся на чацвёртым курсе БДУІРу і працаваў на палову стаўкі ў Навукова-тэхнічным цэнтры КДБ. Заяву на звальненне хлопца прымусілі напісаць у дзень затрымання. У КДБ Ян трапіў на практыку, а потым атрымаў прапанову працы. Абяцалі «звышвысокі заробак», намякнулі на палёгкі ў арміі.

– Гэта была праца паводле спецыяльнасці: праектаванне электронікі, – тлумачыць Ян, чаму пайшоў у КДБ. – Мне падабалася, я гэтым займаўся цягам усяго навучання. Я не бачыў нічога дрэннага ў працы на дзяржаву, яна ў мяне не асацыявалася з працай асабіста на Лукашэнку. І я быў гатовы сысці, калі давядзецца рабіць нешта, што будзе пярэчыць маім прынцыпам, напрыклад, абсталяванне для разгону мітынгаў.

Фота зробленыя праз Zoom: ТК / Белсат

«Звышвысокага» заробку Ян так і не пабачыў: за палову стаўкі яму плацілі 440 рублёў.

У студзені Яна выключылі з універсітэту. Гэта зусім не засмуціла хлопца:

– Беларускі дыплом амаль нідзе больш не прызнаецца. Веды, якія можа даць нашая адукацыя, я ўжо атрымаў. Усё роўна раней ці пазней давялося б ісці на нейкія курсы, каб развівацца далей.

У Беларусь вярнуся ў любым выпадку

Цяпер Ян стараецца адаптавацца на новым месцы. У якім менавіта, юнак пакуль не гатовы сказаць. Пагатоў не ўпэўнены, што гэта канчатковы пункт: магчыма, паедзе далей.

Найбольш перашкаджае няведанне мовы.

Ян Салановіч на новым месцы. Маладзён пакуль не гатовы казаць, у якім горадзе цяпер жыве. Фота прадстаўлена рэдакцыі

– Я тут адзін, сам гатую сабе, – кажа Ян. – Наперадзе яшчэ шмат пытанняў, якія трэба развязаць – з навучаннем, працаю, дакументамі. Але не сумую. Мне цяпер шмат дапамагаюць, я вельмі ўдзячны гэтым людзям.

Ян з’ехаў, бо разумеў: хутка зноў можа апынуцца за кратамі ці ў арміі:

– А там тыя самыя людзі, што некалі падкупілі мяне добрымі ўмовамі, створаць невыносныя абставіны, аж да таго, што я не ўпэўнены, што вярнуўся б дамоў жывым.

Пра эміграцыю хлопец думаў яшчэ з дзяцінства. Ян займаўся каратэ, шмат ездзіў за мяжу на спаборніцтвы. Бачыў, як жывуць людзі, і параўнанне са сваёй краінаю засмучала. Але падчас перабывання на Акрэсціна пачаў схіляцца да таго, што ўсё ж хоча жыць у Беларусі.

– Але ў незалежнай Беларусі, – падкрэслівае былы палітычны вязень. – У такой, дзе не будзе заробкаў па 340 рублёў, дзе не будуць хлусіць, крывадушнічаць, за чыстымі фасадамі хаваць разруху, дзе не будуць затрымліваць за шпацыры па вуліцы. Маё вяртанне – гэта пытанне часу і змены палітычнай сітуацыі. Я вярнуся ў Беларусь у любым выпадку: там мае блізкія, сябры, мой дом.

Фота зробленыя праз Zoom: ТК / Белсат

Ганна Ганчар, фота ТК belsat.eu

Стужка навінаў