16-гадоваму хлопцу з эпілепсіяй далі 5 гадоў калоніі за «масавыя беспарадкі»

16-гадоваму Мікіту Залатарову прысудзілі 5 гадоў калоніі за «масавыя беспарадкі». Фота: ЛШ / Белсат

16-гадоваму Мікіту Залатарову прысудзілі 5 гадоў калоніі за «масавыя беспарадкі» (артыкул 293 КК). Пра гэта паведамляе карэспандэнт «Белсату».

22 лютага суддзя Дзмітрый Дэбой вынес прысуд у крымінальнай справе за «масавыя беспарадкі».

Разам з падлеткам асудзілі яшчэ дваіх мужчынаў: 25-гадовага Дзмітрыя Карнеева пазбавілі волі на 8 гадоў, 28-гадовы Леанід Кавалёў пакараны 6 гадамі калоніі. Пракурор Яўген Фартушняк прасіў для абвінавачаных: Залатарову – 6 гадоў, Кавалёву – 7 гадоў, Карнееву – 8 гадоў калоніі.

Суддзя Дзмітрый Дэбой агучвае вырак. Фота: ЛШ / Белсат
Прысуд па справе аб «масавых беспарадкаў». Гомель, 22 лютага 2021 г. Фота: ЛШ / Белсат

Жыхароў Гомля, Гомельскага раёну і Добрушу вінавацілі ў масавых беспарадках, гвалце над міліцыяй, незаконных дзеяннях з гаручымі рэчывамі («кактэйлі Молатава»), а Леаніда Кавалёва – яшчэ і ва «ўцягванні няпоўнагадовага ў супрацьпраўныя паводзіны».

Кавалёў і Залатароў сваю віну не прызнаюць. Карнееў прызнае часткова.

Мікіта Залатароў хварэе на эпілепсію. Ягоны бацька расказваў журналістам, што Мікіту білі ў міліцыі і СІЗА. Афіцыйная праверка не знайшла складу злачынства. Мікіта заявіў на судзе, што яго білі не толькі ў жніўні, але і 29 снежня ў гомельскім СІЗА. Паводле яго, яму ў СІЗА не даюць таблетак.

МГ belsat.eu

Hавiны