Экспарт расейскай нафты пасля ўвядзення «столі» цэнаў упаў на 54 %


З 5 снежня, усяго праз тыдзень пасля ўвядзення «столі» цэнаў, экспарт расейскай нафты ўпаў на 1,86 млн барэляў за дзень – да 1,6 млн. Пра гэта паведамляе агенцтва «Bloomberg».

Экспарт нафты. Крыніца: eastrussia.ru

«За першы поўны тыдзень пасля ўступлення ў сілу забароны ЕЗ на імпарт расейскай нафты марскім шляхам агульны аб’ём паставак з краіны скараціўся на 1,86 млн барэляў за дзень, або на 54 %, да 1,6 млн», – гаворыцца ў матэрыяле.

Збольшага на скарачэнне аб’ёмаў паставак паўплывалі працы ў порце на Балтыйскім моры. Акрамя таго, прынамсі два буйныя суднаўладальнікі, якія ажыццяўлялі перавоз з усходніх партоў Расеі, адклікалі свае танкеры з маршруту, каб не страціць страхоўку. Пазней гэтыя пастаўкі могуць аднавіцца, мяркуе агенцтва.

Нагадаем, 5 снежня афіцыйна набыло моц рашэнне пра эмбарга на пастаўку расейскай нафты ў краіны Еўрапейскага Звязу. У той жа дзень пачала дзеяць «столь» цэнаў на расейскую нафту, якую ўвялі Еўразвяз, «Вялікая сямёрка» і Аўстралія. Абмежаванне цаны азначае, што еўрапейскія кампаніі не змогуць даваць свае паслугі нават для транзіту расейскай нафты, калі цана перавышае $ 60 за барэль.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў