Чэмпіянат свету ў Катары скончыўся. Пра футбол пагутарылі з палітыкамі і дыпламатамі


Фінал чэмпіянату свету па футболе ў Катары. 18 снежня 2022 года.
Фота: Moritz Mueller / imago sport / Forum

Увесь свет апошні месяц сачыў за фінальнымі гульнямі 22-га чэмпіянату па футболе. У фінале гулялі нацыянальныя зборныя Аргентыны і Францыі. А сярод беларускіх дыпламатаў, якія адмовіліся рэпрэзентаваць лукашэнкаўскую Беларусь пасля выбараў 2020 года і звольніліся на знак пратэсту супраць гвалту і беззаконня, былі акурат тыя, хто ў свой час працаваў у гэтых краінах. З гэтае нагоды пагутарылі з імі пра футбол.

Абодва дыпламаты – і Павел Латушка, былы кіраўнік беларускага прадстаўніцтва ў Французскай Рэспубліцы (2012–2019), і Уладзімір Астапенка, папярэдні амбасадар у Аргентыне, Чылі, Парагваі і Перу па сумяшчэнні, амбасадар Беларусі ў шэрагу лацінаамерыканскіх краінаў у 2008–2020 гадах, уважліва сачылі за вызначальным двубоем найлепшых дружынаў свету.

Хіба што Уладзімір Астапенка са значна больш пільным інтарэсам і аналізам, бо Павел Латушка – абсалютна не аматар футболу і спорту. Тым не меней, спадар Латушка, цяперашні кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення і намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінету Беларусі, да просьбы «Белсату» пракаментаваць тое, што французы другі раз запар згулялі ў фінале чэмпіянату планеты, паставіўся з павагаю.

«Футбол у Францыі – гэта больш чым футбол»

«Футбол у Францыі – гэта больш чым футбол. Гэта больш, чым проста спорт. Гэта свята, гэта жыццё. Мне прыходзілася бываць на «Stade de France» некалькі разоў, у тым ліку на гульні зборнай Беларусі (10.10.2017 г. Адборачны матч чэмпіянату свету. Перамога Францыі – 2:1). Але асабліва запомніўся двубой Францыя – Украіна (19.11.2013 г. Стыкавы матч кваліфікацыі чэмпіянату свету. Перамога Францыі 3:0). Я, прызнаюся, заўзеў за Украіну. Мяне вельмі ўразіла вялізнае адчуванне свята, калі людзі разам узнімаюцца са сваіх месцаў, махаюць сцягамі проста ў такт, сінхронна.  Гэта дакладна не было шоу, гэта былі самыя натуральныя эмоцыі.

Французскія заўзятары на авеню дэ Шанз-Элізэ падчас фіналу паміж Францыяй і Аргентынай. 18 снежня 2022 года.
Фота: Denis Balibouse / Reuters / Forum

Канечне, Францыя і футбол – гэта і бойкі, і змаганні на вуліцах, што ёсць найгоршым бокам свята, але тая энергія, якая накопліваецца дзякуючы самым станоўчым эмоцыям, збольшага прыводзіць да ўсмешак і радасных воклічаў. У Францыі ўсе гавораць пра футбол, спрачаюцца, аналізуюць. Усе любяць футбол. Хіба што, можа, крыху больш любяць віно і сыры. Канечне ж, у нядзелю я заўзеў за Францыю, але нашых эмоцыяў не хапіла, каб падтрымаць стойкасць хлопцаў у серыі пенальці».

Уладзімір Астапенка вынікам чэмпіянату не здзіўлены 

Уладзімір Астапенка, намеснік прадстаўніка па міжнародных стасунках Аб’яднанага пераходнага кабінету, намеснік кіраўніка НАУ:

«Я сапраўды заўзятар са стажам. Магу ўзгадаць, што наведваў матчы зборнай СССР у «Лужніках» і гульні на Кіеўскім рэспубліканскім стадыёне ды шмат яшчэ дзе бачыў самыя розныя клубы і нацыянальныя дружыны.

Канечне ж, на арэне «Bombonera» ў Буэнас-Айрэсе прысутнічаў не аднойчы. У свой час Пэле сказаў, што гэта быў самы цяжкі стадыён, на якім яму даводзілася калісьці гуляць. Таму што заўзятары літаральна вісяць над полем. 55 000 ствараюць неверагодны «допінг», як гэта называюць у Польшчы.

Больш за тое, на гэтай арэне катэгарычна забаронена прадаваць квіткі заўзятарам іншых камандаў. То бок на матч могуць трапіць выключна фанаты «Бокі». З’яўленне там чужака небяспечнае самымі цяжкімі наступствамі.

З задавальненнем паглядзеў і фінальны матч чэмпіянату планеты. Ад першай да апошняй хвіліны. Для мяне не было неспадзяванкаю, што Аргентына павяла ў ліку. Яна гуляла з натхненнем, з азартам. Захапіла цэнтр поля, прэсінгавала вельмі актыўна. Таму першы тайм яны выгулялі заслужана. Але не дзіўна, што да 80-й хвіліны ўжо фізічна падселі, а французы дадалі, і атрымалася такая драматычная развязка.

А як там у Аргентыне?

«У Буэнас-Айрэсе месцяцца два аргентынскія суперклубы – «Boca Juniors» ды «River Plate». Вы каму аддавалі перавагу?»

«Boca Juniors», якая грае ў сіне-жоўтых колерах, ды «River Plate», форма якога белая з чырвонаю паласою па дыяганалі, па вялікім рахунку, не кранулі майго сэрца, – прызнаецца Уладзімір Астапенка. – Актыўным заўзятарам ні таго, ні іншага клубу я не стаў. Хаця з вялізным інтарэсам некалькі разоў пабываў на дэрбі гэтых дружынаў. Хіба што з-за бел-чырвона-белай формы бліжэй мне быў «River». Тым больш што і амбасада нашая знаходзілася ў гэтым раёне. Але на матчы зборнай Аргентыны не ўдалося пабываць ні разу.

«Галоўны трэнер аргентынцаў Льёнэль Скалёні і лідар каманды Льёнэль Мэсі родам з аднаго гораду ў правінцыі Санта-Фэ – Расар’ё. Гэта магло дапамагчы ў камунікацыі паміж імі?»

«Скалёні ўзяў зборную, зацэментаваную ўжо вакол Мэсі, і задачаю маладога настаўніка было не перашкаджаць, а даць магчымасць будаваць сваю гульню, што ў выніку ў гэтым фінале капітану каманды бліскуча ўдалося.

Заўзятары ў Буэнас-Айрэсе падчас фіналу чэмпіянату. 18 снежня 2022 года.
Фота: Mariana Nedelcu / Reuters / Forum

«А ў самім Расар’ё былі?»



«Так, і не аднойчы за два з паловаю гады працы ў Аргентыне. Звычайны, стандартны, партовы, працоўны горад, у якім, канечне, усе ведаюць пра Мэсі, але той раён, у якім ён нарадзіўся, не рэкамендуюць наведваць. Пра Льёнэля яшчэ ведаюць як пра буйнога дэвэлапера – прадпрымальніка ў сферы нерухомасці. Ён мае вялізны гатэльны комплекс «City Centre Rosario», дзе адзначаў вяселле ў 2017 годзе. Комплексам кіруе ягоны бацька – Хорхэ Мэсі. Але ўсё, што навокал, – суцэльнае жабрацтва, дзе вельмі складаная абстаноўка са злачыннасцю, уключаючы сур’ёзны абарот наркотыкаў».

«Акрамя Аргентыны за кім яшчэ прыглядалі на чэмпіянаце свету?»

«Мне вельмі сімпатычнаю была каманда Марока і ўвогуле зборныя з краінаў, што развіваюцца. Яны збольшага паказалі даволі высокі ўзровень футболу. Гэта гаворыць аб глабальнасці віду спорту, аб тэндэнцыях. Я думаю, што ў найбліжэйшай будучыні старушцы Еўропе і той жа Лацінскай Амерыцы будзе вельмі няпроста з імі спаборнічаць».

«Як Вы думаеце, ці глядзелі беларусы масава футбол, альбо інтарэс да відовішчаў нівеляваўся падчас вялізнага палітычнага і эканамічнага крызісу ў краіне?»

«Напэўна, можна меркаваць, што футбол – гэта аддушына, якой сапраўдныя заўзятары наталяюцца ва ўмовах блізкай вайны, ва ўмовах суагрэсіі, якая з тэрыторыі Беларусі здзяйсняецца і ва ўмовах татальных рэпрэсій рэжыму, застрашвання сваіх жа грамадзянаў. На маю думку, гэта вялікая ганьба краіне і ўладам, калі па нацыянальным тэлебачанні не паказваюцца з-за санкцыяў матчы чэмпіянату свету, які праводзіцца раз на чатыры гады. Але ўпэўнены, беларусы хутка змогуць вызваліцца ад гэтага ярма, а беларускі футбол выйдзе на больш высокі ўзровень, і нашая зборная калісьці нарэшце трапіць на топ-турнір.

Аляксандр Пуціла    belsat.eu

Стужка навінаў