Ад 3 да 12 гадоў: караць турэмнымі тэрмінамі за заклікі да санкцыяў у Беларусі пачнуць праз 10 дзён


Змяненні ў Крымінальны кодэкс Беларусі, якія прадугледжваюць адказнасць за заклікі да санкцыяў, былі апублікаваныя на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале 21 снежня. Яны набудуць моц праз 10 дзён пасля апублікавання – 31 снежня.

Рабочыя ААТ «Горадня Азот» страйкуюць на прадпрыемстве. «Горадня Азот» – адно з прадпрыемстваў, якое трапіла пад пяты пакет санкцыяў. Горадня, Беларусь. 19 жніўня 2020 года.
Фота: Белсат

Адказнасць за заклікі да санкцыяў будзе рэгламентавацца артыкулам 361 КК у новай рэдакцыі. Раней гэты артыкул гучаў як «Заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспубліцы Беларусь». Цяпер фармулёўка такая: «Заклікі да мераў абмежавальнага характару (санкцыяў), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь».

Hавiны
Лукашэнка ўвёў крымінальную адказнасць за заклікі да санкцыяў
2021.12.14 18:22

Паводле часткі 1 новага 361 артыкулу, абмежаваннем волі на тэрмін да 5 гадоў ці пазбаўленнем волі на тэрмін да 6 гадоў будуць карацца публічныя заклікі да:

– захопу дзяржаўнай улады,

– гвалтоўнага змянення канстытуцыйнага строю Рэспублікі Беларусь,

– здрады дзяржаве,

– здзяйснення дзеянняў, накіраваных на парушэнне тэрытарыяльнай цэласнасці Рэспублікі Беларусь,

– здзяйснення іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, у тым ліку на прымяненне мераў абмежавальнага характару (санкцыяў) у дачыненні Рэспублікі Беларусь, фізічных і юрыдычных асобаў Рэспублікі Беларусь,

– за распаўсюд матэрыялаў, якія ўтрымліваюць такія заклікі, пры адсутнасці прыкметаў больш цяжкага злачынства.

Паводле часткі 2 пакаранне больш жорсткае – пазбаўленне волі ад 3 да 10 гадоў, і наступае за такія ж заклікі, накіраваныя да замежных арганізацыяў ці дзяржаваў.

Частка 3 прадугледжвае адказнасць за дзеянні, апісаныя ў першых двух частках, здзейсненыя з выкарыстаннем сродкаў масавай інфармацыі ці інтэрнэту, а таксама службовымі асобамі з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў, ці за дзеянні, якія пацягнулі за сабой цяжкія наступствы. У гэтым выпадку пакаранне складзе пазбаўленне волі на тэрмін ад 4 да 12 гадоў.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў