У Італіі асудзілі больш як 200 мафіёзі, якія кантралявалі і тэрарызавалі цэлую правінцыю


Італьянскі суд 20 лістапада прызнаў вінаватымі і асудзіў больш як 200 чальцоў мафіёзнай групоўкі «Ндрангета». Сам працэс можна назваць найбуйнейшым у Італіі судом у справе мафіі за апошнія тры дзесяцігоддзі, піша «The Guardian».

Італьянская паліцыя.
Фота: Mark Ahsmann / Wikimedia

Працэс цягнуўся тры гады і праходзіў у зале суда строгага рэжыму, адмыслова пабудаваным у горадзе Лямэц’я-Тэрмэ (у паўднёвай частцы Калябрыі) для ўтрымання да 350 абвінавачаных, размяшчэння 400 адвакатаў і выслухоўвання 900 сведкаў, якія далі паказанні супраць чальцоў «Ндрангеты».

Хоць больш як 100 чалавек былі апраўданыя, прысуд нанёс адзін з самых значных удараў па магутным сіндыкаце арганізаванай злачыннасці, які валодае амаль манаполіяй на еўрапейскі гандаль какаінам.

Амаль усіх абвінавачаных арыштавалі ў снежні 2019 года пасля працяглага расследавання, якое пачалося ў 2016 годзе і ахапіла як мінімум 11 рэгіёнаў Італіі. Затрыманні таксама прайшлі ў Нямеччыне, Швейцарыі і Балгарыі.

Пракурор Ніколя Гратэры распавёў «Guardian», што гэта была самая буйная аперацыя супраць мафіі з часоў вялікіх працэсаў у Палерма ў 1986–1992 гадах, калі перад судом паўсталі 475 асобаў.

Абвінавачванні ўключалі жорсткія напады, знікненні, забойствы, кантрабанду наркотыкаў, вымаганне, карупцыю пры заключэнні дзяржаўных кантрактаў, назапашванне зброі, маніпуляванне выбарамі і хабарніцтва. Як заяўляецца, чальцы мафіі з клану Манкуза кантралявалі правінцыю Віба-Валентыя, душачы мясцовую эканоміку, пранікаючы ў дзяржаўныя ўстановы і тэрарызуючы насельніцтва.

Каб захоўваць і перавозіць зброю і наркотыкі, выкарыстоўваліся ў тым ліку капліцы на могілках і машыны хуткай дапамогі. Для сваёй абароны мафіёзі пабудавалі цэлыя бункеры з падземнымі тунэлямі і сховішчамі ў лясах і гарах.

Даследаванне, праведзенае даследчым інстытутам «Demoskopita» ў 2013 годзе, паказала, што «Ндрангета» больш фінансава магутная за «Deutsche Bank» і «McDonald’s» разам узятыя, з гадавым абаротам у 53 мільярды еўраў.

Кіраўнік клану Люіджы Манкуза быў выключаны са спісу абвінавачаных, каб паўстаць перад асобным судом. На судзе ж уся ўвага была прыкутая да ягонага пляменніка Эмануэле Манкуза, які раскрыў сакрэты клану, атрымаўшы абарону паліцыі. У лік абвінавачаных увайшлі высокапастаўлены паліцыянт, мэры, іншыя дзяржаўныя службоўцы і бізнесоўцы.

Агулам было асуджана 207 з 350 абвінавачаных. Двое высокапастаўленых чальцоў мафіі ў выніку атрымалі 30 гадоў зняволення. А былы дэпутат Джанкарла Пітэллі быў асуджаны на 11 гадоў турэмнага зняволення за дапамогу мафіёзнаму клану.

Большасць асуджаных заявіла, што будзе абскарджваць свае прысуды.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў