У Івацэвічах закрываюць папраўчую калонію №5


Аляксандр Лукашэнка 19 кастрычніка падпісаў указ аб ліквідацыі папраўчай калоніі №5 у Івацэвічах. Дакумент апублікаваны на Нацыянальным прававым партале.

Папраўчая калонія №5 у Івацэвічах.
Фота: postalovsky-a.livejournal.com

Калонію, якая належыць упраўленню Дэпартаменту выканання пакаранняў МУС па Берасцесйкай вобласці, ліквідуюць «у мэтах аптымізацыі структуры папраўчых устаноў і лячэбна-працоўных прафілакторыяў». Так, згодна з указам аб ліквідацыі папраўчай установы, на яе месцы плануюць стварыць лячэбна-працоўны прафілакторый.

Цяпер МУС павінна за тры месяцы ліквідаваць ПК-5 і зарэгістраваць на яе месцы ЛПП-8. Прафілакторыю перададуць усю маёмасць калоніі. Таксама ведамства павінна зацвердзіць структуру і штатны расклад ЛПП.

Папраўчая калонія №5 у Івацэвічах.
Фота: postalovsky-a.livejournal.com
Папраўчая калонія №5 у Івацэвічах.
Фота: postalovsky-a.livejournal.com

Цяпер у папраўчай калоніі ў Івацэвічах адбываюць пакаранне сямёра палітвязняў: Антон Баброў, Аляксей Сямёнаў, Аляксандр Францкевіч, Аляксандр Аўдзяюк, Ілля Дубскі, Павел Беленік і Павел Пяскоў. Гэтыя дадзеныя размешчаныя на сайце праваабарончага цэнтру «Вясна».

Лячэбна-працоўны прафілакторый, які хочуць адкрыць на месцы калоніі, займаецца прымусовай ізаляцыяй і медыка-сацыяльнай рэадаптацыяй з абавязковым прыцягненнем да працы грамадзянаў, хворых на хранічны алкагалізм, наркаманію або таксікаманію.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў