Магілёўца затрымалі за 23.34 кіламетра на ровары і меры спагнання для Статкевіча


У Беларусі працягваюцца затрыманні і суды паводле палітычна матываваных справаў. «Белсат» адсочвае выпадкі пераследу беларусаў. Пра што стала вядома 21 кастрычніка чытайце ў нашым аглядзе.

Магілёўца Вадзіма Кашкуру затрымалі за ўдзел у марафоне салідарнасці з палітвязнямі ў 2021-ым годзе, які ладзіў Беларускі фонд спартовай салідарнасці. Тады 39-гадовы мужчына праехаў 23.34 кіламетра на ровары. Ён пісаў пра марафон і свой удзел у ім з уласнай старонкі ў Instagram. Вядома, што ён працуе ў Магілёўскім дзяржаўным машынабудаўнічым каледжы.

Вадзім Кашкур. Крыніца: viasna96 / Telegram

Супрацоўніка гарадзенскай піцэрыі пакаралі 5-цю гадамі ўзмоцненага рэжыму. Піцаёлу (майстра выпечкі піцы) Сяргея Ботвіча затрымалі сёлета ў студзені, працэс над ім скончыўся ў канцы жніўня, але пра вырак стала вядома толькі цяпер. Яму ставілі ў віну адміністраванне дваравых чатаў, заклікі да людзей выходзіць на пратэсты і ўжываць гвалт у дачыненні сілавікоў (напрыклад, «паліць аўтазакі»). Каб вызначыць ступень віны Сяргея, была праведзеная лінгвістычная экспертыза. Мужчына прызнаў сваю віну часткова.

Байкера Андрэя Іванюшына з Менску, які гэтым летам выйшаў з шклоўскай калоніі, хутка зноў будуць судзіць. Першы раз яго затрымалі за інцыдэнт, які адбыўся 19 верасня 2020 года каля ГЦ «Еўропа». Тады невядомыя сталі затрымліваць аднаго з матацыклістаў, а астатнія пачалі яго абараняць. У выніку Андрэя абвінавацілі ў гвалце ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі (арт. 364 КК) і прысудзілі 2,5 гады калоніі. Цяпер яму ставяць у віну тры эпізоды паводле арт. 342 КК за ўдзел у акцыях пратэсту. Суд над ім адбудзецца 31 кастрычніка ў судзе Савецкага раёну Менску.

Жонка палітзняволенага палітыка Міколы Статкевіча Марына Адамовіч распавяла, што да ейнага мужа за перыяд з 10 траўня прымяняліся меры спагнання 9 разоў:

  • у выглядзе вымовы – 1 раз (29.06.2023);
  • у выглядзе пазбаўлення права на атрыманне чарговай пасылкі або перадачы – 1 раз (08.08.2023);
  • у выглядзе пазбаўлення чарговага кароткатэрміновага спаткання – 1 раз (07.08.2023);
  • у выглядзе пазбаўлення чарговага працяглага спаткання – 1 раз (28.09.2023);
  • у выглядзе змяшчэння ў штрафны ізалятар – 5 разоў (01.06.2023, 20.07.2023, 14.08.2023, 05.09.2023, 06.10.2023).

Мікалай Статкевіч знаходзіцца за кратамі больш за 3 гады і 4 месяцы. Яму прысудзілі 14 гадоў зняволення ў калоніі асаблівага рэжыму. Увесь час яго рэгулярна змяшчаюць у ШІЗА.

Праз няўдалую вёрстку на адной са старонак мазырскай раённай газеты «Жыццё Палесся» сілавікі будуць шукаць «экстрэмістаў» у рэдакцыі. Так, у нумары газеты за 19 кастрычніка на адной старонцы з матэрыялам пра заклік паступаць у Ваенную акадэмію РБ да абітурыентаў размясцілі рэкламу некалькіх рытуальных паслуг, іншай рэкламы на старонцы амаль няма. У выніку «неабыякавыя грамадзяне» пабачыўшы гэта, паведамілі сілавікам.

Старонка мазырскай раённай газеты «Жыццё Палесся» за 19 кастрычніка. Крыніца: guBAZA / Telegram

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў