Для каго жыллё ў Беларусі патаннее на 20%? 

Многія дзяржаўныя медыя днямі выдалі навіну: ўжо сёлета кошт квадратнага метра жылля будзе на 20% меншым за сярэдні заробак. Да канца году. Толькі нідзе не сталі тлумачыць, пра якое жытло ідзе гаворка і для каго цэны стануць ніжэйшымі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Будаўніцтва жылога дома ў Менску.
Фота: VASILY FEDOSENKO / Reuters / Forum

Адкуль навіна?

Віцэ-прэм’ер Анатоль Сівак заявіў дзяржаўным СМІ: кошт квадратнага метра жылля не павінен перавышаць сярэднемесячны заробак. «Калі кошт квадратнага метра роўны сярэднямесячнай зарплаце, то каэфіцыент 1. У нас будуць паказчыкі дзесьці ў раёне 0,8, гэта значыць квадратны метр будзе каштаваць на 20% менш за памер сярэднямесячнага заробку», – сказаў ён.

Разам з гэтым чыноўнік распавёў, што ў Беларусі прымаюцца неабходныя захады для падтрымання цэнавай стабільнасці і стрымлівання росту кошту жыллёвага будаўніцтва – шляхам пашырэння дзяржаўнага рэгулявання цэнаў на будаўнічыя матэрыялы з усталяваннем гранічных нарматываў рэнтабельнасці і нацэнак.

У той жа дзень міністр архітэктуры і будаўніцтва Руслан Пархамовіч распавядаў: «Усе даведзеныя паказчыкі па агульным ўводзе, жыллі з дзяржпадтрымкай за 9 месяцаў бягучага году выкананыя. Таксама мы плануем скончыць бягучы год з выкананнем усіх паказчыкаў. Што тычыцца наступнага году, ён вызначаны дзяржаўнай праграмай будаўніцтва жылля з ростам і паводле агульнага ўводу, і па дзяржпадтрымцы. Ніхто ад гэтых планаў не мае намеру адмаўляцца. Мы будзем працягваць нарошчваць жыллёвае будаўніцтва. 4,3 млн кв. м жылля агульнага ўводу, 1,3 млн – з дзяржпадтрымкай. Такія планы ў нас пазначаныя ў дзяржпраграме».

Што мелася на ўвазе?

Цэны на жыллё, якое будуецца для чаргавікоў, заўсёды рэгуляваліся дзяржавай. Лозунгу «Кошт метра павінен быць меншым за сярэднюю зарплату па краіне» ўжо гадоў дзесяць. Дамагчыся гэтага паказчыка ўжо ўдавалася – у 2018-м тагачасны міністр архітэктуры і будаўніцтва Анатоль Чорны казаў, што кошт квадратнага метра жылля, пабудаванага з дзяржаўнай падтрымкай, упершыню за пяць гадоў апусціўся ніжэй за сярэдні заробак. Каэфіцыент склаў 0,96.

Важны момант – каму належыць жыллё з дзяржпадтрымкай, чый метр так хвалюе дзяржаву і за якім так пільна сочаць?  Даўно ўжо няма дзяржпадтрымкі для звычайных чаргавікоў. Самыя масавыя катэгорыі, якія могуць прэтэндаваць на льготныя крэдыты і субсідыі (пад 1-5% гадавых) – шматдзетныя і сілавікі. Уласна, аб абмежаванні кошту жылля для гэтых катэгорый грамадзян гаворка і вядзецца.

Мала таго, гаворка выключна пра жыллё тыпавых спажывецкіх якасцяў – гэта значыць панэлькі. Бывае, што спіс дамоў, якія будуюць з дзяржпадтрымкай, карэктуецца, і ў яго трапляюць дамы, якія будуюцца па індывідуальных праектах, маналітна-каркасныя. Але гэта хутчэй выключэнне, чым правіла. І там цэны льготных метраў ўсталёўваюцца ўжо зыходзячы з сабекошту будаўніцтва. Без азірання на: «сярэдняя зарплата = сярэдні метр». Паколькі сабекошт вышэй. Цану абмяжоўвае толькі пяціпрацэнтны прыбытак.

Меркаванні
Колькі гадоў беларусу трэба ашчаджаць, каб набыць двухпакаёвую кватэру?
2022.09.23 17:41

Колькі жылля будуецца з дзяржпадтрымкай?

Людзі часта блытаюць жыллё, пабудаванае для чаргавікоў і жыллё, пабудаванае з дзяржпадтрымкай.

Першае будуецца з абмежаваннем прыбытку нарміраваных метраў (гэта значыць яго кошт складаецца з сабекошту плюс 5% прыбытку). Гэта значыць чаргавікі, якіх на будаўніцтва накіроўвае дзяржава, могуць пабудавацца адносна нядорага. Але – за свае сродкі або з дапамогай камерцыйнага крэдыту.

Жыллё, якое будуецца з дзяржпадтрымкай, прызначана не проста для чаргавікоў, а для тых з іх, хто можа прэтэндаваць на дзяржпадтрымку. Прэтэндаваць на яе могуць дзве масавыя катэгорыі – шматдзетныя і сілавікі, плюс некалькі не масавых (накшталт сем’яў з дзіцём-інвалідам).

Для чаргавікоў з выкарыстаннем дзяржаўнай падтрымкі ў 2021 годзе пабудавалі 1 мільён 335,1 тысячы квадратных метраў, з іх 929,6 тысячы квадратных метраў – для шматдзетных.

Але трэба ўлічваць, што ўвесь гэты аб’ём «размазваецца» па краіне. І калі ў абласных і раённых цэнтрах і метр ўкладваецца ў нарматыў, і чарга шматдзетных скарачаецца, і субсідуецца ім практычна ўвесь кошт жылля, то ў Менску сітуацыя іншая.

Ёсць такое паняцце – гранічны нарматыў кошту квадратнага метра. З 4 лютага ён складае 898 рублёў. Для шматдзетнай сям’і менш – 817 рублёў, а для шматдзетных сем’яў, якія будуюць у сельскай мясцовасці аднапакаёвыя або блакаваныя дамы, ён, наадварот, большы – 1033 рублі. Гэта значыць субсідыя – магчымасць пагасіць пад 1% толькі гэтую суму з кошту квадратнага метра. У Менску шматдзетных накіроўваюць у дамы, дзе квадратны метр каштуе вышэй за 1600 рублёў. Выходзіць, што 783 рублі для аплаты кошту кожнага метра сям’я павінна адшукаць самастойна. Або ўзяць на іх камерцыйны крэдыт. Калі дадуць.

Што для іх азначае зніжэнне кошту квадратнага метра, які будуецца з дзяржпадтрымкай? Паляпшэння – калі намаганні па зніжэнні цаны будуць прынятыя і ў Менску. Але назіранні паказваюць, што зніжэнне кошту адміністрацыйнымі мерамі даволі лёгка дасягаецца ў рэгіёнах – не ў Менску. Там прасцей ўсталёўваць гранічныя кошты і менш плаціць рабочым.

А астатнім што з гэтага?

У Беларусі будуецца больш за 4,3 млн квадратных метраў жылля штогод. 70% з іх грамадзяне будуюць за свой кошт або з прыцягненнем камерцыйных крэдытаў. Гэта і кватэры у шматкватэрных дамах, і прыватныя дамы.

І вось гэтых 70% грамадзян, якія не адносяцца да льготных катэгорый, новаўвядзенні па абмежаванні кошту «дзяржметра» ніяк не закрануць. Для іх нічога не зменіцца. Дзяржпадтрымку ім не прапануюць, танных метраў у панэльках таксама. Па-ранейшаму можна спадзявацца толькі на сябе. І на крэдыт пад 19,5% гадавых.

Дзяніс Бетонны / АА belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў