Карабель з украінскім збожжам прыйшоў з Адэсы ў Стамбул, нягледзячы на марскую блакаду з боку Расеі


Першы пасля разрыву Расеяй збожжавай угоды карабель з украінскім збожжам прыйшоў у Басфор у чацвер 21 верасня, піша ВВС. Гэта адбылося нягледзячы на тое, што Расея з моманту скасавання ўгоды ў сярэдзіне ліпеня амаль штоноч бамбіць украінскія парты і элеватары. 

Карабель «Resilient Africa», які перарваў расейскую марскую блакаду і перавёз збожжа з Украіны ў Турцыю.
Фота: Illia Petrivskyi / MarineTraffic

Турэцкі балкер пад сцягам Палаў «Resilient Africa» выйшаў у аўторак 19 верасня з порту «Чарнаморск» з трыма тысячамі тонаў пшаніцы. У чацвер ён падышоў да Басфору.

За ім мусіць пайсці другое судна «Aroyat», з большай партыяй пшаніцы – амаль 20 тысяч тонаў.

Пасля выхаду са збожжавай угоды Расея абвясціла ўсе судны, якія ідуць ва ўкраінскія парты, ваеннымі мішэнямі, што разам з міннай небяспекай закрыла чарнаморскі маршрут украінскага экспарту для большасці марскіх транспартавальнікаў.

Украіна ўзгадніла з Турцыяй альтэрнатыўны маршрут уздоўж узбярэжжа, і ў канцы жніўня з украінскіх партоў выбылі пяць сухагрузаў, заблакаваных з моманту расейскага ўварвання ва Украіну ў лютым 2022 года. Аднак на іх не было збожжа і яны ішлі з Адэсы, а не наадварот. Расейская армія ж абвясціла ваеннымі мішэнямі  толькі тыя караблі, што ідуць ва Украіну.

Hавiны
Першыя караблі па часовым калідоры прыбылі па ўкраінскае збожжа ў порт Адэскай вобласці
2023.09.17 12:04

Украіна – другі найбуйнейшы экспарцёр збожжа ў рэгіёне. Першы – Расея, якая другі год запар збірае рэкордны ўраджай збожжа.

Спробы Крамля знішчыць украінскі збожжавы экспарт, пазбавіць Украіну даходаў і такім чынам пазбавіцца ад галоўнага канкурэнта на збожжавым рынку могуць справакаваць эскалацыю ў Чарнаморскім рэгіёне і перабоі з пастаўкамі ў тым ліку расейскага збожжа, што непазбежна прывядзе да росту сусветных цэнаў на харчы, піша ВВС са спасылкай на экспертаў.

Збожжавая ўгода набыла моц у ліпені 2022 года. Яе падпісалі, каб запэўніць бяспечнае транспартаванне збожжа і харчоў з партоў Украіны. Два асобныя пагадненні былі заключаныя паміж Украінай, Турцыяй і ААН, а таксама паміж Расеяй, Турцыяй і ААН. Пагадненні рэгламентавалі парадак экспарту ўкраінскага збожжа морам, а таксама інспекцыю караблёў у Стамбуле. Расея настойвала, што дамоўленасці аб экспарце расейскай сельгаспрадукцыі і ўгнаенняў, што былі часткаю ўгоды, не выконваюцца. 17 ліпеня Расея заявіла пра выхад са збожжавай угоды.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў