Мінабароны Беларусі абвясціла пачатак чарговых комплексных вучэнняў, але без расейцаў


22–26 верасня на палігонах Беларусі, пераважна ў Берасцейскай, Гарадзенскай і Менскай вобласцях, пройдуць вучэнні. Манеўры адбудуцца ў некалькі этапаў у рамках двухбаковага комплекснага вучэння, паведамляе прэс-служба Мінабароны Беларусі.

Беларускія вайскоўцы. Вучэнні. Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: modmilby / Telegram

«Мэта вучэння – удасканаленне ўзроўню гатовасці органаў вайсковага кіравання аператыўных аб’яднанняў у забеспячэнні бесперапыннага кіравання падпарадкаванымі сіламі і сродкамі ў хадзе вядзення баявых дзеянняў», – гаворыцца ў паведамленні.

У Мінабароны заявілі, што пры задумванні вучэнняў улічваліся сучасныя падыходы выкарыстання войскаў на аснове вопыту сучасных узброеных канфліктаў.

Раней намеснік дзяржсакратара Савету бяспекі Павел Муравейка паведамляў, што 20–26 верасня ў Беларусі пройдуць маштабныя вайсковыя вучэнні, у якіх, акрамя войскаў, будуць залучаныя тэрытарыяльная абарона і народнае апалчэнне.

Між тым ва Украіне ўжо заявілі, што не разглядаюць гэтыя вучэнні як ваенную пагрозу, але рыхтуюцца да магчымай небяспекі. Пра гэта паведаміў камандуючы Аб’яднанымі сіламі Украіны Сяргей Наеў, які адказвае за паўночны кірунак.

Гэта другія вайсковыя вучэнні ў Беларусі за гэты месяц. У пачатку верасня адбылося «Баявое братэрства – 2023» пад эгідай АДКБ. У арганізацыю ўваходзяць Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расея і Таджыкістан. Манеўры адбыліся на пяці палігонах у Берасцейскай, Гарадзенскай і Менскай вобласцях ды на некаторых тэрыторыях недалёка ад мяжы з Польшчай і Літвою. Таксама чакалася, што гэтаю восенню Расея і Беларусь могуць правесці вучэнні серыі «Захад», аднак у выніку расейскае Міністэрства абароны адмовілася ад іх. Раней брытанская выведка паведамляла, што вучэнні былі адмененыя праз праблемы, з якімі Расея сутыкнулася ва Украіне.

Hавiны
Расея абвясціла пра адмену сёлетніх вучэнняў «Захад» у Беларусі
2023.09.04 18:51

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў