Як расейская мабілізацыя закране Беларусь? Юрыдычна – ніяк, але ёсць нюанс


Расея абвясціла 21 верасня частковую мабілізацыю на вайну ва Украіне. Спыталі экспертаў, як гэта закране Беларусь, якая ўваходзіць з Расеяй у «саюзную дзяржаву» і Арганізацыю Дамовы аб калектыўнай бяспецы, а таксама ўжо суўдзельнічае ў расейскай агрэсіі, даючы сваю тэрыторыі для нападу насуперак беларускай Канстытуцыі.

Пакуль не абвешчаная вайна, Беларусь нічога не абавязаная

Дзяржаўны сакратар Савету бяспекі Беларусі Аляксандр Вальфовіч заявіў, што «мабілізацыя – гэта не пра нас, народ Беларусі і краіна мабілізаваныя і так». А што фактычна?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Дзяржаўны сакратар Савету бяспекі Беларусі Аляксандр Вальфовіч наведвае памежную заставу. Берасце, Беларусь. 12 траўня 2022 года.
Фота: gpk.gov.by

Ва ўказе аб частковай мабілізацыі ў Расеі ніяк не згадваецца Беларусь – вядзецца толькі пра Расейскую Федэрацыю. Беларускі вайсковы эксперт у каментары «Белсату» звяртае ўвагу на тое, што ў прававым плане расейская мабілізацыя не значыць для Беларусі нічога: Беларусь мусіла б рэагаваць, калі б Украіна абвясціла Расеі вайну (а гэтага не было), або калі б Дзяржаўная Дума РФ прызнала «напад Украіны на Расею».

«Калі б абвясцілі вайну, тады згодна палажэнням саюзнай дамовы Беларусь мусіла б выступіць на баку Расейскай Федэрацыі, уступіць у вайну», – кажа эксперт.

Калі б такое адбылося, то Беларусь яшчэ мусіла б сама прыняць адпаведныя рашэнні аб абвяшчэнні вайны Украіне. І ўжо тады Беларусь праводзіла б мабілізацыю: прызывала б рэзервістаў, укамплектоўвала б няпоўныя (так званыя кадраваныя) часткі да штатаў ваеннага часу, здымала б тэхніку з захоўвання, стварала запасы паліва, падвозіла б боепрыпасы да зоны баявых дзеянняў…

Пакуль нічога такога Беларусь не робіць і не мусіць рабіць: да абвяшчэння вайны баявыя дзеянні могуць лічыцца аперацыямі, эксцэсамі ці памежнымі эпізодамі. Эксперт перакананы, што нават калі Расея далучыць тэрыторыі Украіны па выніках «рэферэндумаў» і заўважыць «напад Украіны» на гэтыя тэрыторыі, Беларусь не мае абавязкаў ваяваць.

«Аднаго прызнання незалежнасці гэтых «рэспублік» ці ўваходу ў склад Расеі недастаткова, каб Расея папрасіла Беларусь аб дапамозе ў ваенных дзеяннях, – дадае эксперт. – Калі не будзе абвяшчэння вайны з боку Украіны або такога рашэння Дзярждумы, то нават абстрэлы расейскай тэрыторыі ці іншыя варожыя дзеянні не будуць лічыцца вайной і вымагаць рэакцыі Беларусі».

Каментар
Кірыл Міхайлаў: «Асноўная задача мабілізацыі – затыканне дзірак на фронце»
2022.09.21 15:50

Пуцін можа «націснуць» на Лукашэнку, але сэнсу ад гэтага няшмат

Палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі кажа «Белсату», што звяртаць увагу варта не на частковую мабілізацыю, якая датычыць толькі Расеі, а якраз на намер Уладзіміра Пуціна далучыць да Расеі новыя тэрыторыі Украіны. Гэта ўжо дасць і юрыдычнае, і маральнае права патрабаваць ад Аляксандра Лукашэнкі «бараніць святыя рубяжы нашай Айчыны», а Лукашэнка ж і сам любіць казаць пра «агульную Айчыну ад Берасця да Уладзівастоку».

Аляксандр Класкоўскі, беларускі журналіст, палітычны аглядальнік. Менск, Беларусь. 15 чэрвеня 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

Лукашэнка будзе надалей спрабаваць адкруціцца ад таго, каб адправіць беларускія войскі ва «ўкраінскую мясарубку», перакананы Класкоўскі. Напрыклад, ён можа настойваць на тым, што будзе бараніць «агульную Айчыну» ад Польшчы і Літвы:

«Калі згадаць, пра што 20 верасня Лукашэнка гутарыў з Вальфовічам, то там адзін з акцэнтаў быў на тым, што мы павінны прадухіліць удар у спіну рускім братам па зброі, – згадвае Класкоўскі. – Гэта тая міфалогія, якую Лукашэнка і раней раскручваў, шмат гадоў цвердзіў, што беларусы гатовыя легчы пад танкі NATO, атрымліваў за гэта добрыя дывідэнды з Масквы. Сёння ён фактычна працягвае эксплуатаваць тую ж рыторыку ў трохі іншай упакоўцы: раздзімае міфічную пагрозу, што натаўцы нібыта нападуць».

Класкоўскі дадае, што тыя натаўцы самі баяцца нападу Расеі: сапраўды ўзмацняюць усходні фланг, але гэта рэакцыя на расейскую агрэсію ва Украіне, а не рыхтаванне да «ўдару ў спіну Расеі». Ён сумняецца, што ў NATO ёсць авантурысты, якія планавалі б атаку на Беларусь. Але для Лукашэнкі гэта паспяхова працуе як «адмазка» – мо цяпер і будзе цяжэй апраўдваць гэтым няўдзел беларускіх войскаў у вайне, а мо і зноў спрацуе, бо Пуцін таксама схільны верыць у «міфалогію натаўскай пагрозы».

«Нават калі Пуцін разумее, што Лукашэнка хітруе, можа спрацаваць жаданне не ламаць праз калена апошняга хаўрусніка», – дадае Класкоўскі.

Ён разважае: Пуцін мусіць разумець, што «жменька элітных войскаў Лукашэнкі» не мае досведу баявых дзеянняў, а дасведчанае ўкраінскае войска здольнае іх хутка «перамалоць». Вялікага эфекту для Масквы ад гэтага не будзе, а Лукашэнка, па-першае, пакрыўдзіцца, а па-другое – страціць сілы, якімі карыстаецца для нейтралізацыі «ўнутранай пагрозы».

Прынамсі пакуль, лічыць Класкоўскі, Пуцін не стане «выкручваць Лукашэнку рукі», але ў вайне «сюжэт безумоўна абвастраецца» – можна чакаць усяго, аж да выкарыстання ядравай зброі, на якую Пуцін намякаў у тым ліку ў звароце 21 верасня.

Hавiны
Менск як перавалачны пункт: куды хлынуць расейцы пасля аб’яўлення частковай мабілізацыі?
2022.09.21 14:32

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў