Мільярд долараў за падатковы суверэнітэт. Лукашэнка загадаў прадаць Расеі чарговы кавалак незалежнасці


Улады Беларусі і Расеі ўсё далей прасоўваюцца ў пытанні ўніфікацыі заканадаўчай базы ў межах гэтак званай Саюзнай дзяржавы. Ужо найбліжэйшым часам маюць быць «гарманізаваныя» падатковыя пытанні. Гэта пагражае чарговаю здачаю часткі суверэнітэту Беларусі, распавёў «Белсату» эканаміст Дзмітрый Крук.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Васіль Фядосенка / Reuters / Forum

Яшчэ 9 верасня Аляксандр Лукашэнка ўказам № 315 ухваліў праект дамовы з Расеяй адносна агульных прынцыпаў падаткаабкладання паводле ўскосных падаткаў. Ён таксама ўпаўнаважыў Міністэрства фінансаў падпісаць дамову «ў межах ухваленага праекту». Праўда, ніякага праекту дамовы, як і каментароў, навошта яна Беларусі, да ўказу ні на Нацыянальным прававым партале, ні на сайце Лукашэнкі не дадавалі.

Таямніцы раскрылі ў Расеі

Даведацца падрабязнасці будучай дамовы ўдалося адно з распараджэння расейскага прэм’ер-міністра Міхаіла Мішусціна № 2583-р, якое той падпісаў 12 верасня і якім даручыў ужо Міністэрству фінансаў РФ падпісаць дакумент з уладамі Беларусі. Паводле сайту ўраду Расеі, улады дзвюх краінаў плануюць падпісаць дамову пра агульныя прынцыпы падаткаабкладання адносна падатку на дададзеную вартасць (ПДВ) і акцызаў. Робіцца гэта ў межах рэалізацыі 28 саюзных праграмаў, зацверджаных Лукашэнкам і Пуціным 4 лістапада 2021 года.

«Галоўная мэта дамовы – гарманізаваць падатковае заканадаўства Расейскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь, а таксама паглыбіць супрацу ў падатковай сферы», – паведамляюць на сайце расейскага ўраду.

Апублікавалі і праект дакументу на больш як 130 старонках. Важна адзначыць, што будучая дамова не нейкае пагадненне пра намеры, пра якое ў любы момант можна забыцца. Яна мае выразныя часавыя адцінкі, калі і што трэба зрабіць ды што за гэта можна атрымаць.

Гэтак, ужо да 1 студзеня 2023 года Беларусь і Расея павінны ўзгадніць сваё падатковае заканадаўства, якое датычыць ПДВ і акцызаў, з палажэннямі дамовы. Стаўкі акцызаў на мінімальны пералік тавараў і паслуг, вызначаны дамоваю, павінныя быць не ніжэйшыя за памер мінімальных ставак, указаных у дадатку да дакументу. Акрамя таго, устанаўліваюцца адзіны для дзвюх краінаў пералік аперацыяў, што вызваляюцца ад выплаты ПДВ або абкладаюцца ПДВ паводле паніжанай падатковай стаўкі.

Дакумент таксама прадугледжвае стварэнне інтэграванай сістэмы адміністравання ўскосных падаткаў. У яе будуць заносіцца звесткі пра аперацыі падаткаплатнікаў ПДВ дзвюх краінаў, што на ўліку ў падатковых органах на 1 студзеня 2023 года.

«Яна трэба для скразнога аналізу звестак паводле падатку на дададзеную вартасць», – кажуць ва ўрадзе РФ.

Таксама плануюць стварыць Наднацыянальны падатковы камітэт, які будзе адсочваць выкананне краінамі ўстаноўленых дамоўленасцяў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Dmitry Feoktistov / TASS / Forum

«Дакумент дасць магчымасць зліквідаваць падатковыя бар’еры ва ўзаемным гандлі, забяспечыць цэласнасць фіскальнай базы дзвюх дзяржаваў, а таксама сфармаваць адзіную інфармацыйную прастору для ўзаемнай дапамогі ў барацьбе з ухіленнем ад выплаты ўскосных падаткаў, у тым ліку пры трансмежным гандлі», – адзначыў расейскі віцэ-прэм’ер Аляксей Авярчук.

Застануцца толькі дэкарацыі

У каментары «Белсату» старэйшы навуковы працаўнік даследчага цэнтру BEROC Дзмітрый Крук адзначыў, што ўспрымае гэтую дамову як «продаж па кавалках падатковага суверэнітэту».

«Фактычна ў дачыненні гэтых падаткаў [ПДВ і акцызаў. – Заўвага рэд. Belsat.eu] значная частка падатковай свабоды, магчымасці змяняць і стаўкі, і працэдуры падаткаабкладання так, як краіна палічыць патрэбным, а гэта адна з неадʼемных характарыстык суверэнітэту ў падатковай сферы, губляецца», – заявіў эканаміст.

Тыя элементы падатковага суверэнітэту, якія застануцца ў выніку дамовы ў Беларусі, больш нагадваюць дэкарацыі.

«Гаворка пра паступовае ўцягванне ў падатковую арбіту Расеі», – падкрэсліў Дзмітрый Крук.

Што самае небяспечнае

Самае ж небяспечнае, на думку навуковага працаўніка BEROC, – пункт пра стварэнне інтэграванай сістэмы адміністравання ўскосных падаткаў:

«Спрошчана я б сказаў пра гэта так. Гэта калі вам у кватэру ставяць відэаназіранне і сочаць за кожным вашым крокам. Гэта фактычна магчымасць для расейскага боку атрымліваць падатковую інфармацыю. І нават больш як падатковую – бачыць як на далоні ўсё, што адбываецца ў беларускай эканоміцы».

Дзмітрый Крук мяркуе, што гэты пункт можа быць найважнейшы для Расеі.

 Што ўзамен?

Ідуць на страту падатковага суверэнітэту ўлады Беларусі таму, што залежаць ад дзейнасці нафтаперапрацоўчага сектару, упэўнены працаўнік BEROC.

Паводле праекту дамовы, Расея пры выкананні Менскам усіх прапісаных у дакуменце абавязкаў будзе пералічваць уладам Беларусі міждзяржаўныя бюджэтныя трансферты. Формула, паводле якой яны будуць разлічвацца, таксама змешчаная ў праекце дамовы і прывязаная да кошту нафты маркі «Urals» на сусветных рынках.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Віктар Драчоў / TASS / Forum

Яшчэ ўзімку першы намеснік міністра фінансаў Беларусі Дзмітрый Кійко заяўляў, што згаданыя бюджэтныя трансферты – гэта «магчымасць часткова скампенсаваць страты нашых НПЗ ад падатковага манеўру ў нафтавай галіне» ў Расеі.

Нагадаем, што падатковы манеўр у Расеі пазбаўляе Беларусь прэферэнцыяў пры закупах расейскай нафты і адпаведна прыбыткаў ад яе перапрацоўвання. Улады Беларусі ўжо не адзін год патрабуюць ад Расеі сабе кампенсацыі за яго. Страты, маўляў, за 2019–2024 гады складаюць $ 10 мільярдаў. Але Масква ў адказ яшчэ ў канцы 2018-га запатрабавала, каб Менск паглыбіў з ёй інтэграцыю. І вось цяпер у абмен на страту падатковага суверэнітэту рэжым Лукашэнкі атрымае гэтак чаканую кампенсацыю.

«Бюджэтныя трансферты – гэта фактычна адзіны шлях падтрымаць працаздольнасць нафтаперапрацоўчага сектару», – распавёў Дзмітрый Крук.

Выйсця з сітуацыі ў дзейных уладаў Беларусі фактычна няма, бо «яны ўжо трапілі ў тую каляіну, з якой збочыць немагчыма, і ўцягваюцца ў яе ўсё больш і больш», падкрэсліў Дзмітрый Крук.

Аднак сума, за якую Беларусь пазбаўляецца свайго падатковага суверэнітэту, «досыць сціплая», адзначыў эканаміст.

Пры актуальных на сёння цэнах на нафту «Urals» штомесяц Беларусь будзе атрымліваць ад Расеі каля $ 40 мільёнаў, або каля $ 500 мільёнаў за год, або каля $ 1 мільярда за 2023–2024 гады, пра якія вядзецца ў дакуменце. А вось падатковага суверэнітэту ўжо фактычна мець не будзе.

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў