Ад «бамжатніку» да сімвалу катаванняў і злачынстваў сілавікоў: што хаваецца за сценамі Акрэсціна


1-ы завулак Акрэсціна ў Менску названы ў гонар савецкага лётчыка Барыса Акрэсціна. Тут размяшчаецца самы вядомы ізалятар Беларусі, які стаў сімвалам катаванняў, гвалту і злачынстваў сілавікоў супраць беларусаў.

У Ізалятары часовага ўтрымання і ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна адбываюць арышт людзі, затрыманыя паводле палітычных артыкулаў. Гэтае месца стала адным з галоўных, куды звозілі мірных пратэстоўцаў-менчукоў у жніўні 2020.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Умовы: ад «бамжатніку» да вельмі таннага гостэлу

ЦІП на Акрэсціна ніколі не вылучаўся добрымі ўмовамі ўтрымання. «Бамжатнік» – так красамоўна яго называлі ў сярэдзіне 1990-х гадоў. У той час у камерах бегалі пацукі, стаяў смурод. Не было ложкаў, матрацаў, пасцельнай бялізны, замест іх – голыя драўляныя дошкі, так званая «сцэна», на якой спалі затрыманыя ў тым, у чым іх сюды прывялі. Прыбіральня («параша») уяўляла сабою дзірку ў падлозе.

Даведка
Зона.бел – праект «Белсату», прысвечаны ўмовам, у якіх трымаюць палітычных вязняў. Турмы, калоніі, СІЗА, ІЧУ – там праводзяць дні, месяцы і, на жаль, гады тыя, хто незаконна трапіў за краты. Журналісты не могуць паказаць ссярэдзіны, як выглядае побыт за кратамі. Але дзякуючы былым вязням можам распавесці пра выпрабаванні, праз якія праходзяць тысячы беларусаў.

Звычайна ў ЦІП траплялі людзі з алкагольнаю залежнасцю, бяздомнікі, а таксама грамадскія і палітычныя актывісты. У сярэдзіне 2000-х гадоў побач з ЦІП пабудавалі ІЧУ, які быў прызначаны для падазраваных у крымінальных злачынствах.

Умовы для затрыманых у ЦІП сталі крыху паляпшацца ў 2012 годзе, калі ў будынку пачалі рабіць рамонт. У 2015 годзе тут з’явіліся двух’ярусныя ложкі, матрацы і чыстыя камеры, пафарбаваныя ў атрутна-жоўты колер. Тым не менш, затрыманыя распавядалі пра холад, брудную пасцельную бялізну, кепскую вентыляцыю, адсутнасць гігіенічных сродкаў. У ЦІП дасюль засталіся «панарамныя» прыбіральні, у камерах увесь час гарыць цьмянае святло, якое не выключаюць нават ноччу.

Графіка: Дэ Лёс / Белсат

У ЦІП у затрыманых адбіраюць асадкі і алоўкі, у камерах праводзяць «шмоны», час шпацыраў на свежым паветры скарочаны, да затрыманых не пускаюць адвакатаў. Практыкуецца падсяленне бяздомнікаў да палітычных.

«На Акрэсціна нас прывезлі позна вечарам з Маскоўскага РАУСу Менску. Запомніліся глухія сцены, бетонны плот, які пачынаецца адразу за варотамі. Нам сказалі зайсці ў такія прыдбанні ІЧУ, дзе былі некалькі «стаканаў»: гэта вузкія камеры, разлічаныя на аднаго, максімум двух чалавек. Нас размеркавалі па гэтых «стаканах», напхалі «ад душы», як селядцоў у бочкі, па пяць чалавек. Мы стаялі там, паварушыцца было немагчыма. Праз 20 хвілін мяне перавялі ў іншы «стакан», больш прасторны, мы прастаялі там гадзіну. Я заўважыў там надпіс «Жыве Беларусь!», ён быў зроблены ў месцы, каб яго немагчыма было заўважыць «вертухаю», які адчыняе дзверы», – распавядае нам Сяргей (імя змененае), які трапіў на Акрэсціна ў верасні 2020 года. У гэты час гвалт і катаванні паслявыбарчага жніўня ўжо скончыліся, а новыя катаванні, хлёркай і перанаселенасцю, яшчэ не пачаліся.

«Са «стакана» цябе выклікаюць на дагляд. Правяраюць рэчы, адзенне. Трэба раздзецца, зняць штаны, прыспусціць майткі, прысесці. Для кагосьці гэта можа падасца зняважлівым, але гэта звычайны «шмон» у такіх установах. Я ўспрыняў усё спакойна. Пасля шмону цябе вяртаюць у «стакан», ты стаіш і чакаеш, пакуль не дагледзяць усю тваю групу. Пасля нас вывелі ў калідор, паставілі тварам да сцяны, рэчы забралі. Каля 3-й гадзіны ночы нам выдалі бялізну і адправілі ў камеры», – распавядае наш суразмоўца.

Камера ІЧУ адрозніваецца ад камеры ЦІП, яна больш шырокая, у форме паралелепіпеда, там усё драўлянае: падлога, лавы, двух’ярусныя ложкі-нары, стол.

«Камера ІЧУ нагадала мне старую драўляную хату, з якой вынеслі ўсю мэблю, засталіся толькі нары, лаўкі, нешта падобнае да шафы. Перад тым, як туды зайсці, мы здымалі абутак і пакідалі яго звонку, абувалі гумовыя тапкі. Я яшчэ пажартаваў, што гэта ўсё выглядае, як вельмі танны гостэл. Раніцай прынеслі ежу: ячную кашу, гарбату ў алюмініевых кубках – насамрэч пафарбаваную салодкую ваду. Я адразу згадаў дзіцячы садок. Але гэта быў верасень-2020, пасля жніўня і перад жэрсцю, якая пачалася пазней, калі ў адзін «стакан» набівалі па 20 чалавек, а падлогу ў камеры залівалі хлёркай», – распавядае Сяргей.

У камеры ЦІП, куды людзі трапляюць адбываць содні пасля суда, стаяць двух’ярусныя металічныя ложкі, з металічнай рашоткай, на якую кладзецца матрац. Матрац тонкі, таму метал усё роўна вельмі адчуваецца.

«Ранкам прачынаешся, і цела ные ад ляжання на метале. Але тады, дзякуй Богу, хоць нейкія матрацы былі. Як там людзі без матрацаў спяць, я не ўяўляю. У нас можна было залезці на другі ярус нараў і глядзець у акно. Мы называлі гэта «глядзець тэлевізар». Было відаць крыху раёну Міхалова, мы разглядалі жылыя дамы ўдалечыні. Таксама адкрываўся від на ўязныя варотны Акрэсціна, і мы бачылі, як туды заязджалі аўтазакі. У той час па нядзелях яшчэ адбываліся маршы, і мы сядзелі і лічылі, колькі аўтазакаў заязджае ў вароты. Падслухоўвалі размовы амапаўцаў і супрацоўнікаў Акрэсціна, калі яны прывозілі людзей, было добра чуваць, асабліва па вечарах», – узгадвае наш суразмоўца.

Графіка: Дэ Лёс / Белсат

У камеры паміж нарамі стаяў драўляны стол, прыкручаныя да падлогі, каля яго – лавы. Каля дзвярэй стаяла тумбачка, куды можна было класці кнігі, нейкія рэчы, ежу з перадачаў. Плюс умывальнік, пад ім – вядро з венікам, каб можна было прыбірацца.

«У камеры таксама быў «талчок» – з прыступкамі, крыху агароджаны, з дзверкамі, за якую можна было схавацца. Душу ў нас не было, таму мы набіралі ў бутэлькі гарачую ваду з крана, заходзілі за дзверкі і мыліся. Калідоры ЦІП пафарбаваныя ў прыемны блакітны колер, а камеры – у жоўты. Пакуль у камеры сядзіш, прызвычайваешся. А калі выходзіш у калідор падчас ранішніх шмонаў – вочы рэальна адпачываюць», – кажа Сяргей.

Сядзельцы

На Акрэсціна Сяргей сядзеў з цікавымі, цалкам адэкватнымі людзьмі, з якімі было пра што паразмаўляць. Хоць ужо ў той час у некаторыя камеры да палітычных пачалі падселяць бесхацінцаў і п’яніцаў.

«Разам са мной сядзелі проста выдатныя людзі. У першы дзень у ІЧУ я трапіў у камеру з дырэктарам дэпартаменту «Альфа Банку», а таксама з гісторыкам з Акадэміі навук, які вывучаў перыяды Рэчы Паспалітай, ВКЛ. Бачыў нядаўна, што гэты гісторык выступаў на гістарычнай канферэнцыі ў Каўнасе. Таксама з намі сядзеў цалкам выпадковы мужчына, якога затрымалі, калі ён ішоў з сябрам глядзець футбол. Быў мужчына, якога «ўзялі» на Малінаўцы, проста адарвалі ад цяжарнай жонкі з дзіцём. Ён вельмі перажываў, што яна мусіць хутка нараджаць, а будзе пераймацца за яго.

Пасля суда, калі перавялі ў ЦІП, са мной сядзеў сын мэра Віцебску, айцішнік, ён пісаў вершы ў камеры. Казаў – накідайце мне словы, а я напішу верш з іх выкарыстаннем. Неўзабаве ягоны бацька пазбавіўся пасады. Быў яшчэ мужчына, якога забралі выпадкова, мы яго называлі Марыё – ён быў у сінім будаўнічым камбінезоне, як у персанажа з гульні. Ён змантаваў камусьці кухню, выйшаў з пад’езду да машыны, і яго каля пад’езду схапілі, далі 14 содняў. Іншага адзення, акрамя камбінезону, у яго не было. Калі цябе прымаюць у РАУСе, матузкі забіраюць. Яму сказалі зрэзаць шлейкі з камбінезона. Нам давалі хлеб у цэлафанавых пакетах, дык ён зрабіў сабе шлейкі з гэтых пакетаў. Так і хадзіў, пакуль жонка не перадала ў перадачы іншае адзенне.

Быў яшчэ байкер. Яго затрымалі і пасадзілі ў машыну, а сябры, іншыя байкеры, пайшлі «вызваляць» яго, калашмаціць па той машыне. У выніку затрымалі ўсіх, на сяброў завялі крымінальную справу. Яго ж завезлі ў РАУС, кінулі ў «стакан», дзе ён сядзеў некалькі дзён без ежы, толькі выводзілі ў туалет, папіць вады з-пад крана. Суд даў яму 15 содняў, перавялі на Акрэсціна», – распавядае Сяргей пра сваіх сукамернікаў.

Графіка: Дэ Лёс / Белсат

Эпіцэнтр катаванняў і гвалту

Пасля прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 года ізалятар на Акрэсціна праславіўся на ўвесь свет, здабыўшы рэпутацыю самага страшнага ў Беларусі. Затрыманыя на акцыях пратэсту людзі пасля выхаду адтуль распавядалі пра гвалт, здзекі і катаванні, пра бесчалавечныя ўмовы ўтрымання. Гэтак, у камеру на чатырох чалавек кідалі трыццаць, а часам у адну камеру набівалі 75 (!) чалавек. Затрыманым не давалі вады і ежы, ім не надавалі ніякай медычнай дапамогі. Людзей прымушалі агаворваць сябе, збівалі дручкамі, пазбаўлялі ўсялякай сувязі з вонкавым светам. Вядомы выпадак, калі пасля збіцця ў ізалятары 33-гадоваму менчуку дактары зрабілі шэраг аперацыяў на назе, наклаўшы 30 швоў. У ноч з 13 на 14 жніўня 2020 года сваякі людзей, якіх утрымлівалі на Акрэсціна, зафіксавалі гукі няспыннага збіцця, якія добра было чуваць на вуліцы. На запісах можна пачуць галасы людзей, якія крычаць ад болю і просяць літасці. За пяць гарачых жнівеньскіх дзён адразу пасля выбараў праз ЦІП, разлічаны на 110 асобаў, прайшло каля трох тысяч чалавек.

Івана затрымалі 10 жніўня, каля 22-й гадзіны яго прывезлі на Акрэсціна. Ён распавядае, што спачатку ў 8-мясцовай камеры быў 51 чалавек. Пасля падсадзілі яшчэ 13 чалавек, былі затрыманых 11 жніўня. Так іх там трымалі трое содняў. У камеры – дзве форткі, якія адчыняліся літаральна на 3 сантыметры. Плюс акенца ў дзверы.

«У камеры было каля 30 градусаў. За трое содняў кармілі нас толькі двойчы. Далі па дзве лыжкі ячнай кашы на вадзе, 5–10 пакункаў хлеба на ўсіх. Ноччу людзі штабелямі спалі паўсюль. Калі ў камеры нас стала 64, то спалі па чарзе, бо нават сесці было немагчыма. Перыядычна нас выводзілі ва ўнутраны двор, клалі тварам у зямлю. Ты ляжыш так каля гадзіны, і цябе перыядычна б’юць», – узгадвае суразмоўца.

Іншая нашая суразмоўца, дзяўчына 20 гадоў, таксама прайшла праз Акрэсціна ў жніўні 2020 года.

«Я была ў 2-мясцовай камеры, дзе нас было 17 чалавек. Вокны зачыненыя, задуха. Ракавіны няма, са сцяны проста тырчаў кран, а пад ім – сметніца, куды сцякала вада. Перадачы для нас не прымалі, з гігіенічных сродкаў – толькі туалетная папера, якую вельмі шкадавалі супрацоўнікі, маўляў, вас жа шмат, і маленькія кавалачкі мыла, якімі мы спрабавалі мыцца. Пракладкі выдавала доктарка ў абмежаванай колькасці. Душа не было, прагулак таксама. Мыліся з бутэлек з вадой. Супрацоўнікі Акрэсціна ставіліся да нас не як да людзей, абражалі і прыніжалі нас. Шмат каго білі, асабліва даставалася хлопцам», – распавядае дзяўчына.

Графіка: Дэ Лёс / Белсат

Карцар на Акрэсціна ўяўляе сабой невялікае памяшканне, разлічанае на аднаго чалавека, куды набівалі па 8–10 чалавек. Падлога там выкладзена пліткай, таму сядзець ці спаць на ёй даволі холадна, асабліва восенню і зімой.

«У нашай 4-мясцовай камеры было 20 чалавек. Яны былі паўсюль: на «шконках», падлозе, пад «шконкамі», на стале і пад ім, на тумбачцы. Падлога драўляная, таму на ёй было спаць камфортней, чым на «шконах», – яны ўяўляюць сабой металічныя пруты, без бялізны і матрацаў, ляжаць на іх – катаванне. Я змог толькі некалькі гадзінаў паляжаць на такой «шконцы», пасля перабраўся на падлогу. Нас будзілі на пераклічкі па два разы за ноч: а другой і чацвёртай гадзіне», – распавядае наш іншы суразмоўца, які пабываў на Акрэсціна ў лютым 2021-га.

У красавіку 2021 года гвалт на Акрэсціна працягнуўся: былыя вязні сведчаць пра рэгулярнае катаванне: падлогу камераў залівалі хлёркай і перакрывалі падачу кіслароду ў камеры. Напрыклад, кіраўніка АГП Мікалая Казлова даставілі ў шпіталь з атручваннем хлёркай.

Да гэтай пары працягваецца і акрэсцінская «класіка»: адсутнасць перадачаў, бялізны, матрацаў і падушак, душу для палітычных, перанаселенасць камераў, псіхалагічны і фізічны гвалт з боку супрацоўнікаў. Пры гэтым на звычайных арыштантаў такія захады не распаўсюджваюцца.

Аніводнай крымінальнай справы па факце катаванняў на Акрэсціна на сённяшні дзень так і не завялі.

Здымак вокладкі: Белсат

Саша Гоман belsat.eu

Стужка навінаў