Амбасада ЗША зноў параіла амерыканцам пакінуць Беларусь


Амбасада ЗША ў Менску ў сувязі з закрыццём двух пунктаў пераход на мяжы з Літвой нагадала сваім грамадзянам аб небяспецы знаходжання ў Беларусі.

У заяве адзначаецца, што Літва зачыніла 2 з 6 пераходаў на мяжы з Беларуссю.

«Урады Польшчы, Літвы і Латвіі заявілі, што магчымае далейшае закрыццё памежных пераходаў з Беларуссю», – паведамляецца ў папярэджанні.

ЗША раяць амерыканцам не ўязджаць у Беларусь праз тое, што ўлады краіны працягваюць «садзейнічаць не справакаванаму нападу Расеі на Украіну». Дыпламаты нагадваюць, што ў Беларусі адвольна выкарыстоўваюцца законы, ёсць рызыка беспарадкаў і затрыманняў, а магчымасць дапамагчы грамадзянам ЗША ў амбасады абмежаваная.

Грамадзянам ЗША, якія цяпер знаходзяцца ў Беларусі, рэкамендавана «неадкладна выехаць» з краіны.

Цяперашнія парады амбасады цалкам паўтараюць рэкамендацыі Дзярждэпартаменту ЗША, якія дзейнічаюць з 2022 году: амерыканцаў заклікаюць не ездзіць у Беларусь і неадкладна выехаць тым, хто цяпер знаходзіцца ў краіне. Закрыццё памежных пунктаў на мяжы Літвы і Беларусі стала нагодай, каб пра гэтыя рэкамендацыі нагадаць.

Разбор
Чаму краіны Захаду абнаўляюць рэкамендацыі наконт Беларусі? Тлумачым, што адбываецца
2023.02.14 16:24

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў