Закон аб крымінальным пераследзе памерлых апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале


На Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале 21 ліпеня з’явіўся закон № 286-3 ад 17 ліпеня аб магчымасці крымінальнага пераследу памерлых. Гэтым законам уносяцца змяненні ў Крымінальны кодэкс Беларусі.

Фота мае ілюстратыўны характар. Крыніца: depositphotos.com

Прысуды памерлым будуць выносіць паводле артыкулаў, да якіх у Беларусі не прымяняюцца тэрміны даўніны – гэта датычыць злачынстваў супраць міру, бяспекі чалавецтва і ваенных злачынстваў. Судзіць памерлых змогуць паводле наступных артыкулаў КК РБ:

  • «Рыхтаванне альбо вядзенне агрэсіўнай вайны» (арт. 122);
  • «Акт міжнароднага тэрарызму» (арт. 126);
  • «Генацыд» (арт. 127);
  • «Злачынствы супраць бяспекі чалавецтва» (арт. 128);
  • «Вытворчасць, назапашванне альбо распаўсюд забароненых сродкаў вядзення вайны» (арт. 129);
  • «Прымяненне зброі масавага паражэння» (арт. 134);
  • «Парушэнне законаў і звычаяў вайны» (арт. 135);
  • «Злачынныя парушэнні нормаў міжнароднага права ў час узброеных канфліктаў» (арт. 136);
  • «Бяздзеянне альбо вынясенне злачыннага загаду падчас узброенага канфлікту» (арт. 137).

Закон рэгламентуе асаблівасці рэпрэзентавання інтарэсаў памерлага, удзел адваката ў працэсе. Рэпрэзентаваць інтарэсы памерлага ў судзе змогуць ягоныя сваякі.

Каментар
Навошта ў Беларусі ўводзяць «трупны сінод»? Разважае юрыст
2023.06.14 13:38

Генеральны пракурор Беларусі Андрэй Швед зазначаў, што новы закон будзе ўжывацца ў справе аб генацыдзе беларусаў падчас Вялікай Айчыннай вайны.

Закон уступіць у моц праз 10 дзён пасля афіцыйнай публікацыі – 31 ліпеня 2023 года.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў