«Расея гандлюецца ў сваёй звыклай тэрарыстычнай манеры». Эксперт – пра знішчэнне партовай інфраструктуры Украіны


Некалькі дзён, адразу пасля заканчэння збожжавай угоды, Расея мэтанакіравана абстрэльвае ўкраінскую партовую інфраструктуру. Чаго яна імкнецца дамагчыся і якія варыянты развязання сітуацыі могуць быць?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Сховішча фермы, якая была пашкоджана пасля расейскай атакі ў Адэскай вобласці, Украіна. 21 ліпеня 2023 года.
Фота: Libkos / AP Photo / East News

Ці здолее Расея выбіць для сябе саступкі

Падобнымі абстрэламі Расея хоча дамагчыся вяртання да збожжавай угоды на сваіх умовах, каб з ёю пайшлі дамаўляцца і прапанавалі нейкія бонусы. Такую думку выказаў у каментары «Белсату» ўкраінскі палітолаг Пятро Алэшчук.

Паводле эксперта, нядаўна прагучала заява ўкраінскага прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага, што Украіна гатовая самастойна падтрымліваць збожжавую ўгоду, выкарыстоўваць механізмы страхавання для яе забеспячэння. Такі варыянт паставіць Расею ў складаную сітуацыю.

«З аднаго боку, тапіць караблі, відавочна цывільныя, са збожжам, нават для Расеі цяпер – занадта, дый караблі гэтыя будуць, хутчэй за ўсё, не ўкраінскія, а нейкіх трэціх краінаў. Ад гэтага патэнцыйна будзе шмат праблемаў. Таму Расея пайшла на зруйнаванне партовай інфраструктуры Украіны, каб такім чынам заблакаваць гэты працэс, выйграць час, і каб за гэты час ім прапанавалі тое, што ім трэба. А ім патрэбныя аміякаправод, нейкія долі ў эксперце збожжа, таксама яны, пэўна, разлічваюць на магчымае разблакаванне SWIFT і хаця б часткова – расейскіх банкаў. Гандлюецца Расея ў сваёй звыклай тэрарыстычнай манеры», – кажа палітолаг.

Ці можа быць збожжавая ўгода без удзелу Расеі? На думку Алэшчука, можа, але тады яна будзе патрабаваць пэўных момантаў, звязаных з бяспекаю. Напрыклад, абмяркоўваўся варыянт, каб караблі са збожжам канваявалі турэцкія ўзброеныя сілы. Можна падключаць не толькі Турцыю, але і іншыя дзяржавы, каб прадэманстраваць, што гаворка менавіта пра гуманітарныя грузы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Два балкера з украінскім збожжам выходзяць з украінскага порту і накіроўваюцца ў Кітай. Адэская вобласць, Украіна. 7 жніўня 2022 года.
Фота: Ukrinform / East News

«Можна ўвесці інспекцыі міжнародных арганізацыяў, ці таго ж Кітаю, які ёсць важным бенефіцыярам атрымання ўкраінскага збожжа. Няхай дасылаюць сваіх прадстаўнікоў, якія будуць усё фіксаваць і маніторыць. Варыянты могуць быць рознымі. Але ў любым выпадку гэта патрабуе ўдзелу трэцяга боку. Турцыя пакуль не кажа ні да ні не, пэўна, разлічваючы на тое, што найбліжэйшым часам будуць заключаныя нейкія пагадненні з Пуціным», – адзначае эксперт.

Пакуль выглядае на тое, што будуць падвышаныя цэны і збожжавая ўгода будзе функцыянаваць у нейкім фармаце далей. Пытанне ў тым, ці зможа Расея выбіць для сябе нешта. Украіна настроеная катэгарычна супраць гэтага, і гэта таксама трэба ўлічваць, бо ўсё ж збожжа – украінскае.

Гандаль працягнецца прыблізна месяц

Заяўлена, што ў жніўні мусіць адбыцца сустрэча Пуціна і Эрдагана. Аднак наш суразмоўца сумняецца, што Пуцін паляціць у Турцыю ці кудысьці яшчэ:

«Пасля таго, як Пуцін адмовіўся ляцець у Паўднёвую Афрыку, краіну, сяброўскую да Расеі, але якая прызнае юрыдычную моц ордару міжнароднага суда, я не моцна веру, што Пуцін паляціць у краіну NATO. Яго наўрад ці затрымаў бы хтосьці там, але параноя Пуціна ўзмацнілася ў разы пасля рашэння Міжнароднага суда аб ягоным арышце і пасля мяцяжу Прыгожына. Пуцін наўрад ці паедзе кудысьці, каб у тым ліку не пакідаць Расеі без сваёй прысутнасці і не даць там учыніць які-небудзь путч. Як бы гэта ні гучала фантастычна, мы ведаем, што Пуцін – параноік і пастаянна баіцца нейкіх пагрозаў».

Тым не менш, паводле эксперта, гэтая сустрэча заяўленая, і яе ўдзельнікі разлічваюць на тое, што яна можа фіналізаваць нешта, звязанае з дамоўленасцямі пра збожжа. Таму гандаль працягнецца дзесьці месяц. Моцна цягнуць таксама нельга, бо гэта страта сур’ёзных грошай, у тым ліку для Эрдагана.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Грузавікі запаўняюцца ўкраінскай кукурузай з карабля AK Ambition, які плыве пад сцягам Панамы ў марскім порце ў Трыпалі, Ліван. 26 верасня 2022 года.
Фота: Hassan Ammar / AP Photo / East News

Расея заявіла пра магчымасць атакі на караблі, у тым ліку цывільныя, якія будуць заходзіць ва ўкраінскія парты. Пятро Алэшчук мяркуе, што гэта блеф, але вельмі добра, што Расея публічна зрабіла такую заяву:

«Як правіла, Расея ўсе свае тэрарыстычныя дзеянні хавае. Напрыклад, абстрэльвае які-небудзь цывільны аб’ект і пасля кажа, маўляў, гэта не мы, гэта ўкраінская паветраная абарона трапіла, а дакажыце адваротнае. Пакуль усе даказваюць, ствараецца часовы вакуум. Згадаем гісторыю з малайзійскім «Боінгам»: колькі было расейскіх версіяў, як яны зняпраўджваліся да канчатковага рашэння суда ў справе, як шмат часу гэта заняло. А тут жа Расея наўпрост кажа: калі хтосьці штосьці затопіць – гэта мы, то бок бярэ на сябе адказнасць заранёў. Дапусцім, яна на гэта пойдзе, але гэта будзе відавочны акт тэрарызму. Мяркую, яны будуць максімальна старацца гэтага пазбегчы, таму руйнуюць украінскую інфраструктуру, каб не было што і дзе грузіць. Яны не хочуць тапіць караблёў, а хочуць дамагчыся саступак да гэтага».

Разам з тым, з іншага боку, руйнуючы ўкраінскую інфраструктуру, Расея паніжае свае шанцы штосьці выгандляваць.

«Калі не будзе чаго, дзе і якім чынам грузіць, то што яны будуць патрабаваць у абмен? Украінскі экспарт збожжа цяпер немагчымы, але дайце нам нешта?» – задае рытарычныя пытанні наш суразмоўца.

Саша Гоман belsat.eu

Стужка навінаў