Рада ЕЗ зацвердзіла сёмы пакет санкцыяў супраць Расеі. Што прынялі і якія санкцыі аслабілі?


Рада Еўразвязу канчаткова зацвердзіла сёмы пакет санкцыяў супраць Расеі, у які ўваходзіць забарона на куплю, імпарт і трансфер расейскага золата і залатых ювелірных вырабаў, паведаміла кіраўніца Еўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен.

Таксама ўсе дзейныя ўведзеныя раней санкцыі супраць Расеі прадоўжаныя да канца студзеня 2023 года.

Акрамя таго, персанальныя санкцыі будуць уведзеныя супраць больш чым 50 асобаў, сярод якіх мэр Масквы Сяргей Сабянін, а таксама праўладныя акторы Сяргей Бязрукаў і Уладзімір Машкоў. У санкцыйныя спісы таксама трапілі сірыйскія найміты, якія змагаюцца ва Украіне на баку расейскіх падраздзяленняў.

У рамках сёмага пакету санкцыяў у чорны спіс трапілі «Сбербанк» і мотаклуб «Ночные волки».

«Сёння мы робім яшчэ адзін важны крок, каб абмежаваць здольнасць Расеі працягваць і фінансаваць сваю агрэсіўную вайну супраць Украіны. Мы фактычна забараняем найважнейшы экспарт Расеі пасля энергарэсурсаў – расейскага золата. […] Расея мусіць спыніць бамбаваць палі і элеватары Украіны і перастаць блакаваць чарнаморскія парты», – заявіў вярхоўны прадстаўнік у замежных справах і палітыцы бяспекі ЕЗ Жузэп Бурэль.

Акрамя гэтага, Еўразвяз пашырыў пералік тавараў, што падлягаюць кантролю і могуць спрыяць ваеннаму і тэхналагічнаму ўдасканаленню Расеі.

Hавiны
Расея аднавіла пастаўкі газу ў Еўропу праз «Паўночную плынь»
2022.07.21 10:59

Аднак ухваленыя Радай ЕЗ санкцыі абыходзяць некаторыя сектары расейскай эканомікі. Так, напрыклад, Еўразвяз змякчыў санкцыі, датычныя супрацы з некаторымі расейскімі арганізацыямі, што пастаўляюць паліва і сельскагаспадарчыя тавары, у тым ліку пшаніцу і ўгнаенні. Гэта неабходна, каб не дапусціць голаду, сказана ў заяве Еўразвязу.

Таксама прыбраныя абмежаванні на фінансавыя трансакцыі для аплаты паставак расейскіх харчоў і нафты ў трэція краіны. Санкцыі таксама не забараняюць трэцім краінам купляць лекі ці медычную прадукцыю з Расеі.

Акрамя гэтага, у Расею дазволяць пастаўляць авіяцыйныя тавары і авіятэхналогіі, неабходныя для цывільных перавозак у адпаведнасці са стандартамі бяспекі Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі (ICAO).

Hавiны
Расея тры тыдні не страляла па Украіне з тэрыторыі Беларусі. Што здарылася?
2022.07.21 16:25

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў