Пасля заканчэння тэрміну паўторнага затрымання зніклі нашаніўцы Марціновіч і Скурко. Дынько – у Следчым камітэце


Закончыўся 72-гадзінны тэрмін паўторнага затрымання нашаніўцаў Ягора Марціновіча, Андрэя Дынька і Андрэя Скурка. Ім павінны былі або абраць меру стрымання і пакінуць пад вартай – перавесці ў СІЗА, або вызваліць. Але дзе цяпер журналісты, невядома.

Ягор Марціновіч, Андрэй Дынько, Андрэй Скурко. Калаж з фота: nn.by, baj.by

У ізалятары на Акрэсціна сваякам паведамілі, што Дынько своечасова вызвалены, яшчэ а 10-й раніцы, але на сувязь з роднымі і адвакатамі ён не выходзіў, следчыя таксама не звязваліся з сям’ёй. Сваякам Марціновіча, якога мусілі вызваліць у 13:40, сказалі, што той застаецца ў ІЧУ, хаця тэрмін затрымання ўжо закончыўся. Дзе Скурко, наогул невядома, але ў гэты час ён таксама павінен быць вызвалены, паведамляе «Наша Ніва».

Жонка Марціновіча Адар’я Гуштын паведаміла на сваёй старонцы ў Facebook, што Дынько з раніцы – у Следчым камітэце. Што з ім там робяць, няясна, адваката да яго не выклікалі, хоць удзел адваката пры следчых дзеяннях абавязковы.

Артыкулы
Ягор Марціновіч з-за кратаў: Мы спрабавалі выстаяць падчас цунамі
2021.07.19 14:40

8 ліпеня сілавікі прыйшлі з ператрусамі да нашаніўцаў. Затрымалі галоўнага рэдактара «Нашай Нівы» Ягора Марціновіча, галоўнага рэдактара «Нашай гісторыі» Андрэя Дынька, кіраўніка аддзелу рэкламы і маркетынгу Андрэя Скурка, галоўную бухгалтарку Вольгу Раковіч, якую вызвалілі 16 ліпеня. Пасля допыту ў СК іх як падазраваных паводле арт. 342 КК («Арганізацыя ці рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або ўдзел у іх») змясцілі на 10 содняў у ізалятар часовага ўтрымання на Акрэсціна.

Па сканчэнні 10 содняў іх не вызвалілі, і там жа, у ІЧУ на Акрэсціна, затрымалі ў другі раз, на трое содняў, як падазраваных ужо паводле новага артыкулу: «Нанясенне маёмаснай шкоды без прыкметаў раскрадання».

Артыкулы
Палітзняволеных супрацоўнікаў «Нашай нівы» падазраюць у нясплаце камунальных паслуг
2021.07.19 17:54

АД, belsat.eu

Стужка навінаў