Як у Беларусі катуюць палітвязняў. 10 гісторыяў пра нечалавечае стаўленне


Шмат хто з беларусаў, якія прайшлі праз затрыманні, расказваюць жудасныя гісторыі катаванняў, але за амаль ужо два гады па іхных скаргах не завялі ніводнай справы. Суддзі таксама ўпарта ігнаруюць заявы палітычных вязняў на гэты конт. Да тыдня супраць катаванняў, які праходзіць з 20 да 26 чэрвеня, мы выбралі 10 гісторыяў, што ўражваюць жорсткасцю, беспрынцыповасцю і нахабствам.

Шматдзетная маці Вольга Залатар

Палітзняволеную маці пяцярых дзяцей Вольгу Залатар затрымалі 18 сакавіка за «пратэставую актыўнасць». Падчас допытаў у ГУБАЗіКу ад яе патрабавалі разблакаваць прылады. Яна скарысталася правам не сведчыць супраць сябе. Яе білі па патыліцы і ягадзіцах, выломвалі рукі, прыціскалі галаву да зямлі. Пры сустрэчы адвакаты пабачылі на Вользе шмат цялесных пашкоджанняў, сінякі на руках, шыі ды ягадзіцах.

Следчы камітэт пастанавіў, што «заявы Залатар аб прычыненні ёй цялесных пашкоджанняў не адпавядаюць рэчаіснасці, бо яны мелі месца да ейнага затрымання». 3 снежня суддзя Менскага гарадскога суда Анастасія Папко асудзіла Вольгу Залатар на 4 гады калоніі.

Анархісты

Дзмітрый Дубоўскі распавёў пра катаванні, якія ўчынілі анархістам пасля затрымання. Яго душылі надзетым на галаву пакетам, ён страчваў прытомнасць, са звязанымі за спінаю рукамі яго адрывалі ад зямлі. Рукі былі апухлыя і ў крыві ад сцяжак. Некалькі дзён у СІЗА КДБ ён не мог рухацца праз пашкоджаныя рэбры.

Ігар Аліневіч. Калаж: Белсат

У Ігара Аліневіча зрэзалі скуру на пятах.

Яшчэ адзін фігурант «справы анархістаў» Сяргей Раманаў распавёў, што на памежнай заставе яго пачалі збіваць памежнікі, а ў пакой пусцілі слезацечны газ. Потым, калі памежнік выйшаў, бо сам ужо не мог заставацца ў гэтым памяшканні, Сяргей перацяў сабе жылы сцізорыкам. Калі сілавік вярнуўся, увесь пакой і сам Сяргей былі ў крыві. Пасля гэтага хлопца везлі ў кайданах, яшчэ і з гірамі, у выніку чаго рукі пасля не загойваліся.

Студэнт Арцём Баярскі

20-гадовага студэнта Арцёма Баярскага затрымалі за тое, што ён нібыта вёў тэлеграм-канал. Яго збілі, прымушаючы запісаць «пакаяннае» відэа для прапагандыста Азаронка. Хлопца білі дручкамі па спіне ды ягадзіцах. На допыце супрацоўнік ГУБАЗіКу яго зноў збіваў, а потым загадаў легчы на падлогу і наступаў хлопцу на ногі, ад чаго ў таго засталіся сінякі. Экспертыза выявіла ў Баярскага сінякі на ягадзіцах, галёнках і плячы, аднак Цэнтральны раённы аддзел СК адмовіў студэнту ў завядзенні крымінальнай справы ў дачыненні супрацоўнікаў ГУБАЗіКу.

Арцём Баярскі. Калаж: Белсат

Рэдактар «Нашай нівы» Ягор Марціновіч

Ягора Марціновіча затрымалі за нібыта неуплату «Нашаю ніваю» камунальных рахункаў, але ж збілі так, што ў Следчы камітэт выклікалі хуткую. Падчас ператрусу яго таксама білі. Нават калі Ягор хацеў зайсці ў пакой, дзе рабілі ператрус. Яго білі за кожны крок, а калі мужчыну стала блага, не хацелі выклікаць хуткай дапамогі, а потым не пускалі доктара. Падчас ператрусу сілавікі знайшлі баксёрскі шлем Ягорава сябра, надзелі на Марціновіча і дэманстравалі, «як ён выкарыстоўваецца».

Ягор Марціновіч. Калаж: Белсат

Расеец Ягор Дуднікаў

21-гадовага грамадзяніна Расеі Ягора Дуднікава затрымалі за тое, што ён агучваў ролікі для тэлеграм-каналу «ОГСБ» (атрады грамадзянскай самаабароны Беларусі). Пры затрыманні хлопца збівалі так, што ў яго пацямнела ўваччу і трэснуў зуб. Калі сілавікі пачалі ператрус, Ягора спачатку зноў збілі, потым надзелі на рукі кайданкі, а на галаву поліэтыленавы пакет і загадалі ўкленчыць. Пасля ператрусу, ізноў жа ў кайданках і з пакетам на галаве, Ягора павезлі ў невядомым кірунку. Сілавікі казалі, што вязуць яго закопваць у лес. За тое, што хлопец не хацеў сябе абгаворваць і запісваць «пакаяннага» відэа, яго збівалі зноў і зноў. Пагражалі, што калі Ягор не будзе супрацоўнічаць, паедуць да ягонай дзяўчыны і «мала ёй не падасца». Калі хлопец сказаў на камеру напісаны загадзя тэкст, яго абвінавацілі ў «арганізацыі групавых дзеянняў» і пакінулі ў СІЗА.

Сцяпан Латыпаў

15 верасня 2020 года людзі ў масках занеслі Сцяпана Латыпава ў мікрааўтобус, зацягнулі рукі за спінаю, надзелі на галаву смеццевы пакет, улучылі радыё на максімум і пачалі збіваць – рукамі, нагамі, дручкамі, усе разам і паасобку. Выкручвалі рукі, ногі за спінаю «ластаўкаю», білі кулакамі і далонямі па вушах так, што ў галаве нібы выбухала граната. Ён крычаў, бо задыхаўся ў пакеце, а яны смяяліся. Да суда Латыпава ўтрымлівалі ў такіх невыносных умовах, што на судзе ён учыніў замах на сваё жыццё. Суддзя Уладзімір Рабаў прысудзіў Сцяпану Латыпаву 8,5 года зняволення. У калоніі Сцяпана працягваюць катаваць – змяшчаюць у ПКТ і ШІЗА.

Былы следчы Мікіта Старажэнка

28-гадовага былога следчага Мікіту Старажэнку затрымалі паводле падазрэння ў «распальванні сацыяльнай варожасці». 17 жніўня 2020 года ён заявіў у сваіх сацыяльных сетках, што звольніўся са Следчага камітэту на знак пратэсту супраць «палітычных» справаў. У ІЧУ на Акрэсціна Мікіту прывезлі збітым настолькі моцна, што амаль не засталося месца без сінякоў. Яго білі нагамі, дручкамі, на галаву намотвалі анучу, надзявалі вядро для смецця і білі па вядры, каб слядоў збіцця не заставалася. Але ўсё адно ў яго быў рассечаны нос, каля вуха вялікі сіняк, раны на твары. Мікіту ў ІЧУ ўтрымлівалі толькі трое содняў – пасля гэтага перавялі ў СІЗА № 1, але першым разам яго не прынялі там праз моцнае збіццё. Мікіта Старажэнка дасюль застаецца ў СІЗА.

Галадоўка на Акрэсціна

Увечары 3 лістапада 2021 года дзесяць жанчын у двухмясцовай камеры № 15 у ЦІП на Акрэсціна пачалі галадаць на знак пратэсту супраць нялюдскіх умоваў утрымання. У жанчын забралі ўсё верхняе адзенне і цёплыя рэчы, а з 1 лістапада ім не давалі туалетнай паперы і мыла. Аднак пасля галадоўкі стала толькі горш: гігіенічных сродкаў і лекаў не вярнулі, а ранкам налілі ў наглуха замкнёную камеру два вядры хлёркі. Калі жанчыны захацелі памыцца вадою з ракавіны, іх выгналі на вуліцу: адну з мокраю галавою, дзвюх у лёгкім адзенні. Кіраўнік ІЧУ пагражаў перакрыць у камеры ацяпленне і ваду. «Кармушку» перасталі адкрываць наагул: калі раней можна было «дыхаць» падчас прыёмаў ежы, пасля знікла і такая магчымасць.

Палітвязні. Калаж: Белсат

Антываенныя пратэсты

Затрыманая на антываенным мітынгу дзяўчына зазнала шмат абразаў на Акрэсціна, бо раней ужо мела арышт. У ейнай двухмясцовай камеры трымалі 17 асобаў. Там былі прусакі, макрыцы, затое не было ракавіны і паперы для прыбіральні. За просьбу даць паперы жанчын аблаялі, адну з іх ударылі галавой аб сцяну. У некаторых жаночых камерах было 11–14 асобаў, у мужчынскай пяцімясцовай камеры было 35 чалавек. У ІЧУ забіралі цёплыя рэчы. Кармілі раз на содні. Тых, каго забралі 27 лютага, накармілі толькі раніцай 1 сакавіка. Тых, каго перавозілі ў Жодзіна, увогуле не кармілі. Аднак рахункі ўсім выставілі за трохразовае харчаванне.

Катаванне Лукашэнкам

У лютым, падчас датэрміновага галасавання на рэферэндуме, сілавікі затрымалі жыхара Вязынкі ды арыштавалі на 13 содняў паводле арт. 24.23 КаАП («Несанкцыянаванае пікетаванне»). Хлопец адбываў арышт у маладзечанскім ІЧУ. Першыя тры дні яго трымалі ў «стакане», а тры ночы запар з 20:00 да 6:00 выводзілі ў кабінет. Там яму некалькі гадзінаў паказвалі відэа з выступамі Лукашэнкі, а ён мусіў увесь час стаяць і глядзець. Гэта кантралявалі міліцыянты, самі яны мяняліся, каб паспаць. Перадачы арыштантам аддалі перад самым вызваленнем.

Рэпрэсіі ў Беларусі. Калаж: Белсат

Праваабарончы цэнтр «Вясна» працягвае збіраць і дакументаваць факты катаванняў у Беларусі. Калі вы пацярпелі ад катаванняў сілавікоў ці сутыкнуліся з нялюдскім і жорсткім абыходжаннем у СІЗА, парушэннем правоў чалавека, калі ласка, напішыце ў Telegram (@ViasnaDOC) ці ў электронную пошту (viasnadoc@spring96.org). Таксама вы можаце распавесці сваю гісторыю журналістам «Вясны»: @Spring96info.

Марыя Мурашка belsat.eu

Стужка навінаў