Украінцы прагаласавалі за вуліцы імя Кастуся Каліноўскага і Уладзіміра Караткевіча ў Кіеве


Ва ўкраінскай сталіцы завяршылася онлайн-галасаванне за дэрусіфікацыю вуліцаў. За чатыры дні з 15 да 19 чэрвеня ўкраінцы аддалі 6,5 млн галасоў, паведамляе Кіеўская гарадская рада.

Эмблема палка імя Кастуся Каліноўскага на кепцы байца з пазыўным Хобіт. Кіеўская вобласць, Украіна. 7 чэрвеня 2022 года.
Фота: Алесь Усцінаў / Белсат

Экспертная камісія склала пералік 296 аб’ектаў, што вымагаюць перайменавання, і прапанавала шэраг новых назваў. У камісіі працавалі спецыялісты-гісторыкі і мовазнаўцы.

Украінцы маглі прагаласаваць за тыя назвы, што ім больш падабаюцца. Галасаваць маглі ўсе грамадзяне, не толькі кіяўляне.

У выніку галасавання ў Кіеве сярод іншага могуць з’явіцца вуліцы, названыя ў гонар беларускага лідара паўстання супраць Расеі 1863–1864 гадоў Кастуся Каліноўскага, полк імя якога цяпер абараняе Украіну, і беларускага пісьменніка Уладзіміра Караткевіча, які пэўны час жыў і вучыўся ў Кіеве.

Hавiны
Байцы палка Каліноўскага атрымалі дзяржаўныя ўкраінскія ўзнагароды
2022.06.17 17:49

Вуліца Каліноўскага мае з’явіцца на месцы вуліцаў Астраханскай ці Берасцейскай, а Караткевіча – на месцы вуліцы Дабралюбава.

Усе вынікі будуць перададзеныя ў Кіеўскую раду для далейшага разгляду і экспертызы. Пасля дэпутаты гарадской рады будуць прымаць пастанову аб перайменаванні.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў