Што азначае абмежаванне транзіту ў Калінінград і да чаго гэта можа прывесці?


Літва з 18 чэрвеня абмежавала транзіт у Калінінград расейскіх тавараў, якія трапілі пад санкцыі Еўразвязу. Масква пагражае літоўцам «сур’ёзнымі ды адчувальным» захадамі ў адказ. У Савеце Федэрацыі заявілі, што Расея мусіць быць гатовая развязаць пытанне транзіту «любымі спосабамі». Belsat.eu тлумачыць, што цяпер адбываецца і да якіх наступстваў гэта можа прывесці.

Чаму Літва ўвяла абмежаванні

Апоўначы 18 чэрвеня Літва спыніла транзіт падсанкцыйных грузаў з Расеі ў Калінінградскую вобласць. Гэтыя абмежаванні былі ўведзеныя ў межах пакету санкцыяў Еўразвязу, прынятага 15 сакавіка 2022 года. Санкцыі прадугледжвалі забарону на ўвоз шэрагу расейскіх тавараў, але да 17 чэрвеня мусілі дзеяць выключэнні, датычныя кантрактаў, заключаных раней. Такім чынам, Расея мела час падрыхтавацца да гэтых абмежаванняў, мяркуюць у Літве.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Калінінград, Расея.
Фота: Віталь Невар / Reuters / Forum

Кіраўнік літоўскага МЗС Габрыелюс Ландсбергіс падкрэслівае, што абмежаванне транзіту – гэта не аднабаковая пастанова Літвы, а вынік санкцыяў ЕЗ. На гэты крок літоўскае кіраўніцтва пайшло пасля кансультацыяў з Еўракамісіяй і пад яе кіраўніцтвам. Пра гэта заявіў і вярхоўны прадстаўнік ЕЗ у справах замежнай палітыкі і бяспекі Жузэп Бурэль.

Аднак Літва аказалася ў выключным становішчы, бо гэта адзіная краіна Еўразвязу, праз якую ідзе расейскі транзіт у Калінінград. Таму і ўвесь гнеў Масквы падае на літоўцаў.

Наколькі гэта сур’ёзна для Расеі

Губернатар расейскай Калінінградскай вобласці Антон Аліханаў заявіў, што пад абмежаванні трапілі да 50 % усёй наменклатуры грузаў, якія перавозіліся паміж Калінінградскаю вобласцю ды іншымі рэгіёнамі РФ. Сярод іх – металы, будаўнічыя матэрыялы, цэмент і шэраг іншых важных для будаўнічай сферы тавараў.

21 чэрвеня ўлады вобласці апублікавалі поўны спіс забароненых для транзіту праз Літву тавараў. Сярод іх – самалёты ды іх камплектавальныя, прадукты з чыгуну і сталі, рэактыўнае паліва, халадзільныя ўстаноўкі для звадкаванага прыроднага газу, лес, шкло, срэбра, свінец, угнаенні, ікра, парфумерыя, сігары, ювелірныя вырабы, бытавая тэхніка, даражэйшая за 750 еўраў, ды інш. Паводле Delfi, з 10 ліпеня забарона закране алкаголь, а з 10 жніўня – вугаль ды іншае цвёрдае выкапнёвае паліва, з 5 снежня – расейскую нафту. Абмежаванні датычыць тавараў, ад продажу якіх Расея атрымлівае значны даход.

Дэфіцыту спажывецкіх тавараў у Калінінградскай вобласці эксперты не прагназуюць (хаця падвышаны ажыятаж у крамах ужо назіраецца), а вось для прамысловасці, сельскай гаспадаркі і сферы будаўніцтва ўдар можа быць вельмі адчувальны. Паводле некаторых звестак, 80 % металу і металаканструкцыяў Калінінградская вобласць атрымлівала праз чыгунку. Былы віцэ-прэзідэнт Калінінградскай гандлёва-прамысловай палаты Дзмітрый Чамакін лічыць, што праз забарону транзіту пастаўкі ў рэгіён могуць знізіцца ў чатыры разы.

Забарона транзіту праз Літву не азначае, што санкцыйныя тавары цяпер зусім немагчыма перамяшчаць паміж Калінінградам і Расеяй. Тавары можна перавозіць марскім шляхам. Але, па-першае, для гэтага спатрэбіцца больш судоў, чымся ёсць цяпер на лініі Усць-Луга (Ленінградская вобласць) – Балтыйск (Калінінградская вобласць). Па-другое, гэта прывядзе да росту транспартавых выдаткаў і зацягванню тэрмінаў паставак. Эксперты адзначаюць, што аб’ём грузаў, які рухаўся ў Калінінград чыгуначным шляхам, несупастаўляльны з аўтадарожным і марскім.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Калінінград, Расея.
Фота: Віталь Невар / Reuters / Forum

Застаецца таксама магчымасць перавозіць тавары самалётамі. Праўда, зноў жа не праз паветраную прастору краінаў ЕЗ, бо пасля ўварвання ва Украіну іх паветраная прастора для расейскіх самалётаў была закрытая.

Як рэагуе Расея

У Расеі вельмі рэзка адрэагавалі на абмежаванні транзіту. Прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў назваў дзеянні Літвы «беспрэцэдэнтнымі» і «незаконнымі».

Літву вінавацяць у парушэнні дамовы 2002 года аб свабодным транзіце ў Калінінградскую вобласць і з яе, падпісанай паміж ЕЗ і Расеяй. Расейскі бок лічыць, што санкцыі не могуць парушаць гэтага пратаколу.

20 чэрвеня ў МЗС Расеі выклікалі часовую павераную Літоўскай Рэспублікі Віргінію Умбрасіене і ўручылі дыпламатычную ноту, у якой расейскі бок ва ўльтыматыўным парадку заклікае ўлады Літвы аднавіць транзіт грузаў у Калінінград:

«Калі найбліжэйшым часам грузавы транзіт паміж Калінінградскаю вобласцю і астатняю тэрыторыяй Расейскай Федэрацыі праз Літву не будзе адноўлены ў поўным аб’ёме, то Расея пакідае за сабою права на дзеянні для абароны сваіх нацыянальных інтарэсаў».

Сябра Савету Федэрацыі РФ Андрэй Клімаў заявіў, што калі ЕЗ і Літва адмовяцца скасаваць абмежаванні, то ў Расеі будуць развязаныя рукі для пераадолення праблемы «любымі абранымі намі спосабамі». Паводле сенатара, гэтыя дзеянні Літвы можна «ацаніць як наўпроставую агрэсію ў дачыненні Расеі, літаральна змушае нас неадкладна звярнуцца да належнай самаабароны». Сенатар Андрэй Клішас таксама заявіў, што дзеянні Літвы могуць быць падставаю «для вельмі жорсткіх і абсалютна законных дзеянняў з боку Расеі».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Калінінград, Расея.
Фота: Віталь Невар / Reuters / Forum

21 чэрвеня ў Калінінград прыбыў сакратар Савету Бяспекі РФ Мікалай Патрушаў, каб правесці нараду пра нацыянальную бяспеку на паўночным захадзе Расеі. Патрушаў назваў транзітныя абмежаванні варожым крокам і паабяцаў, што адказ «будзе сур’ёзным і адчувальным для жыхароў Літвы».

Чым гэта можа скончыцца

Некаторыя расейскія медыі каментуюць цяперашнюю сітуацыю як гатовы casus belli (нагоду для вайны).

Прафесар Універсітэту імя Вітаўта Вялікага Гінтаўтас Мажэйкіс лічыць, што Расея цалкам можа пайсці шляхам ірацыянальнага адказу на транзітныя абмежаванні. У прыватнасці, на думку прафесара, можа ісціся пра ануляванне прызнання незалежнасці Літвы (адпаведны законапраект быў унесены ў расейскую Дзярждуму яшчэ да скандалу з транзітам) і скасаванне пагадненняў наконт мяжы.

«Могуць заявіць, што Расея забярэ сувальскі калідор. Гэта была б вайна з уцягваннем Беларусі. У любым выпадку, калі Расея будзе дзеяць ірацыянальна, неўзабаве пачнецца вайна паміж NATO і Расеяй», – цытуе Мажэйкіса «Delfi».

Выданне Politico ў сувязі з гэтым адзначае, што гіпатэтычны сувальскі калідор паміж Беларуссю і Калінінградам цяпер самае небяспечнае месца на планеце. Гэты вузкі 100-кіламетровы пас тэрыторыі ўздоўж літоўска-польскай мяжы, паводле заходніх вайскоўцаў, можа стацца адною з першых цэляў Расеі, калі яна наважыцца на вайну з NATО. Медыя падкрэслівае, што спробы Расеі пракласці калідор па тэрыторыі краінаў NATO прывядзе да наўпроставага сутыкнення бакоў, у кожнага з якіх ёсць ядравая зброя.

Разам з тым урад Літвы на заявы Масквы рэагуе спакойна. Паводле міністра абароны Арвідаса Анушаўскаса, Расея «можа і далей запалохваць еўрапейскія краіны ваеннымі сродкамі, але не будзем траціць здольнасці аддзяляць дэзынфармацыю і прапаганду ад рэальных магчымасцяў». Расейскую рэакцыю Ландсбергіс назваў часткаю «падрыхтаванага тэатру, каб усё выставіць у драматычным святле». Паводле яго, для развязання гэтай праблемы Расея мусіць звяртацца ў Еўракамісію або Еўрапейскі суд.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Калінінград, Расея.
Фота: Віталь Невар / TASS / Forum

Не зважаючы на жорсткую рыторыку, малаверагодна, што Расея наважыцца на сілавы сцэнар. Гэта прызнаюць нават пракрамлёўскія эксперты. Цяжка ўявіць сабе, што Расея кіне выклік NATO ў той момант, калі найбольш баяздольныя расейскія сілы застаюцца ва Украіне, дзе яны зазнаюць значныя страты.

Расейскі адказ, хутчэй за ўсё, абмяжуецца эканамічнаю сферай. У прыватнасці, дэпутат Дзяржаўнай думы от «Единой России» Алег Марозаў прапанаваў забараніць літоўскія тавары і прыпыніць энергетычны трафік.

«Літва блакавала Калінінград на сушы, а мы пры падтрыманні Беларусі можам адказаць ёй тым жа», – заявіў рэдактар часопісу «Арсенал Отечества» Аляксей Леанкоў у інтэрв’ю «РИА Новости».

Нават без расейскіх контрсанкцыяў цяперашняя сітуацыя прывядзе да скарачэння прыбыткаў Беларускай чыгункі, бо чыгуначны шлях з Расеі да Калінінградскай вобласці пралягаў у тым ліку праз Беларусь. Але, як раней адзначыў у інтэрв’ю «Белсату» эканаміст Леў Марголін, наўрад ці гэта нейкім чынам «заўважна адаб’ецца на гаманцах звычайных беларусаў». Прэзідэнт Навукова-даследчага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук таксама ўпэўнены, што для беларускай эканомікі скарачэнне чыгуначных зносінаў з Калінінградам не станецца крытычным момантам, хаця і прывядзе да яшчэ большай ізаляцыі.

Аб’ектыў
Еўропа ўзмацняе антырасейскія санкцыі
2022.06.19 00:20

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў