Эксперты Еўразійскага банку развіцця апублікавалі свой прагноз адносна эканомік краінаў-чальцоў Еўразійскага саюзу.
Прадстаўнікі ЕАБР прызнаюць эканамічны рост у Беларусі напачатку 2021 года, але звязваюць яго «выключна з нізкай базай мінулага года». Паводле іх, дзякуючы моцнаму попыту на беларускую прадукцыю працягваюць істотна расці дрэваапрацоўванне, вытворчасць машынаў і абсталявання, транспартавых сродкаў.
Разам з тым драйверы аднаўлення пачатку года – калійная вытворчасць і нафтаперапрацоўванне – губляюць імпульс да росту, вычэрпваючы эфект нізкай базы.
«Нізкім застаецца і ўнутраны попыт: раздробны таваразварот, паводле разліку ЕАБР, стагнуе, а інвестыцыі скараціліся ў студзені – траўні на 10,4 % у параўнанні год да года. Рост ВУП, хутчэй за ўсё, застанецца каля 3 % год да года па выніках паўгоддзя, аднак можа моцна замарудзіцца ў другой палове года», – мяркуюць эксперты ЕАБР.
На іх думку, імпульс для беларускага экспарту саслабне па меры завяршэння актыўнай фазы аднаўлення расейскай эканомікі і пачатку дзеяння абмежаванняў заходніх краінаў, а на ўнутраны попыт можа працягнуць уплываць высокая нявызначанасць і павышаныя рызыкі, запаволенне росту даходаў насельніцтва і павелічэнне кошту крэдытавання.
Нагадаем, што кіраўнікі МЗС краін Еўразвязу 21 чэрвеня далі згоду на сектаральныя санкцыі ў дачыненні беларускай эканомікі. Таксама былі прынятыя шэраг персанальных санкцыяў супраць чыноўнікаў і бізнесаў. Чакаецца ўвядзенне новых санкцыяў з боку ЗША, Канады і Вялікай Брытаніі.
Пры гэтым з 3 чэрвеня запрацавалі санкцыі ЗША супраць нафтахімічнай галіны Беларусі, а з канца траўня ўведзеныя абмежаванні адносна беларускай авіягаліны.
МГ belsat.eu