Паміж Ізраілем і сектарам Газа ўведзены рэжым спынення агню

У ноч на 21 траўня ўступіў у моц рэжым спынення агню паміж Ізраілем і палестынскімі групоўкамі ў сектары Газа, паведамляе «Euronews».

Канфлікт паміж дзвюма краінамі, які доўжыўся 11 дзён, стаў самым напружаным за апошнія 8 гадоў. За ўвесь гэты час радыкальныя палестынскія групоўкі выпусцілі па тэрыторыі Ізраілю больш за 4 тысячы ракетаў, у адказ сілы ізраільскай абароны Цагаль абстралялі сотні цэляў у сектары Газа.

Жыхарка Ізраілю: «Падрыхтавалі посцілкі і ваду, каб быць хоць у нейкім камфорце на лесвічнай пляцоўцы»

Аднак за некалькі гадзінаў да ўвядзення рэжыму спынення агню Ізраіль нанёс магутны авіяўдар па сектары Газа.

На гэта палестынскі бок адказаў, што, калі Ізраіль не спыніць удараў па сектары Газа да 2:00 уначы, яны нанясуць ракетныя ўдары па ўсёй краіне з поўдня на поўнач, «ад Эйлята да Хайфы». У выніку палестынская групоўка «Хамас» таксама абстраляла шырокую тэрыторыю Ізраілю за некалькі гадзінаў да прымірэння.

Генеральны сакратар ААН Антонью Гутэрыш пракаментаваў прымірэнне, адзначыўшы, што пасля яго мірны працэс на Блізкім Усходзе варта перазапусціць:

«Я вітаю дасягненне дамоўленасці пра спыненне агню пасля 11 дзён ракетных удараў. Я выказваю самыя глыбокія спачуванні тым, хто страціў блізкіх, і тым, хто пацярпеў сам. Я надзвычай удзячны Егіпту і Катару за іх пасярэдніцкія намаганні. І рэжым спынення агню абодвум удзельнікам канфлікту трэба выконваць».

Абвастрэнне палестынска-ізраільскага канфлікту пачалося з закалотаў ва Усходнім Іерусаліме, які кантралюецца Ізраілем. Беспарадкі пачаліся пасля рашэння суда, які пастанавіў выселіць мясцовых жыхароў арабскага паходжання са сваіх дамоў.

Як войска невялікага Ізраілю зрабілася самым магутным на Блізкім Усходзе?

АД, belsat.eu

 

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны