«Мама, мяне адвялі ў лазню, пастрыглі, выдалі робу. Цяпер я падобны да сапраўднага беларуса»


28-гадовы разьбяр па дрэве з Віцебску Уладзіслаў Макавецкі цягам амаль трох месяцаў адбывае пакаранне ў калоніі «Воўчыя норы». Яго засудзілі на 2 гады пазбаўлення волі паводле артыкулу 364, які ўжо таксама стаўся «народным». Падчас хваляванняў на мітынгу Уладзіслаў падняў з зямлі дручок, згублены міліцыянтам. Суд палічыў гэта пагрозаю гвалту над супрацоўнікамі.

Праз два месяцы пасля затрымання Улада ў той самы СІЗА трапіла ягоная мама: жанчыну судзілі паводле артыкулу 23.34. Праз некаторы час яна была вымушаная звольніцца з працы. Малодшы сын стаў часта хварэць пасля арышту брата і ператрусу, у школе за пропускі заняткаў хлопца паставілі на ўлік. Пра Уладзіслава і тое, як выжыць у такім ціску на сям’ю, – нашая размова з маці палітычнага вязня Наталляю Макавецкай.

Уладзіслаў Макавецкі.
Фота: асабісты архіў

Самае каштоўнае ў турме – лісты людзей з волі

Спадарыня Наталля не сустракалася з сынам з лютага: апошняе спатканне было яшчэ ў Віцебскім СІЗА, адразу пасля разгляду апеляцыі. З 1 сакавіка Уладзіслаў Макавецкі – у «Воўчых норах». Двойчы яны з маці размаўлялі праз відэасувязь.

– Настрой у яго, як ува ўсіх у нас, як сінусоіда: то горы хочацца звярнуць, то рукі апускаюцца, але агулам добра трымаецца, – распавядае маці пра ўражанні ад размоваў з сынам. – Спачатку вельмі трывожны быў, але больш не за сябе, а за мяне і брата перажываў. Цяпер крыху супакоіўся. Шторазу пытае пра навіны, хоча пачуць пра перамены. Просіць мяне дзякаваць усім, хто яму піша. Ён чакае лістоў. Кажа, самае каштоўнае, што ёсць у турме, – гэта лісты з волі.

Нягледзячы на відэазванкі, маці з сынам дамовіліся ўсё адно ліставацца:

– Я штодня ў думках з ім размаўляю, распавядаю, што будуецца дом, што ягоны любімы кот на лецішчы некуды ўцёк і я хачу ўзяць кацяня, ходзіць малодшы брат у школу ці захварэў. А потым саджуся пісаць і доўга збіраюся з думкамі. Хочацца напісаць нешта добрае, што б дапамагло яму пераключыць думкі. Сама складаю прыпавесці. У апошнім лісце выслала паштоўку з відамі Віцебску, рэпрадукцыю карціны мясцовай мастачкі.

Выкінуў дручок, каб ніхто не змог ім скарыстацца, бо гэта прылада гвалту

Уладзіслаў Макавецкі – былы маладафронтавец. Некалі яго хацелі адлічыць «за палітыку» з каледжу, але абышлося. Улад ужо даўно не актывіст, хоць заўсёды «быў у тэме». На мітынгі хадзіў у жніўні. 6 верасня Улад занёс у мастацкі салон свае вырабы і вяртаўся дамоў. Па дарозе трапіў на мітынг. Убачыў, як міліцыянты пабеглі за сталым мужчынам, той упаў на зямлю, а яны пачалі пырскаць у яго пярцовым балончыкам. Людзі пабеглі туды, Улад таксама.

Відэазапіс падзеяў 6 верасня ў Віцебску паказвалі на судзе.

– Там пяць секундаў літаральна, – распавядае спадарыня Наталля. – Калі людзі пабеглі да таго мужчыны – міліцыя за імі, нейкі міліцыянт выпусціў дручок. Улад нахіліўся, не ведаючы, што там, падняў. Ён казаў, што ў той заварушцы немагчыма было адразу разабраць, што пад нагамі. Выпрастаўся, падняў руку ўверх і быў шакаваны, убачыўшы, што гэта міліцэйскі дручок. Ён казаў на судзе, што не ведаў, як яго аддаць, баяўся, каб не падумалі, што ён збіраецца біць, тады зрабіў два крокі ўбок і выкінуў яго, каб ніхто не змог ім скарыстацца, бо гэта прылада гвалту, а ён супраць гвалту.

У той дзень Уладзіслаў вярнуўся дамоў, а 18 верасня да сям’і прыйшлі з ператрусам:

– Улад быў удома, нам вымкнулі святло ў кватэры ды грукаліся ў дзверы. Ён патэлефанаваў мне, я сказала, каб нікому не адчыняў, пакуль не прыйдзем мы з татам. Сілавікоў было вельмі шмат. У двары стаялі два мікрааўтобусы.

Малюнак палітвязня.
Фота: асабісты архіў

«Праз відэасувязь паказваю сыну пакой: ён усміхаецца, нібы ўдома пабываў»

Ператрус цягнуўся шэсць гадзінаў, скончыўся апоўначы. Адначасова абшуквалі лецішча, туды з міліцыянтамі паехаў бацька Уладзіслава. Уладзіслава адвезлі ў РАУС, потым у ІЧУ. У кватэры засталася спадарыня Наталля з малодшым сынам:

– Перавярнулі ўсё. Для Максіма, яму тады было 13 гадоў, гэта быў моцны стрэс. Яны яшчэ з пытаннямі лезлі, кшталту, чаго вам, моладзі, не стае.

У Макавецкага забралі «стандартны набор»: тэлефон, таблет, сістэмны блок. Хацелі абвінаваціць яшчэ ў прапагандзе нацызму: маці так і сказалі, што шукаюць у пакоі сімволіку. Уладзіслаў калекцыянаваў прадметы, звязаныя з Другою сусветнаю вайной. Частку ён перадаў музею ў Беразіне, хацеў і тыя рэчы, што зноў назбіраў, перадаць. Але не паспеў.

Артыкулы
5,5 года за жменю зямлі, кінутую ў міліцыянтаў. Размова з маці палітвязня Алега Рубца
2021.05.19 08:36
Драўляная фігура Гервасія Вылівахі з «Ладдзі Роспачы» Уладзіміра Караткевіча, якую выразаў Уладзіслаў. Фота з сямейнага архіву

Са свастыкаю нічога не знайшлі, але забралі амаль усё ваеннае: узнагароды, каскі, спражкі ад рамянёў, сапёрныя рыдлёўкі. У дадатак са сцяны знялі вялікую гіпсавую Пагоню, якую Уладзіслаў некалі знайшоў і адрэстаўраваў.

Маці дамаглася, каб рэчы вярнулі, пастаралася раскласці ў пакоі ўсё, як было да ператрусу, і цяпер паказвае сыну падчас відэазванкоў.

– Ён глядзіць і ўсміхаецца, нібы ўдома пабываў, – кажа віцяблянка. – Я таксама заўсёды ўсміхаюся, калі з ім размаўляю, а потым плачу…

«Здавалася, гэта жахлівы сон, які вось-вось скончыцца»

Калі сына затрымалі, спадарыня Наталля доўга не магла паверыць, што ўсё адбываецца насамрэч:

– Мне ўвесь час здавалася, што гэта жахлівы сон, які вось-вось скончыцца. Пакуль трывала следства, была надзея, што разбяруцца і адпусцяць.

Сваёй віны Улад не прызнаў. У апошнім слове папрасіў у міліцыянта прабачэння, калі сваймі дзеяннямі даў падставу думаць, што хоча ўчыніць нейкі гвалт, запэўніў, што не збіраўся гэтага рабіць. 16 снежня суддзя Сняжана Кіндзеева агучыла прысуд: 2 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

З 1 сакавіка Уладзіслаў Макавецкі – у «Воўчых норах».
Фота: асабісты архіў

Пра сына спадарыня Наталля кажа, што ён спакойны, нешматслоўны, добры, спагадлівы, усмешлівы. Ніколі не біўся, не любіў, калі выкарыстоўваюць сілу як аргумент, не меў канфліктаў з міліцыяй.

– А тут яго судзяць за гвалт і яшчэ прыпісваюць, што ён экстрэміст. Вельмі крыўдна гэта, – адзначае маці.

У СІЗА Уладзіслава прызналі схільным да экстрэмізму. Улік перайшоў і ў калонію.

Да суда ў крымінальнай справе, пакуль віцяблянін быў у ізалятары, яго асудзілі і паводле артыкулу 23.34, аштрафавалі на 10 базавых велічыняў.

У СІЗА прачытаў кніг больш, чым за ўсё жыццё

У зняволенні Уладзіслаў шмат чытае. Казаў маці, што за час у СІЗА прачытаў больш кніг, чым за ўсё жыццё. Стараецца знаходзіць у бібліятэцы нешта цікавае. У ізалятар спадарыня Наталля перадавала «Нашу гісторыю», улюбёны часопіс Улада «Архэ», але яго не прынялі:

– Цяпер яго падпісалі на «Новы час», гэтым і ратуецца. Вельмі любіць чытаць на гістарычную тэматыку, беларускую літаратуру, слухае беларускамоўныя музычныя гурты. Заўсёды імкнуўся мяне натхніць размаўляць па-беларуску. А ўлюбёная ягоная кніга – «Каласы пад сярпом тваім» Уладзіміра Караткевіча. Галоўны герой – Алесь Загорскі – кумір Улада.

Уладзіслаў з дзяцінства цікавіцца гісторыяй. Да дробязяў ведае родны край:

– Калі маленькі быў, хадзіў з дзядулем на шпацыры і заўсёды пытаў, што было раней у горадзе на месцы таго ці іншага будынку. Цікавіцца Другою сусветнаю вайной, падрабязна ведае, дзе які бой быў у нас на Віцебшчыне.

Макавецкі скончыў Віцебскі тэхналагічны каледж паводле спецыяльнасці педагог-мастак, разьбяр па дрэве. Адпрацаваў у Беразіне ў раённым доме рамёстваў па размеркаванні, там цяпер месціцца 24-мятровая драўляная лыжка, якую ён выразаў. Вярнуўся ў Віцебск, працаваў у Лёзненскім доме рамёстваў. Добра малюе. Маці зрабіла сабе майку з малюнкам сына, «каб быў бліжэй да сэрца».

Маці зрабіла сабе майку з малюнкам сына, «каб быў бліжэй да сэрца».
Фота: асабісты архіў

На наступны дзень пасля прысуду сыну ў СІЗА трапіла маці

Праз 2 месяцы пасля затрымання сына і на наступны дзень пасля прысуду ў той самы СІЗА трапіла і спадарыня Наталля. 17 снежня жанчына пасля працы ішла да сваёй маці абмеркаваць 40 дзён па бацьку: дзядуля Улада памёр, пакуль унук быў за кратамі.

– Ішлі людзі, я не ведала, ці была там нейкая акцыя, – распавядае маці палітычнага вязня. – Да мяне падышоў чалавек у чорным і кажа, што тут адбылося правапарушэнне, магчыма, я нешта бачыла і дапамагу ім. Пад’ехаў мікрааўтобус, і мяне ды яшчэ людзей папрасілі туды прайсці.

Да ночы жанчыну пратрымалі ў РАУС:

– На мяне крычаў адзін супрацоўнік: «Што ты швэндаешся?! Паедзеш зараз да сына!» І сапраўды паехала. Трапіўшы туды, я глядзела на ўсё і думала толькі пра адно: цяпер я ведаю, у якіх умовах мой сын.

Суд быў праз «Skype», у тым самым пакоі, дзе паводле артыкулу 23.34 судзілі Улада. Спадарыню Наталлю пакаралі штрафам 10 базавых велічыняў за ўдзел у пікеце.

«Продкі ўсё перажылі – і мы перажывём»

У красавіку спадарыня Наталля была вымушаная звольніцца з працы. Віцяблянка шмат гадоў прапрацавала ў школе выхавальніцаю групы падоўжанага дня, цяпер шукае новую працу:

– Улад прасіў: «Мама, з’язджай». Але як я магу з’ехаць, пакуль ён тут? Калі з’язджаць, то ўсім разам. Пакуль сын за кратамі, я буду тут. Ды я і не хачу нікуды ўцякаць. Маё месца на радзіме. Я віцяблянка ў пятым пакаленні, усе мае продкі жылі тут, на Віцебшчыне. Усё перажылі. І мы перажывём.

Артыкулы
«Не вытрымаў ад таго, што адбываецца ў краіне». Справа капітана Генштабу стала рэкорднай паводле хуткасці прысуду
2021.05.18 10:00

Малодшага сына спадарыні Наталлі, 14-гадовага Максіма, паставілі на ўнутрышкольны ўлік. Пасля арышту брата і ператрусу хлопец стаў хварэць: некалькі разоў на месяц можа злегчы з тэмпературай. Абследаванне нічога не выявіла, дактары схіляюцца, што гэта рэакцыя на стрэс. Да сям’і прыходзіць класны кіраўнік глядзець, у якіх умовах жыве падлетак.

– Я кажу ім: «Дапамажыце мне высветліць, чаму з маім сынам такое». Але ўся іхная дапамога – улік, – адзначае маці. – Яму пры ўсіх кажуць у класе: «Сёння ідзеш на савет прафілактыкі». Гэта яшчэ большы стрэс для дзіцяці. Без майго ведама выклікалі на размову з інспектарам у справах няпоўнагадовых. Мне сказалі, што не абавязаныя паведамляць пра такія выклікі.

«Я мушу быць моцнаю, бо патрэбная сынам»

Спадарыні Наталлі цяжка. Акрамя перажыванняў за сына, жанчына стараецца пераадолець наступствы ковіду, на які ўвосень яны разам з мужам перахварэлі. Спадарыня Наталля – на нагах, муж – у шпіталі пад кіслародам.

Жанчына працуе з псіхолагам. Доктар ставіць лёгкі дэпрэсіўны разлад, выпісаў антыдэпрэсанты.

– Два месяцы іх піла, лягчэй стала, сон нармалізаваўся, – кажа жанчына. – А так і адчай быў, і сябе вінаватай лічыла ў тым, што адбылося з Уладам. Першыя дні пасля выбараў я тры ночы не магла спаць, плакала некалькі дзён запар. Гісторыю пра кожнага збітага хлопца, дзяўчыну я ўспрымала, нібы гэта адбылося з маім дзіцём, я не магла сабе ўявіць, што мамы перажывалі. Але я мушу трымацца, быць моцнай, бо ў мяне ёсць сыны, якім я патрэбная – жывою, здароваю.

Першы час пасля затрымання спадарыня Наталля баялася чорных мікрааўтобусаў:

– Цяпер ужо спакайней, але ўсё роўна ўнутры агіднае пачуццё, калі бачу. Ратуе гумар. І сын у мяне такі ж. Нават пра побыт у калоніі піша з гумарам: «Мама, мяне сёння адвялі ў лазню, пастрыглі, выдалі робу. Цяпер я падобны да сапраўднага беларуса».

Ганна Ганчар belsat.eu

Гісторыі
«Ён не хацеў стаць другім Ромам Бандарэнкам». Хто такі Арцём Баярскі – стыпендыят фонду Лукашэнкі, якога абвінавацілі ў экстрэмізме
2021.05.15 14:15
Стужка навінаў