У Парыжа ёсць інструмент, які можа дапамагчы Кіеву весці баявыя дзеянні ў Беларусі


Як стала вядома выданню «Le Monde», Украіна прасіла Францыю перадаць ёй лічбавую карту Беларусі, якая б дазволіла знішчальнікам або беспілотнікам выконваць задачы на тэрыторыі нашай краіны і лепш трапляць у цэлі. Французскі бок адказаў адмоўна.

Падобныя лічбавыя карты дэталёва апісваюць рэльеф мясцовасці, пры гэтым указваючы разнастайныя перашкоды кшталту высакавольтных ліній, вайсковага абсталявання, якое можа нанесці шкоду самалёту: радараў, зенітных ўстановак.

Як сцвярджае крыніца выдання, гэтыя карты «аб’ядноўваюць усе тактычныя дадзеныя, неабходныя для пранікнення на вельмі малой вышыні, ноччу пры дрэннай бачнасці».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Airwolfhound / wikimedia.org

Міністэрства абароны Францыі пакуль ніяк не каментуе дадзеную сітуацыю.

Парыж патлумачыў сваё рашэнне тым, што будзе падтрымліваць Украіну да той пары, пакуль гаворка будзе весціся аб абароне яе тэрыторыяў. Але пры гэтым выключае дапамогу, калі аперацыі пяройдуць на тэрыторыі па-за межамі Украіны.

Пры гэтым выданне гаворыць, што Кіеў ужо звяртаўся з падобнымі просьбамі да іншых членаў кааліцыі, але там таксама атрымаў адмовы.

Палітычны аглядальнік і гісторык Аляксандр Фрыдман у сваім тэлеграм-канале называе тры прычыны, чым цікавае на сённяшні дзень з’яўленне падобнай інфармацыі.

На яго думку, па-першае, яна паказвае, што «Кіеў усур’ёз разглядае магчымасць правядзення аперацый на тэрыторыі Беларусі (што зусім не здзіўляе)».

Па-другое, адзначае аналітык, падобная публікацыя выстаўляе Парыж у выгадным святле, бо прадстаўляе Эманюэля Макрона ў выглядзе міратворца і падкрэслівае, што «Францыя гатовая дапамагаць Украіне абараняць сваю тэрыторыю, але будзе супрацьдзейнічаць распаўсюджванню вайны на суседнія краіны».

Нарэшце, лічыць Аляксандр Фрыдман, «зліў» інфармацыі – гэта дадатковы намёк Лукашэнку, які неаднаразова зневажальна выказваўся аб Францыі і яе кіраўніцтве: у Парыжа ёсць у распараджэнні інструмент, які можа дапамагчы Кіеву ў ажыццяўленні ваенных аперацыі на тэрыторыі Беларусі. І ён у любы момант можа быць перададзены Украіне».

Hавiны
Макрон: Мірная дамова будзе магчымая тады, калі Украіна вызначыць умовы
2022.10.23 22:49

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў