У Латвіі забаранілі святкаваць 9 траўня


Латвійскі парламент 20 красавіка ў двух чытаннях прыняў закон, які забараняе праводзіць 9 траўня любыя публічныя падзеі, акрамя звязаных з Днём Еўропы. Закон быў разгледжаны дэпутатамі ў тэрміновым парадку, паведамляе «Delfi».

Помнік Вызваліцелям Рыгі, знесены ў 2022 годзе.
Фота: tournavigator.pro

Паводле новага закону ў Латвіі цэлы дзень 9 траўня і да 07:00 10 траўня забараняецца выкарыстанне піратэхнікі, на адкрытым паветры забаронена праводзіць святочныя і забаўляльныя імпрэзы, шэсці, сходы і пікеты.

Раней меркавалася, што ў Латвіі ў 2023 годзе 9 траўня аб’явяць, як і ў 2022 годзе, Днём памяці загінулых і пацярпелых у вайне ва Украіне і забароняць любыя масавыя падзеі. Аднак камісія правоў чалавека і грамадскіх справаў падрыхтавала законапраект аб забароне любых публічных падзеяў 9 траўня, які пазней быў ухвалены Сеймам. За новы закон прагаласавалі 79 дэпутатаў.

Закон аб забароне святкаваць 9 траўня закліканы «абараніць інтарэсы дзяржавы і грамадства, не дапусціць беспарадкаў, абараніць здароўе і маральнасць грамадства, не дапусціць пагрозы і прыніжэння каштоўнасцяў Латвіі як дэмакратычнай і нацыянальнай дзяржавы, у тым ліку расколу грамадства, праслаўлення вайны, ваеннай агрэсіі, таталітарызму і гвалту, а таксама скажонага адлюстравання гістарычных падзеяў».

Нагадаем, летась ўлады Латвіі дазволілі прыносіць кветкі да помніка Вызваліцелям Рыгі 9 траўня, хаця гаварылася, што гэта непажадана. На наступны дзень усе прынесеныя кветкі прыбралі бульдозерам, што выклікала незадаволенасць некаторых жыхароў. У жніўні 2022 года помнік Вызваліцелям Рыгі быў дэмантаваны. Гаворка аб яго зносе вялася шмат гадоў.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў