Прадалі кватэр на трэць менш. Што адбываецца на рынку жылля ў Менску і абласных цэнтрах


У Беларусі працягваецца падзенне продажаў на рынку жылля і ў Менску, і ў большасці абласных цэнтраў. Аб гэтым гаворыцца ў аглядзе рынку, які апублікавала Нацыянальнае кадастравае агенцтва. 

Будаўніцтва жылога дома ў Менску.
Фота: Белсат

Нацыянальнае кадастравае агенцтва апублікавала агляд рынкаў жылля ў Беларусі. Агульная тэндэнцыя – спад абʼёмаў продажу, але зроблены прагноз на магчымае ажыўленне рынку ў другім квартале.

Паводле агенцтва, на рынку жылля ў Менску ў першым квартале 2023 года было здзейснена 3099 здзелак куплі-продажу, што на 26,5 % менш, за чацвёрты квартал мінулага года, і на 0,4 % менш, чым за 1 кв. 2022 г. Пры гэтым, ў плошчавым і грашовым выражэнні таксама адбыўся спад у параўнанні з чацвёртым кварталам мінулага года: прададзена 156,4 тыс. кв.м. (мінус 26,6 %) агульны кошт якіх склаў $ 203,1 млн (мінус 28,5 %).

Пакупнікі аддавалі перавагу аднапакаёвым і двухпакаёвым кватэрам, агульная доля якіх склала 80% ад агульнай колькасці здзелак у квартале. Найбольш хадавымі былі кватэры плошчай да 35 кв.м і ад 35 да 45 кв.м, на якія прыйшлося 48 % ад усіх прададзеных кватэр.

Новыя кватэры (першасны рынак) склалі 10,4 % ад агульнай колькасці прададзеных кватэр ці 323 здзелкі. Гэта найменшы паказальнік за перыяд з 2020 года.

Цана аднаго квадратнага метру новых кватэр у Менску паменшылася: у аднапакаёвых кватэрах на 0,8% да $ 1320, у двухпакаёвых кватэрах на 3,7 % да $ 1310. Сярэдняя цана аднаго квадратнага метру ў трохпакаёвых кватэрах застаўся нязменным $ 1240.

На другасным рынку сталіцы цэны на кватэры нязначна вагаліся: цана аднаго квадратнага метру ў аднапакаёвай кватэры падрасла на 0,7 % да $ 1400, у двухпакаёвых кватэрах квадратны метр патаннеў на 0,8 % да $ 1250, у трохпакаёвых кватэрах квадратны метр падаражэў на 2,6 % да $ 1200.

У абласных цэнтрах за першы квартал 2023 сумарна было зарэгістравана 2370 здзелак куплі-продажу, што на 20, 1 % менш, чым за чацвёрты квартал 2022 года (2968 здзелак) і на 9, 1 % больш, чым у ў першым квартале 2022 года (2 968 здзелак). Найбольшая колькасць здзелак была здзейснена ў Гомлі – 628. Самы нізкі паказальнік у Магілёва – 363 здзелак куплі-продажу.

У плошчавым і грашовым выражэннях адбылося зніжэнне на 25,5 % у параўнанні з паказальнікамі чацвёртага кварталу 2022 года, прададзена 120,1 тыс. кв.м на агульную суму $ 80,6 млн. 3.

Ва ўсіх абласных цэнтрах, за выключэннем Горадні, найбольшым попытам карысталіся адна- і двухпакаёвыя кватэры, а ў Горадні – двух- і трохпакаёвыя.

Цэны ў першым квартале выраслі, пры гэтым адзін квадратны метр у сярэднім каштаваў: у Берасці $ 790 (плюс 2,6%), у Віцебску – $ 610 (плюс 1,7%), у Гомлі – $ 620 (плюс 1,6%), у Магілёве – $ 660 (плюс 1,5%). У Горадні сярэдні кошт квадратнага метра застаўся на ўзроўні $ 700 за адзін квадратны метр.

Аналітыкі агенцтва адзначаюць, што цэны на кватэры ў абласных цэнтрах раслі цягам усяго 2022 года. Найбольш за мінулы года падаражэлі кватэры ў Горадні. Пры гэтым увесь 2021 год цэны ў абласных цэнтрах практычна не змяняліся. Зыходзячы з гэтага, аналітыкі канстатуюць пэўнае ажыўленне на рынку жылля ў абласных цэнтрах, якое працягнецца і ў другім квартале. Прагноз на другі квартал звязаны з тым, што Нацыянальны банк анансаваў трэцяе ад пачатку года паніжэнне стаўкі рэфінансавання, што зробіць больш даступнымі жыллёвыя крэдыты.

Гэта ж прычына, як лічаць аналітыкі, можа паўплываць і на ажыўленне рынку жылля ў Менску. Аднак ці будуць у сталіцы расці кошты ў валютным эквіваленце, пакуль што незразумела.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў