Палата прадстаўнікоў ЗША заклікала да агульных санкцыяў з ЕЗ супраць «нелегітымнага рэжыму Лукашэнкі»


Капітолій – сядзіба Кангрэсу ЗША. Фота wikipedia.org

Палата прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША прыняла пакет адкладзеных з панядзелка законапраектаў, у які ўваходзіла і рэзалюцыя адносна Беларусі.

Рэзалюцыя № 124 называецца «У падтрымку народу Беларусі і яго дэмакратычных памкненняў, і асуджэнне фальсіфікацыяў выбараў і наступных жорсткіх рэпрэсіяў супраць мірных пратэстаў з боку нелегітымнага рэжыму Лукашэнкі». Гэтая рэзалюцыя была прадстаўленая яшчэ 15 лютага, але атрымала месца ў спісе на галасаванне толькі ў сесію, якая пачалася на мінулым тыдні.

Hавiны
Уладзімір Макей пра амбасадарку ЗША ў Беларусі: Калі яна збіраецца прыехаць і рабіць заявы пра нелегітымнасць рэжыму, то які сэнс тады рабіць гэта
2021.04.20 23:16

Рэзалюцыя пералічвае шматлікія прыклады рэпрэсіяў супраць людзей, якія не згодныя з рэжымам Лукашэнкі, уключна з арыштамі і турэмнымі тэрмінамі журналістам, у тым ліку карэспандэнткам «Белсату» Кацярыне Андрэевай і Дарʼі Чульцовай, пагрозы пазбаўлення бацькоўскіх правоў, звальнення з працы і выключэння з універсітэтаў.

Дакумент яшчэ раз не прызнае вынікаў выбараў 9 жніўня 2020 года, патрабуе вызвалення ўсіх палітычных зняволеных, заклікае да агульных санкцыяў з боку ЗША, Еўразвязу і партнёраў, і просіць Белы дом павялічыць фінансаванне праграмаў развіцця грамадзянскай супольнасці ў Беларусі.

Разам з тым усе палажэнні рэзалюцыі маюць рэкамендацыйны характар.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў