Еўразвяз выплаціў Украіне дапамогу на € 1,5 млрд і ўзгадніў план паставак боепрыпасаў


Украіна атрымала ад Еўразвязу чарговы транш памерам € 1,5 млрд. Пра гэта 21 сакавіка ў «Тўітэры» паведаміла старшыня Еўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен.

Сцягі Украіны і Еўразвязу.
Фота: euneighbours.eu

«Нашае падтрыманне дапамагае Украіне функцыянаваць і абараняцца. Яна таксама цвёрда ставіць Украіну на шлях у ЕЗ, падтрымваючы рэформы – добрае кіраванне і фінансавую стабільнасць, напрыклад. Разам мы пішам будучыню Украіны», – пракаментавала выплату дапамогі старшыня Еўракамісіі.

Еўразвяз зацвердзіў рашэнне аб выплаце Украіне € 18 млрд макрафінансавай дапамогі ў 2023 годзе. Пералічваць яе будуць некалькімі траншамі.

Акрамя таго, 20 сакавіка быў узгоднены план паставак Украіне боепрыпасаў на суму € 2 млрд, паведамляе агенцтва навінаў AFP.

Hавiны
Еўразвяз на паўгода працягнуў санкцыі супраць расейцаў, адказных за вайну ва Украіне
2023.03.13 18:50

У распрацоўванні плану паставак узбраення ўзялі ўдзел Еўракамісія, Еўрапейская служба замежнапалітычнай дзейнасці і 27 міністраў абароны. З зацверджанай сумы € 1 млрд будзе прызначаны на транспартаванне ўжо гатовых боепрыпасаў і яшчэ € 1 млрд – на замову новых.

«Нашая мэта – даць боепрыпасы Украіне. Хутка, найбольш магчымую колькасць і па найменшым кошце», – заявіў вярхоўны прадстаўнік ЕЗ у замежных справах і палітыцы бяспекі Жузэп Бурэль.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў