Асуджаная на пяць гадоў палітзняволеная стварае карцінкі жыцця ў калоніі. З іх зрабілі артбук


Асуджаная на пяць гадоў за ўдзел у дваровым чаце Анастасія Кухта стварыла больш за 60 гісторыяў і малюнкаў пра жыццё ў калоніі і падтрыманне, якое яна атрымлівае ад мужа. Усе гісторыі стылізаваныя пад дызайн жуйкі «Love is…». Актывісты зрабілі з іх артбук. Пра гэта паведамляецца ў Instagram «Анархічнага Чорнага Крыжа» («Anarchist Black Cross Belarus»).

Фота: www.instagram.com/belarus_abc

Артбук падрыхтавалі на дзвюх мовах: расейскай і англійскай. Для замежнікаў аўтары ўключылі таксама кароткія тлумачэнні аб сітуацыі палітзняволенай і ўмовах утрымання ў беларускіх калоніях.

Артбук адправіцца ў друк у панядзелак 22 студзеня, але замовіць яго можна ўжо цяпер. Кніга каштуе 10 еўраў, яшчэ 5 еўраў пойдуць на паштовыя выдаткі. Замовіць артбук можна ў сацсетках «Анархічнага Чорнага Крыжа» або праз пошту belarus_abc@riseup.net.

Мянчанцы Анастасіі Кухце 32 гады. Яе асудзілі паводле абвінавачвання ў закліку да санкцыяў (ч. 3 арт. 361 КК) і стварэнні экстрэмісцкага фармавання (ч. 1 арт. 361-1 КК). У выніку Анастасію прызналі вінаватай і асудзілі на 5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Акрамя гэтага, жанчыну ўнеслі ў спісы «тэрарыстаў» і «экстрэмістаў».

За час зняволення памерла мама Анастасіі, але на развітанне зняволеную не пусцілі.

20 студзеня Анастасія Кухта адзначыла свой дзень нараджэння.

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў