У менскага «Тату-фэсту» ледзь не скралі назву. Чым усё скончылася і ці можна зараз рабіць тату-фэсты


Фестываль татуіроўкі «Тату ў мастацтве. Мастацтва ў тату» пройдзе 29 студзеня ў менскім Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў. У інтэрнэце з’явіліся афішы «Тату-фэсту». Гэта не той самы «Tattoo Fest», што раней праходзіў у Палацы мастацтваў, але за назву арганізатарам давялося спрачацца.

Алесь Табліч. 1 красавіка 2020.
Фота: Belsat.eu

У снежні 2013 года ў Менску прайшоў першы «Tattoo Fest»: у клубе «Re:public» хваліліся татуяваннямі, узнагароджвалі пераможцаў, глядзелі майстар-класы, прадавалі тату-абсталяванне, слухалі рок-гурты «Крама», :B:N: і іншых. У наступныя гады фэст перанеслі ў Палац мастацтваў, ён перарос у міжнародную канвенцыю, татуяванні рабілі проста ў залі. Усе чатыры «Тату-фэсты» ладзіў Алесь Таболіч – тату-майстар і лідар метал-гурту «Znich».

Выставу, якую Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў мае прайсці 29 студзеня, спачатку назвалі «Тату-фэстам». Таболіч абурыўся: гэта ж ягоная назва «Tattoo Fest», якую ён рэгістраваў у Нацыянальным цэнтры інтэлектуальнай уласнасці, а да яго ўжо звяртаюцца з пытаннямі пра ўдзел у не ягоным фэсце. Ён звяртаўся да арганізатараў, ды тыя спачатку ігнаравалі ягоныя звароты.

Калі Таболіч расказаў пра гэта на Facebook, арганізатар фэсту ў НЦСМ і дырэктар галерэі «Libra» Алег Рыжкоў адказаў яму ў каментарах, як прыдумаў сваю выставу, паглядзеўшы падобную ў 2017 годзе ў Парыжы, як заключаў дамовы і рассылаў запрашэнні, як Таболіч яму ніяк не дапамог у гэтым, бо знаходзіўся за мяжой. Звароты Таболіча ён назваў «сістэматычнымі пагрозамі і патрабаваннем грошай», «вымагальніцтвам і шантажом», псаваннем ягонай рэпутацыі і пагрозамі ягонаму фізічнаму і псіхічнаму здароўю.

Але ўрэшце пагадзіўся змяніць назву на «Фестываль татуіроўкі ў НЦСМ» і памяняць афішы (на момант публікацыі выявы з назвай «Тату-фэст» застаюцца на некаторых сайтах). Рыжкоў не адказаў на паведамленне «Белсата».

Архіўнае фота. Журы «Tattoo Fest» разглядае татуяванне. Менск, Беларусь. 2016 год.
Фота: Белсат

Таболіч расказвае «Белсату»: праект «Тату ў мастацтве. Мастацтва ў тату» пачынаў ён разам з цэнтрам «Libra», прапанаваў гэтую назву, але калі ён тэрмінова з’ехаў з Беларусі, «Libra» працягнула праект і пазначыла Таболіча «ідэйным натхняльнікам». Ды выставу вырашылі без ягонага ўдзелу развіць у фестываль татуявання з майстар-класамі і пад назвай «Тату-фэст» – тады ён вырашыў бараніць сваю назву, каб усе зразумелі, што выстава ў НЦСМ не мае дачынення да «Tattoo Fest». Калі назву імпрэзы ў НЦСМ паўсюль зменяць, ён абяцаў выдаліць свой пост.

«Не хачу, каб гэты фестываль ператварыўся ў нейкі фарс, – тлумачыць Таболіч «Белсату». – Ты ж разумееш, што такое рабіць татуіроўкі ў залі, дзе няма абсталявання, санітарных нормаў, святла. Мы ж рабілі ў Палацы мастацтваў, боксы былі абсталяваныя».

Ён задаволены, што ўдалося адстаяць назву без суду, і спадзяецца, што ўсе афішы з назвай «Тату-фэст», абароненай аўтарскім правам, урэшце прыбяруць з усіх пляцовак Таболіч дадае, што канфлікт мог бы і не выходзіць у публічную сферу, а таксама адзначае, што прабачэння за выкарыстання ягонай назвы арганізатары выставы ў НЦСМ так і не папрасілі, а Рыжкоў лайкнуў абразлівы каментар на адрас Таболіча.

«Хацеў бы папрасіць прабачэння ў тых людзей, з якімі я працаваў цягам столькіх гадоў, – дадае Таболіч. – Лічу, што мы ўсё ж зробім фестываль па-за межамі Рэспублікі Беларусь, бо я зараз хачу зрабіць рэлакацыю шмат якіх праектаў, і выставы, і музычны фэст «Купальскае кола». У Польшчы вельмі шмат беларусаў, якія з’ехалі: і мастакоў, і музыкаў, і татуіроўшчыкаў. Гэта трэба прасоўваць у Польшчы, ва Украіне, рабіць у новым канцэпце».

Архіўнае фота. Журы «Tattoo Fest» разглядае татуяванне. Менск, Беларусь. 2016 год.
Фота: Белсат

Таболіч не забараняе і не можа забараніць праводзіць тату-фэсты ў Беларусі

Права Таболіча на таварны знак «Tattoo Fest» не забараняе ладзіць у Беларусі іншыя фестывалі татуявання. Па-першае, аўтарскае права Беларусі не бароніць ідэі і канцэпцыі, а па-другое, аб выкарыстанні таварнага знаку можна пры жаданні дамовіцца з ягоным уладальнікам.

Здымак мае ілюстрацыйныы характар. «Tattoo Convention», які ладзілі іншыя арганізатары, не звязаныя з «Tattoo Fest». Менск, Беларусь. 20 лістапада 2016 года.
Фота: Белсат

Напрыклад, беларускае заканадаўства не дазволіць любому ахвочаму ладзіць рок-фестываль «Рок за Баброў», бо такі таварны знак ужо зарэгістраваны. Але ладзіць іншы рок-фестываль падобнай канцэпцыі не забаронена, як не забаронена і дамовіцца з уладальнікам таварнага знаку «Рок за Баброў» і правесці для яго фэст пад гэтай назвай. Можна паспрабаваць нават без дамоўленасці з уладальнікам таварнага знаку ладзіць фэст пад падобнай назвай кшталту «Бабры за рок-н-рол» – але калі арганізатары «Року за Баброў» пачнуць спрачацца, то могуць запатрабаваць экспертызу, якая праверыць, ці назвы не «тоесныя або падобныя да ступені змешвання».

Калі тоесныя, то суд можа забараніць выкарыстоўваць такую назву, а то і прысудзіць кампенсацыю для ўладальніка таварнага знаку. Напрыклад, у 2021 годзе Вярхоўны суд пастанавіў, што выкарыстоўваць у даменных імёнах і назвах акаўнтаў у сацсетках пазнаку «autozakaz» нельга без згоды ўладальніка зарэгістраванага знаку «AUTO-ZAKAZ».

Але што тоеснае, а што не, у кожным выпадку разглядаюць асобна. Напрыклад, у 2021 годзе Вярхоўны суд вырашыў, што гарэлка «Земляк», якую прадаюць у бутэльках з этыкеткамі, падобнымі да гарэлкі «Сваяк», не парушае законаў, бо бутэлькі «робяць рознае візуальнае ўражанне і не асацыююцца адна з адной агулам» (бутэльку гарэлкі «Земляк» з экспертызы вярнулі вытворцу, а ці была ў экспертаў бутэлька «Сваяка», не ўдакладняецца).

З намі была падобная сітуацыя

У 2014 годзе Вярхоўны суд забараніў «Белсату» выкарыстоўваць у Беларусі гэтую назву і лагатып тэлеканалу, бо ў Беларусі дзейнічала кампанія «БелсатПЛЮС», якая прадавала абсталяванне для спадарожнікавай тэлевізіі. Гэтая кампанія пад іншай назвай перайшла да ўладальніка толькі праз месяц пасля анонсу запуску тэлеканалу «Белсат» у 2006 годзе і змяніла назву на «БелсатПЛЮС» пазней. Але таварны знак «Belsat» зарэгістравала ў Беларусі яшчэ ў 2003 годзе, ды для відаў дзейнасці, якія не перасякаліся з дзейнасцю тэлеканалу «Белсат», таварны знак якой зарэгістраваны ў Польшчы, адкуль «Белсат» вядзе тэлевяшчанне.

Спачатку Вярхоўны суд адмовіў у задавальненні позвы «БЕЛСАТплюс», але на паўторным слуханні ўстаў на бок кампаніі. Менавіта справа наконт таварнага знаку «Belsat» зрабілася фармальнай падставаю для ператрусаў і арыштаў журналістаў у 2017-18 гадах. Рэгістрацыя таварнага знаку «БЕЛСАТплюс» у Беларусі скончылася ў студзені 2021 года.

АА belsat.eu

Стужка навінаў