У Горадні лекара-неўролага асудзілі да 4 гадоў калоніі


Лекар-неўролаг, палітзняволены Аляксандр Цялега.
Фота: Вясна

Палітзняволены Аляксандр Цялега на судзе заявіў, што яго збівалі, паведамляе «Вясна».

Суд Ленінскага раёну Горадні прызнаў палітзняволенага неўролага Аляксандра Цялегу вінаватым у «Абразе суддзі» (арт. 391 КК), «Абразе прадстаўніка ўлады» (арт. 369 КК) і «Пагрозе ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі (арт. 364 КК).

Паводле следства, спадар пакінуў 32 каментары ў дачыненні да чыноўнікаў і сілавікоў, у тым ліку супрацоўнікаў АМАПу, ГУБАЗіКу, суддзі і генпракурора.

На працэсе стала вядома, што адзін з пацярпелых па справе збіваў Цялегу пры затрыманні:

«Па нейкай выпадковасці адзін з пацярпелых кіраваў фізічнай бокам пытання майго затрымання. Не саромеючыся таго, што ў кватэры знаходзіліся мае бацькі, збіваў мяне ў той час, калі я знаходзіўся лежачы на падлозе і мае рукі былі ў кайданках…»

На працэсе ён прызнаў віну па артыкулах 369 і 391 Крымінальнага кодэксу. Па артыкуле 364 КК віну цвёрда адмаўляе. Аляксандр казаў, што дапамагаў валанцёрам на Акрэсціна, яго перапаўнялі эмоцыі і ён так шмат каментаваў. Раней ён працаваў ваенным лекарам. Аляксандр выказаў меркаванне, што калі сілавікі такія «далікатныя», то іх нельга браць на службу.

У выніку, суддзя Ганна Леўсік прызнала палітвязня вінаватым і асудзіла да 4 гадоў калоніі агульнага рэжыму. Менавіта такое пакаранне запрашваў у суда пракурор Ефімовіч.

Аляксандр Цялега – лекар-неўролаг з Барысава. Доктар працуе ў расейскім Нарыльску, а на радзіму прыехаў у красавіку ў адпачынак. Ён быў затрыманы 3 траўня ў Барысаве за абразу прадстаўнікоў праваахаоўных органаў. У дадзены момант Цялега ўтрымліваецца ў СІЗА гарадзенскай турмы №1.

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў