Дзіцяці без бацькоў цяжка. Чым жыве і пра што марыць няпоўнагадовы палітвязень Максім Шатохін


Сярод беларускіх палітычных вязняў пэўную частку па-ранейшаму складаюць непаўналетнія. Адзін з іх – 17-гадовы Максім Шатохін з Берасця, якога асудзілі на 3 гады пазбаўлення волі за ўдзел у пратэстах-2020.

Максім апошнія 2 гады вучыўся ў будаўнічым ліцэі. Сваякі апісваюць яго як вясёлага, добрага і спагадлівага хлопца, душу кампаніі, добрага сына і брата. Заўсёды дапамагаў з малодшым, у канфлікты не лез, захапляўся тайскім боксам і катаннем на каньках.

Максім Шатохін. Фота з прыватнага архіву ад сваякоў

Першае затрыманне

10 жніўня 2020 года Максім Шатохін, якому тады было яшчэ толькі 16, з сябрамі паехаў пакатацца на набярэжную на самакатах. Сваякі гэтаму не адгаварылі, бо праз адключаны ўладамі інтэрнэт нічога не ведалі аб пратэстах. Убачыўшы натоўп на праспекце Машэрава, падлетак пастанавіў да яго далучыцца. Сваё рашэнне ён пазней тлумачыў звычайнаю цікавасцю.

Калі Максім вяртаўся дадому, яго, як і шмат якіх іншых хлопцаў, затрымалі. Прывезлі ў Ленінскі РАУС, ужылі фізічную сілу. Пасля да адказнасці за гэта нікога не прыцягнулі.

«У справядлівым судзе іх бы не асудзілі»

А вось да Максіма пытанні ў сілавікоў паўсталі. Яго абвінавацілі паводле ч. 2 арт. 293.2 КК («Удзел у масавых закалотах, якое выявілася ў гвалце над асобай, пагромах, падпалах, знішчэнні маёмасці або ўзброеным супраціве прадстаўнікам улады»). Суд пачаўся 28 траўня 2021 года.

Разам з Максімам судзілі яшчэ дзевяцярых чалавек: Антона Сотнікава, Рамана Гваздзёлку, Юрыя Кузьміча, Вадзіма Жылінскага, Дзяніса Жука, Мікіту Ганчарова, Дзмітрыя Тура і Дзмітрыя Князева. Гэта была трэцяя партыя асуджаных за пратэсты ў Берасці.

Hавiны
Чарговых 13 берасцейцаў судзяць за жнівеньскі пратэст. 22 чалавек за гэта ўжо асуджаныя
2021.05.28 17:05

І хоць Максім быў толькі насупраць 15-й школы на праспекце Машэрава, абвінавачанне выставілі за пратэсты і на іншых адрасах: на вуліцах Нафтавай, Савецкай і бульвары Касманаўтаў.

На судзе Максім часткова прызнаў сваю віну. Сказаў, што кінуў у натоўп сілавікоў камень, які нават не даляцеў і тым больш нікога не пакалечыў. Свой учынак хлопец пасля патлумачыў падлеткавымі эмоцыямі.

Максім Шатохін. Фота з прыватнага архіву ад сваякоў

Пацярпелымі абвесцілі ўсіх міліцыянтаў, якія бралі ўдзел у падзеях 9 і 10 жніўня. Але віны нікога з усёй партыі падазраваных не даказалі, як і таго, што яны што-небудзь ламалі, разбіралі крамы або асфальт.

«Адвакаты так добра папрацавалі, што ў справядлівым судзе іх бы не асудзілі паводле гэтага артыкулу», – кажуць родныя Максіма.

Яшчэ да судовых спрэчак сваякі затрыманых сплацілі ўсю шкоду, кампенсацыі якой патрабавала УУС. Яны лічылі, што гэта можа неяк змякчыць прысуд.

Але суддзя Святаслаў Каліна палічыў хлопцаў цалкам вінаватымі і 12 жніўня прысудзіў іх на тэрміны ад трох да чатырох з паловай гадоў пазбаўлення волі.

Hавiны
У Берасці асудзілі чарговую групу людзей за «масавыя беспарадкі»
2021.08.12 18:25

Максім падаваў апеляцыю, у якой заяўляў, што цалкам усвядоміў сваю віну, і абавязаўся больш не здзяйсняць такіх учынкаў. Але гэта таксама не змякчыла прысуду. Няма і адказу ад «круглага стала дэмакратычных сілаў» Юрыя Васкрасенскага, куды маці падлетка і ён сам пасылалі лісты з просьбаю пра памілаванне.

«Нават у такім месцы можна заставацца добрым чалавекам»

Максіма ўзялі пад варту 19 ліпеня 2021 года. Яшчэ падчас суда. Першыя тры месяцы яго ўтрымлівалі ў берасцейскім СІЗА, дзе Максім перачытаў вялікую колькасць кніг і атрымаў больш за 100 лістоў.

Праўда, у тым жа СІЗА на яго ды іншых затрыманых павесілі біркі пра нібыта схільнасць да экстрэмізму і захопу закладнікаў, агрэсіўных паводзінаў.

«За што, ён да гэтага часу не можа зразумець», – адзначаюць сваякі.

Затым з Берасця Максіма перавялі ў выхаваўчую калонію № 2, дзе, акрамя яго, застаюцца яшчэ з дзесяць няпоўнагадовых палітычных вязняў.

Паводле сваякоў, у калоніі хлопец пачуваецца някепска. Ён не схуднеў, канфліктаў і нараканняў няма. Толькі вольнага часу менш, як было ў СІЗА.

Максім Шатохін. Фота з прыватнага архіву ад сваякоў

«Ад калоніі чакала горшага. Умовы досыць добрыя. Адміністрацыя калоніі лаяльна ставіцца. Калі дзіця выхаванае, у яго нармальны характар, то і стаўленне да яго добрае. Максім перастаў ленавацца, стаў больш абыходлівым. Была прыемна здзіўленая, што нават у такім месцы можна заставацца добрым чалавекам. Здаецца, што ён пасталеў. Дрэнных замашак у паводзінах не ўбачыла», – расказвае маці Максіма, спадарыня Кацярына.

Планы на будучыню

Але нават у такіх умовах дзіцяці без бацькоў цяжка, Максім вельмі хоча дадому. Калі цуду не адбудзецца, разумее, што давядзецца дасядзець увесь тэрмін. Верыць, што найлепшыя гады яшчэ наперадзе. Хоць усё роўна тры гады траціць вельмі крыўдна і шкада.

На волі Максіма працягваюць падтрымліваць сябры. Дапамагаюць з перадачамі ў калонію.

Сам падлетак плануе пасля вызвалення давучыцца апошні год у ліцэі і паступіць у ВНУ, у яго вялікія планы.

У цэлым жа настрой у 17-гадовага палітвязня бадзёры, пагатоў «самая цёмная ноч – перад світаннем». 23 красавіка яму споўніцца 18 гадоў.

Падтрымаць Максіма можна, даслаўшы лісты і паштоўкі на адрас:

Выхаваўчая калонія № 2, вул. Генерала Батава, 4, 213807, г. Бабруйск. Шатохіну Максіму Васілевічу.

МГ/ІР belsat.eu

Стужка навінаў